Афіцэры кажуць, што яны ідэнтыфікавалі людзей праз паведамленьні ў сацыяльных сетках і групе WhatsApp, а таксама на месцы здарэньня ў сталіцы Харарэ.
Удзельнікаў дэманстрацый было мала, бо грамадзяне вырашылі трымацца далей, а не выходзіць на вуліцы сярод моцнай прысутнасьці службаў бясьпекі, адзначае ВВС.
Да пратэстаў заклікаў вэтэран кіроўнай партыі Zanu-PF Блэзд Геза. Ён выступіў супраць дзеяньняў фракцыі партыі, якая імкнецца захаваць уладу для Эмэрсана Мнангагвы пасьля заканчэньня яго другога тэрміну ў 2028 годзе.
Геза, які хоча, каб віцэ-прэзыдэнт Канстанцін Чывэнга замяніў Мнангагву, раней заклікаў зымбабвійцаў «запоўніць вуліцы», каб прымусіць прэзыдэнта пайсьці ў адстаўку.
Паліцыю ў Зымбабвэ часта абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту для разгону пратэстаў. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца мноства відэа з вуліц Харарэ. На адным бачна, як паліцыя выкарыстоўвае сьлезацечны газ, каб разагнаць натоўп, які сабраўся на плошчы прэзыдэнта Робэрта Мугабэ ў сталіцы. Мугабэ быў папярэднікам Мнангагвы і кіраваў краінай амаль 30 гадоў, пакуль у выніку перавароту, арганізаванага Мнангагвам, не апынуўся пад хатнім арыштам.
Віцэ-прэзыдэнт Чывэнга публічна не камэнтаваў заклікі замяніць Мнангагву, а ўрадавыя чыноўнікі адмаўляюць, што паміж палітыкамі ёсьць раскол.
Рэагуючы на малую прысутнасьць пратэстоўцаў на вуліцах, Фарай Мурапіра з кіроўнай партыі Zanu-PF заявіў, што сацыяльныя сеткі не адлюстроўваюць рэчаіснасьці. У розных гарадах і мястэчках большасьць прадпрыемстваў былі зачыненыя, а на вуліцах не было звычайнай мітусьні вулічных гандляроў і задушлівага руху. Школы былі зачыненыя, а грамадзкага транспарту было мала, бо напалоханыя жыхары вырашылі трымацца далей ад патэнцыйнага хаосу.
Пратэсты і палітычныя заявы справакаваў плян прэзыдэнта падоўжыць свой апошні тэрмін на два гады да 2030 году. Другі тэрмін Мнангагвы заканчваецца праз тры гады. Лёзунг «2030 ён усё яшчэ будзе лідэрам» падзяляюць ягоныя прыхільнікі, хоць канстытуцыя Зымбабвэ абмяжоўвае прэзыдэнцкі тэрмін двума пяцігадовымі тэрмінамі.
Нягледзячы на нядаўняе запэўніваньне прэзыдэнта ў тым, што ён сапраўды мае намер пайсьці ў адстаўку праз тры гады, многіх гэта не пераканала. Гэта выклікала гнеў Гезы, вэтэрана вызваленчай вайны 1970-х гадоў і былога высокапастаўленага члена Zanu-PF, які ўзначаліў атаку на Мнангагву. У час сэрыі прэс-канфэрэнцый, часта насычаных лаянкай, ён неаднаразова заклікаў 82-гадовага прэзыдэнта сысьці, інакш яго чакае адхіленьне ад улады.
Эмэрсан Мнангагва вядомы сяброўствам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Яны неаднаразова сустракаліся. Лукашэнка незаконна застаецца ва ўладзе ад 1994 году, ён разагнаў Вярхоўны Савет і стварыў ляяльны сабе парлямэнт, павялічыў свой першы прэзыдэнцкі тэрмін, а затым правёў канстытуцыйную рэформу, якая дазволіла яму балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Пры гэтым пачынаючы зь сярэдзіны 1990-х гадоў ніводныя выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю праз сотні фальсыфікацый, запалохваньне выбарцаў і палітычныя працэсы супраць апанэнтаў Лукашэнкі.
Форум