Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спроба прыхаваць рэпрэсіі», — праваабаронца Судаленка пра зьмены на сайце Вярхоўнага суду


Будынак Вярхоўнага суду ў Менску. Архіўнае фота
Будынак Вярхоўнага суду ў Менску. Архіўнае фота

«Сайт часова недасяжны, вядуцца рэглямэнтныя працы». Такую аб’яву з 5 сакавіка можна ўбачыць на сайце Вярхоўнага суду Беларусі, калі паспрабаваць адкрыць разьдзел «Расклад паседжаньняў».

У гэтым разьдзеле сайту Вярхоўнага суду Беларусі больш за 5 гадоў разьмяшчалі расклады судовых працэсаў ва ўсіх судах Беларусі, паведамлялі прозьвішчы падсудных, інкрымінаваныя ім артыкулы, прозьвішчы судзьдзяў.

Таксама з сайту зьнік разьдзел «спэцыяльнае вядзеньне», у якім публікавалі ня толькі папярэднюю інфармацыю пра завочныя суды над тымі, хто не жыве ў Беларусі, але і выніковыя часткі прысудаў.

Наколькі важнай была гэтая інфармацыя для грамадзтва, спыталі праваабаронцу.

Праваабаронца зь «Вясны» Леанід Судаленка сказаў Свабодзе, што ня верыць у абвешчаную Вярхоўным судом прычыну — «рэглямэнтныя працы», і ня толькі таму, што прайшло дастаткова часу, каб аднавіць працу сайту ў поўным аб’еме.

«Амаль месяц мінуў, калі б хацелі, дык даўно б завяршылі тыя „рэглямэнтныя працы“, але гэтага не адбылося. Таму, думаю, рэч у іншым: улады вырашылі максымальна хаваць інфармацыю пра тое, што ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, бо яна перашкаджае выпраўляць імідж краіны», — мяркуе Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

Праваабаронца патлумачыў, чым была важная гэтая інфармацыя з сайту Вярхоўнага суду.

«Для нас гэта была не адзіная, але вельмі важная крыніца інфармацыі пра суды, а фактычна пра рэпрэсіі, якія не спыняліся з 2020 году і працягваюцца цяпер, пасьля апошніх выбараў і нават пасьля інаўгурацыі. Пра затрыманьні, абвінавачаньні і перасьлед бывала вядома ад сваякоў, ад знаёмых, сяброў рэпрэсаваных людзей. Але пераправерыць гэтыя зьвесткі, а часам і ўпершыню даведацца пра факты такога ціску магчыма было пераважна праз сайт з раскладам судовых працэсаў. Цяпер гэта немагчыма. Таму я і лічу, што гэта невыпадкова», — сказаў Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка кажа, што блякаваньне агульнай інфармацыі пра дзейнасьць судовай сыстэмы — гэта і парушэньне канстытуцыйнай нормы, якая гарантуе атрыманьне інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў.

«Парушаецца права грамадзяніна атрымліваць зьвесткі пра дзейнасьць судовай галіны ўлады — вось што гэта такое з гледзішча цывільнага права. Вядома, нам могуць сказаць, што ёсьць іншыя шляхі інфармаваньня пра судовыя працэсы. Тыя ж позвы, sms, нарэшце, скажуць, што расклады надалей вывешваюць у будынках судоў. Але гэта ўжо не забясьпечвае роўнага доступу да такой інфармацыі. Ды і ў часы інтэрнэту арыентавацца на дошкі аб’яваў — гэта шлях у даўно мінулыя часы. Дзяржава знайшла магчымасьць накіраваць у космас беларуску, але ня можа забясьпечыць сучасную камунікацыю грамадзян з судамі? Гэта нонсэнс», — зазначыў праваабаронца.

Леанід Судаленка зьвярнуў увагу і на тое, што з сайту Вярхоўнага суду зусім зьнік разьдзел «спэцыяльнае вядзеньне» (рас. «спецпроизводство»), у якім разьмяшчалі інфармацыю пра завочныя суды над палітычнымі ўцекачамі.

«Вось узяць мяне, на якога завочную крымінальную справу завялі ўжо другім разам. Даведацца пра гэта ўдалося толькі празь візыт сьледчых да цешчы, гэта было ў Беларусі, а мне нічога пра справу дагэтуль не паведамілі. І не паведамяць. Наколькі магу меркаваць з папярэдняй справы — нават пра тое, у чым мяне вінавацяць. А цяпер я не даведаюся і пра дзень суду, і вырак будзе мне невядомым. І гэтак адбываецца з усімі, хто праходзіць праз працэдуру завочных судоў. Зьвяртацца з запытам у суды бессэнсоўна, бо адтуль адказваюць, каб людзі па інфармацыю прыяжджалі ў Беларусь, але ім там пагражае арышт. Безвыходная сытуацыя, але і яе стварылі наўмысна. Каб адпомсьціць пратэстоўцам, а па-другое, каб схаваць гэтыя рэпрэсіі ад сьвету», — абураецца Леанід Судаленка.

У лістападзе 2021 году актывіста «Гомельскай Вясны» Леаніда Судаленку асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе.

Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіяў супраць яго не спынілі. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG