Прэмію для беларускіх навукоўцаў «Бізон Гіґс» заснавала супольнасьць аматарскага малатыражнага выданьня Pamyłka («Памылка»), якое выдаецца ў Варшаве невялікай калябарацыяй энтузіястаў.
На прэмію вылучылі намінантаў у шасьці розных галінах навукі: лічбавыя камунікацыйныя тэхналёгіі, матэматыка, мэдыцына, квантавая хімія, штучны інтэлект, арніталёгія, расказвае каардынатар прэміі Міхаіл Воўчак.
«Бізон Гіґс» — сапраўды першая народная навуковая прэмія. Усё рабілася менавіта супольнасьцю:спачатку людзі сабралі грошы для прэміі, потым самі вылучылі намінантаў, а потым выбіралі пераможцаў. Людзі слалі свае зычэньні, і ўсе гэтыя пажаданьні мы хочам перадаць непасрэдна навукоўцам. Усяго прагаласавалі 80 чалавек«, — кажа Міхаіл Воўчак.
Першае месца — Максім Домніч (анкалёгія, мэдыцына)
Разуменьне таго, як рак уплывае на перапраграмаваньне нэўтрафілаў і зьмяненьне іх функцыяў — ключавы кірунак дасьледаваньняў Максіма Домніча для распрацоўваньня новых тэрапэўтычных стратэгій. Ён вывучае, як пухліна стварае мікраасяродак, што зьмяняе паводзіны нэўтрафілаў і ператварае іх у пухлінна-асацыяваныя нэўтрафілы (TANs), якія спрыяюць ангіягенэзу, прыгнятаюць імунны адказ і стымулююць інвазію пухлінных клетак. Ягоная праца можа прывесьці да стварэньня новых мэтадаў лячэньня, накіраваных на карэкцыю функцый нэўтрафілаў і паляпшэньне прагнозаў для пацыентаў з анкалягічнымі захворваньнямі.
Максім Домніч нарадзіўся ў Століне. У 2011 годзе скончыў біялягічны факультэт БДУ. З 2008-га па 2010 год працаваў у РНПЦ трансфузыялёгіі і мэдычных біятэхналёгій, з 2012-га па 2016 год — у РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.
Цяпер Домніч працуе ва Ўнівэрсытэцкім шпіталі Эсэна (University Hospital Essen) у Нямеччыне.
Другое месца — Зьміцер Фірага (фармацэўтыка і квантавая хімія)
Навуковец вывучае, як арганізоўваліся складаныя малекулы, яго тэма зьвязаная са структурай бялка. Фірага распрацоўвае мэтад, які дазваляе шляхам разьлікаў на кампутары зь вялікаю дакладнасьцю прадказаць структуру малекулярных крышталёў. Складанасьць задачы можна параўнаць з складанасьцю прадказаньня трацічнай структуры бялка, а гэта Нобэлеўская прэмія ў галіне хіміі гэтага году.
Зьміцер Фірага ў 2011 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ. Выкладаў хімію у Менскім абласным ліцэі, працаваў у Інстытуце фізыка-хімічных праблем БДУ. Стажаваўся ў Ахэне, Ляйпцыгу, Боне.
Цяпер беларускі навуковец працуе ў Бонскім унівэрсытэце. Друкаваўся ва ўплывовым навуковым часопісе Nature.
Трэцяе месца — Юлія Сандамірская (робататэхніка і машыннае навучаньне)
Прафэсарка Юлія Сандамірская займаецца нэўраморфнымі вылічэньнямі і тэхналёгіямі для робататэхнікі, штучнага інтэлекту, якія грунтуюцца на нэўраморфнай тэхналёгіі. Нэўраморфная тэхналёгія — падыход да вылічэньняў, натхнёны работай мозгу, які імітуе, як нэўроны і сынапсы апрацоўваюць інфармацыю. Навуковая група Сандамірскай стварае, напрыклад, новыя тэхналёгіі ў сыстэме аховы здароўя і догляду асобаў старога веку і г.д.
Юлія Сандамірская нарадзілася ў сям’і фізыкаў. На 4-м курсе фізычнага факультэту БДУ выйграла стыпэндыю і трапіла па абмене ў Нямеччыну. Прадоўжыла навучаньне ў асьпірантуры Ўнівэрсытэту гораду Бохума на катэдры нэўраінфарматыкі.
Апошнія 10 гадоў прафэсарка Юлія Сандамірская працуе ў Швайцарыі. Узначальвае навуковы цэнтар «Кагнітыўныя вылічэньні» пры Цюрыскім унівэрсытэце прыкладных навук.
Больш інфармацыі пра ўдзельнікаў і пераможцаў першай народнай навуковай прэміі можна знайсьці на старонцы намінантаў.
«Вядома, хацелася б, каб уручэньне прэміі „Бізон Гіґс“ адбылося ў Беларусі»
Розьніца паміж першым і трэцім месцам невялікая, усяго 6 галасоў: за Максіма Домніча прагаласавалі 32 чалавекі, за Юлію Сандамірскую — 26. Кожны ўдзельнік галасаваньня мог галасаваць за траіх навукоўцаў, тлумачыць каардынатар прэміі Міхаіл Воўчак.
«Зразумела, 80, якія прагаласавалі — пакуль невялікая колькасьць людзей. Але мы бачым, што ёсьць зацікаўленая супольнасьць якая хацела б, каб гэта разьвівалася. Людзі ўмеюць падтрымліваць. Дзякуюць ужо нам, арганізатарам прэміі, гэта вельмі прыемна і натхняе нас.
Мы хочам, каб навукоўцы атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды ў тых краінах, дзе яны працуюць, бо мы ў Польшчы і наўрад ці яны зь Нямеччыны і Швайцарыі прыедуць. Таму гэта могуць зрабіць людзі з дыяспары, гэта можа быць цікавым крокам, каб пазнаёміцца з выдатнымі беларускімі навукоўцамі. Вядома, хацелася б, каб гэта адбылося ў Беларусі», — кажа каардынатар прэміі «Бізон Гіґс» Міхаіл Воўчак.
Форум