Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як львоўскі таксіст дапамог беларусу паступіць у Гарвард. Гісторыя Паўла Сьлюнькіна


Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін

Палітычны аналітык Павал Сьлюнькін расказаў Свабодзе, колькі часу рыхтаваўся да паступленьня ў Гарвард, чаму любіць размаўляць з рэспубліканцамі і ці стане БДУ «беларускім Гарвардам».

Паміж Оксфардам і Гарвардам

Палітычны аналітык Павал Сьлюнькін — адзін зь нямногіх беларусаў, які зараз вучыцца ў Гарвардзе. Летась ён паступіў у магістратуру Школы імя Джона Кенэдзі Гарвардзкага ўнівэрсытэту на кірунак Public Administration. У сьнежні здаў сэсію за першы сэмэстар. Кажа, на «выдатна».

Сьлюнькін паходзіць зь Берасьця, яму 36 гадоў. Скончыў факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 2011 годзе. Працаваў ва ўпраўленьні Эўропы Міністэрства замежных справаў Беларусі. Удзельнічаў у арганізацыі менскіх перамоваў аб Украіне ў 2014 і 2015 гадах. Працаваў палітычным аналітыкам у пасольстве Беларусі ў Літве. Вучыўся на кароткачасовай дыпляматычнай праграме ў Нідэрляндах.

На занятках
На занятках

У верасьні 2020 году звольніўся з МЗС праз грамадзкую пазыцыю. Выехаў зь Беларусі, а потым і з Украіны — у Польшчу. У апошні час працаваў аналітыкам Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах (ECFR), займаўся дасьледаваньнямі, зьвязанымі зь Беларусьсю.

Пра магістратуру Павал задумваўся яшчэ пасьля бакаляўрыяту БДУ. Але тады вырашыў, што час ісьці на працу. Аднак, кажа, у апошнія гады стаў сутыкацца з пытаньнямі без адказу.

«Я пачаў разумець, што перамены, якія адбываюцца ў сьвеце, настолькі глябальныя і часам вельмі нечаканыя... Усё часьцей я стаў разумець, што мне складана прагназаваць, што будзе далей адбывацца», — прызнаецца ён.

Каб знайсьці адказы на свае пытаньні, Павал стаў больш чытаць кнігі. Урэшце вырашыў пайсьці ў магістратуру. Хацеў спэцыялізацыю больш шырокую, чым міжнародныя адносіны. Спыніўся на Public Administration — гэты кірунак мае паляпшаць працу грамадзкіх арганізацый.

Выбіраў паміж найлепшымі ВНУ сьвету. Кажа, што Оксфард таксама яго запрашаў на вучобу са стыпэндыяй. Аднак ён выбраў Гарвард. Прызнаецца, што такі выбар і прыемны, і няёмкі, бо трэба адмаўляць усім астатнім. Адным з важных фактараў былі людзі, зь якімі можна разам вучыцца.

«Выпускнікамі маёй праграмы былі больш за 20 дзейных ці былых прэзыдэнтаў, прэм’ераў па ўсім сьвеце, былы генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, нобэлеўскія ляўрэаты», — кажа суразмоўца.

Бібліятэка Гарварда
Бібліятэка Гарварда

Ён адзначае, што арыентаваўся не на прэстыжны «лэйбл», а на якасьць адукацыі. Расказвае, што яшчэ зь пяці гадоў пачаў вучыць ангельскую мову. Потым вучыўся ў школе з «ангельскім ухілам». Думае, што рана зразумеў: адукацыя — гэта ня толькі пра дыплём.

Унівэрсытэт Гарварду месьціцца ў штаце Масачусэтс. Гэта найстарэйшы ўнівэрсытэт ЗША, дзейнічае ўжо амаль 400 гадоў. Яго лічаць адным з найлепшых унівэрсытэтаў сьвету. Сярод выпускнікоў Гарварду шмат мільярдэраў. З вучэльняй былі зьвязаныя 75 нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Эсэ пра львоўскага таксіста

Павал расказаў, што рыхтаваўся да паступленьня 5-6 месяцаў. Экзамэн у ангельскай мове TOEFL здаў на 114 балаў са 120 магчымых, то бок на 95%. Таксама трэба было напісаць некалькі эсэ.

«Гэта заняло даволі шмат часу. Здаецца, пытаньні, якія яны задаюць, даволі лёгкія. Але калі ты пойдзеш шляхам простага адказу, табе вельмі складана будзе паказаць, што менавіта ты варты гэтага месца. На адно месца яны атрымліваюць тысячы эсэ. А пытаньне аднолькавае для ўсіх... Ня важна, якую ты тактыку прымаеш, важна, каб яна давала людзям па той бок зразумець, што за асоба гэта піша», — мяркуе Павал.

На тэрыторыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту
На тэрыторыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту

У адным з эсэ трэба было расказаць, як аўтар памыляўся ў нечым, а потым усьвядоміў, што ня меў рацыі. Павал у адказ прыгадаў гісторыю, якая здарылася зь ім у Львове ўвесну 2021 году. Тады Пуцін у першы раз падвёў войскі да мяжы з Украінай. У сьвеце ўжо шмат гаварылі пра магчымасьць поўнамаштабнага ўварваньня.

«Тады ўпершыню зьявіліся ацэнкі, што Ўкраіна больш за тры дні не пратрымаецца», — успамінае Павал.

У гэты пэрыяд ён разгаварыўся зь львоўскім таксістам.

«Ён мне кажа: „У Расеі нічога не атрымаецца, калі яна нападзе. Украіна зможа выстаяць“. Я слухаў, слухаў, і потым кажу: „Вось ацэньваюць і генэрал Мілі ў ЗША, і замежныя выведкі, што расейцы гэта змогуць зрабіць вельмі хутка“. А ён мне кажа: „Ведаеце, я быў на фронце. Я дакладна ведаю, што Ўкраіна зможа ўтрымацца. І што расейская армія не такая моцная, як спрабуе сябе паказаць“», — пераказаў гутарку Павал.

Ён дадаў, што тады паставіўся да словаў кіроўцы скептычна.

«На гэтым мы зь ім разышліся, кожны пры сваіх меркаваньнях. І потым здарыўся 2022 год. Расея ўварвалася. І ўсе гэтыя генэралы, выведкі сьвету, і ў тым ліку я — мы ня мелі рацыі. А таксіст львоўскі меў. Я пра яго час ад часу ўспамінаю, бо мне цікава, як у яго жыцьцё склалася. І я, здаецца, напісаў у канцы: «Шкада, што я не папрасіў ягонага нумару, бо зараз я б у яго таксама пашукаў адказы на некаторыя пытаньні», — кажа Павал.

Чаму сярод тысяч прэтэндэнтаў выбралі яго, беларус ня ведае. Паводле яго, у ягонай групе вельмі розныя людзі, складана знайсьці ў іх агульны патэрн.

Стыпэндыя аплачвае вучобу, але не жытло

У Гарвардзе Сьлюнькіну плацяць поўную стыпэндыю — каля 80 тысяч даляраў на год. Уся сума ідзе на аплату навучаньня. Штодзённы побыт студэнт забясьпечвае сабе сам. Павал здымае кватэру паблізу ўнівэрсытэту. У гэты год ён не працуе.

«Гэта крок, які зьмяняе тваё жыцьцё... Але ў апошнія гады майго жыцьця шмат было такіх пераменаў, даволі глябальных, таму, здаецца, яны ўжо сталі часткай нормы», — кажа ён пра сваё паступленьне.

Павал Сьлюнькін зь сям’ёй
Павал Сьлюнькін зь сям’ёй

Сьлюнькін адзначае, што сям’я падтрымала яго ў вучобе. Калі б яна была супраць, то ён бы адмовіўся.

«Для мяне сям’я на першым месцы стаіць і стаяла... Вынік, які ёсьць, — гэта ня нешта маё індывідуальнае, а тое, чаго мы дасягаем разам з маёй жонкай і з маёй дачкой», — кажа Павал.

Ён зазначае, што першага яркага ўражаньня ад Гарварду не было — давялося вырашаць побытавыя справы, зьвязаныя з жытлом, пропускамі ў вучэльню.

«Цікава было пабачыць у жыцьці месцы, якія ты бачыў у галівудзкіх фільмах у дзяцінстве. Я пра Гарвард ведаў яшчэ, калі, можа, у першыя клясы школы хадзіў. Там можна пра кожны з гэтых будынкаў расказаць гісторыю. Тут жыла і вучылася Мішэль Абама, тут Барак, тут гэты прэзыдэнт, тут нобэлеўскі ляўрэат, тут чалавек, які адкрыў тое. І гэта ўсё — на даволі маленькім участку зямлі», — кажа студэнт.

Сымуляцыя дня ў шпіталі

Большасьць часу, расказвае Павал, ён прысьвячае вучобе. Устае а шостай раніцы. Ва ўнівэрсытэт ідзе пешкі 20-25 хвілін. Вучыцца з 9:00 да 18:00-19:00 гадзін. Дома ўвечары рыхтуецца да заняткаў.

Курс, які спадабаўся Паўлу, бадай, найбольш, — пра этыку ў прыняцьці рашэньняў празь дзяржаўныя і грамадзкія арганізацыі. Курс падымае фундамэнтальныя пытаньні, пра што мусяць думаць людзі, у якіх ёсьць улада, прымаць рашэньні.

Падчас гэтага курсу была сымуляцыя дня ў шпіталі, расказвае суразмоўца. Паводле сцэнару, прывезьлі пяць ахвяраў тэракту. Донарскай крыві на ўсіх не хапае. Трэба выбраць, ці часова падтрымліваць жыцьцё ва ўсіх і працягваць шукаць кроў (пры гэтым вялікая рызыка, што ўсе памруць), ці ратаваць кагосьці аднаго.

«Сытуацыі вельмі жыцьцёвыя. Тое, што можа здарыцца з кожным. І табе трэба выбіраць. Як падчас ковіду дактары павінныя былі вырашаць, каму даваць кіслародную маску. Вось кшталту такіх сытуацый, у якіх няма правільнага адказу», — расказвае Павал.

Павал Сьлюнькін у Гарвардзе
Павал Сьлюнькін у Гарвардзе

Студэнты ў групах абмяркоўвалі гісторыі, якія калісьці здарыліся ў рэальнасьці. Потым яны маглі даведацца, як склаўся лёс гэтых людзей. Некаторыя выходзілі зь імі на сувязь.

Іншая гісторыя была пра мужчыну, які ў 25 гадоў падчас выбуху атрымаў апёкі 65% цела і прасіў дактароў не ратаваць яго. Аднак яго вылечылі. Потым ён зрабіў некалькі спробаў суіцыду. Ажаніўся. Атрымаў ступень юрыста. Выступаў зь лекцыямі, абараняў правы пацыентаў. Да канца жыцьця быў перакананы, што дактары не павінныя былі яго ратаваць. Памёр ва ўзросьце 71 году ад раку. Яго звалі Дэкс Коварт.

«Маё разважаньне было пра тое, што ў маіх руках няма ўлады над яго жыцьцём. Я не магу не ратаваць чалавека, які памірае. Ён потым сам можа вырашыць, што са сваім жыцьцём рабіць», — расказвае Павал пра свой адказ.

Прыхільнікі Трампа

Павал кажа, што ня вельмі любіць курсы дакладных навук, дзе трэба працаваць зь лічбамі.

«Калі разважаю пра курсы па палітыцы, то ў мяне досьвед значна большы, чым у шмат каго вакол. Бо для мяне гэта прафэсійная сфэра, я ў ёй працую гадамі. А на маральныя тэмы я любіў разважаць яшчэ зь дзяцінства», — расказвае ён.

Сьлюнькін адзначае, што на вучобе ён больш камунікуе не з аднадумцамі, а з тымі, з кім моцна разыходзіцца ў поглядах.

«Я спрабую слухаць рэспубліканцаў, якія падтрымліваюць Трампа. Мне цікава, што яны думаюць пра ягоныя заявы пра Панамскі канал, пра Грэнляндыю, пра Канаду. Гэта тыя людзі, якія чатыры гады будуць кіраваць самай магутнай краінай у сьвеце. Зразумець іхную аргумэнтацыю, сьветапогляд вельмі важна», — мяркуе суразмоўца.

Павал кажа, што многія прафэсары, якія выкладалі яму ў БДУ, маглі б трапіць у топ ягоных найлепшых выкладчыкаў.

«У мяне былі выдатныя прафэсары. І лекцыі іх я дагэтуль памятаю, успамінаю, як адныя з найлепшых у жыцьці», — кажа суразмоўца.

Як адно з важных адрозьненьняў БДУ і Гарварду ён называе палітычную ідэалёгію ў Беларусі.

«Дзяржава спрабуе ўплываць на ўсе адукацыйныя інстытуты. Яна навязвае праграму, курсы, тэмы, бюракратыю, тэмы, пра якія табе трэба разважаць вельмі асьцярожна. Яна абмяжоўвае патэнцыял, які ёсьць у таленавітых беларускіх студэнтаў, якія трапляюць у беларускія ВНУ, і таленавітай прафэсуры, якая магла б даць сваім студэнтам нашмат больш, каб ня гэтыя перашкоды», — расказвае выпускнік БДУ.

Ён мяркуе, што лепшыя вынікі былі б, калі б студэнты маглі вучыць тое, што важна, а ня тое, што дазволена; калі б прафэсарам давалі больш свабоды, магчымасьцяў, часу, большыя заробкі.

Рэвалюцыя штучнага інтэлекту

Адно з глябальных пытаньняў, на якія Павал шукае адказ падчас магістратуры, гэта рэвалюцыя штучнага інтэлекту.

«Гэта тэхналёгія, якая зьменіць сьвет настолькі моцна, магчыма, як калі зьявіўся інтэрнэт. Або хтосьці, можа, параўнае з індустрыяльнай рэвалюцыяй. Мне здаецца, гэта адно з адкрыцьцяў, якія вызначаць, якім будзе будучы сьвет. У залежнасьці ад таго, якія дзяржавы, народы змогуць гэтую тэхналёгію прасунуць першымі, думаю, яны атрымаюць вялізную ўладу», — разважае суразмоўца.

Амэрыканскі палітык Джон Керы на занятках у Гарвардзе
Амэрыканскі палітык Джон Керы на занятках у Гарвардзе

Другое вялікае пытаньне для яго — наколькі зьмяніўся сьвет у пляне бясьпекі сыстэмы міжнародных адносінаў, якая ўсталявалася пасьля Другой усясьветнай вайны. Сьлюнькін адзначае, што гэтая сыстэма цяпер перажывае крызіс, які правакуюць дзяржавы, не задаволеныя сваім статусам.

«Гэты крызіс узмацніўся пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Тыя дзяржавы, якія зьяўляюцца атрымальнікамі выгады з гэтай сыстэмы міжнародных адносінаў — у большасьці выпадкаў размова ідзе пра заходнія дзяржавы — былі і дагэтуль, мне здаецца, не гатовыя абараняць гэты міжнародны парадак такім чынам, каб ён утрымаўся», — кажа ён.

Суразмоўца пераказвае гарвардзкі жарт: калі вы прыйшлі сюды па адказы, то знойдзеце тут яшчэ больш пытаньняў. Ён адзначае, што ні ў кога няма адказу на пытаньне, якім будзе сьвет неўзабаве.

«Правільныя пытаньні дазваляюць табе шукаць адказы ў правільных месцах. Сама магчымасьць задаць правільнае пытаньне самому сабе накіроўвае цябе ў хвалю, на якой ты можаш працягнуць пошук адказаў», — камэнтуе студэнт.

Ён дадае, што на лекцыі ў Гарвард часта прыходзяць людзі, якія фармуюць гэтыя дзьве сфэры. Гэта людзі, які распрацоўваюць ШІ, і кіраўнікі дзяржаваў.

«Яны расказваюць, як выглядалі іхныя перамовы зь іншымі кіраўнікамі, як вырашаліся глябальныя канфлікты, якім яны бачаць далейшае разьвіцьцё сьвету, адказваюць на пытаньні пра рэгіянальную бясьпеку, сыстэму адносінаў, барацьбу за тэхналёгіі», — расказвае Сьлюнькін.

Лекцыя амэрыканскага філёзафа Майкла Сэндэла, верасень 2024
Лекцыя амэрыканскага філёзафа Майкла Сэндэла, верасень 2024

Ён падзяліўся, што былы кіраўнік Google, які цяпер займаецца разьвіцьцём AI-тэхналёгій, чытаў ім лекцыю пра канкурэнцыю з Кітаем і як у ёй перамагчы, ці лічыць ён, што калісьці штучны інтэлект зможа выйсьці з-пад кантролю чалавека, ці гэта небясьпечна.

Навучаньне Паўла ў магістратуры Гарварду доўжыцца год. Ён кажа, што ня ведае, што будзе рабіць далей.

«Я ведаю толькі, што хачу застацца ў сваёй сфэры, у тым, што люблю, чым займаюся ўсё жыцьцё, што зьяўляецца ня толькі маёй прафэсіяй, але і маім хобі. Гэта аналіз палітычных падзеяў, міжнародныя адносіны, дыпляматыя. Гэта мне дае сумяшчаць маё захапленьне з матэрыяльным. Ёсьць такі выраз: зрабі сваё хобі сваёй прафэсіяй, тады табе ня прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў жыцьці», — кажа Павал.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG