Як паведамляе Позірк, апэратар сеткі адзначыў, што гэта зьвязана з ростам у Беларусі цаны на электраэнэргію на 11,9% — да 0,2412 рубля за кіляват-гадзіну.
З пачатку наступнага месяца тарыфы складуць:
- — павольнае зараджаньне — 0,46 руб/кВт·г (+7%);
- — хуткае зараджаньне — 0,61 руб/кВт·г (+8,9%);
- — рэзэрваваньне канэктара (15 хвілін) — 2,1 руб (+5%).
Папярэдні раз тарыфы мянялі 1 красавіка 2024 году.
Сетка Malanka налічвае 1151 станцыяў: у рэгіёнах — 720, у Менску — 431. У 2024 годзе легкавых электрамабіляў пабольшала ў 3,2 раза, з 6413 да 20745, сьведчыць праведзены Позіркам аналіз зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
Паводле зьвестак прадпрыемства «Белтэхагляд», летась было выдадзена 14416 дазволаў на ўдзел электрамабіляў у дарожным руху.
22 кастрычніка 2021 году Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, увязаўшы гэтае даручэньне з запускам Беларускай АЭС. Лукашэнка тады заявіў, што «ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам», а месяцам пазьней падпісаў указ аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.
Што зь беларускім электрамабілем
27 ліпеня 2022 году першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў пасьля нарады на заводзе «БелДжы» заявіў, што ў Беларусі да 2025 году «павінны максымальна асвоіць камплектную базу ўласнага электрамабіля».
Раней прадстаўнікі НАН Беларусі ня раз абвяшчалі намер стварыць айчынны электрамабіль. Але паказаныя ўзоры мелі абмежаваную ступень беларускай лякалізацыі. Навукоўцы гаварылі, што складана арганізаваць поўны цыкль вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спэцыфіку вырабу батарэяў, брак лініі вытворчасьці кузаваў і іншае.
Намесьнік генэральнага дырэктара Абʼяднанага інстытуту машынабудаваньня НАН Беларусі Аляксандар Бялевіч адзначыў 21 сакавіка 2025 году ў этэры тэлеканалу «Беларусь 1», што ўзор беларускага электрамабіля «нічым не саступае» бэнзінавай вэрсіі.
«Пад капотам знаходзяцца дэалі трох беларускіх заводаў, — сказаў ён. — У праекце ўдзельнічаюць «Магілёўліфтмаш», наваполацкі «Вымяральнік», «Першая акумулятарная кампанія». У досьледна-прамысловай партыі пяць аўтаў. Пасьля тэхніка-эканамічнай ацэнкі стаіць задача наладзіць сэрыйную вытворчасьць. У ідэале трэба дабіцца таго, каб беларускія электракары акупіліся. Пакуль жа гэта выставачныя экспанаты», — падкрэсьліў Аляксандр Бялевіч.
Форум