«З 12 гадзін дня суботы па рашэньню кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамаса Любаеваса была адноўлена праверка і пропуск асобаў і транспартных сродкаў праз кантрольна-прапускныя пункты Меднікі і Салечнікі на граніцы з Беларусьсю, — цытуе ведамства інфармацыйнае агенства „Позірк“. — Такое рашэньне было прынята пасьля ацэнкі сытуацыі і наяўнай інфармацыі з пункту гледжаньня бясьпекі».
Службы аховы дзяржаўнай мяжы адзначыла, што прынятае напярэдадні вечарам рашэньне прыпыніць рух праз мяжу ў абодвух напрамках, было накіравана на «забесьпячэньне бясьпекі Літвы, зьвязанае з паветранымі шарамі, якія заляцелі ў Літву з Беларусі вечарам у пятніцу».
«За больш чым паўсутак, пакуль пункты Меднікі і Салечнікі былі зачыненыя, паводле папярэдніх зьвестак, у іх раёне не было зафіксавана асаблівых інцыдэнтаў або канфліктаў паміж кіроўцамі, якія чакалі пропуску», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, на 12.00 25 кастрычніка ў электроннай чарзе пункта пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Меднікі) было 840 фур, 90 легкавых аўтамабіляў і 15 аўтобусаў, у чарзе пункта Беняконі (Салечнікі) — 750 фур і 80 легкавых аўтамабіляў.
Паводле прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругінене, на наступным тыдні камісія зноў зьбярэцца на пасяджэньне, каб ацаніць уплыў ужо ўхваленых рашэньняў і што яшчэ можна зрабіць у кароткі тэрмін.
У аэрапорце Вільні паведамлялі аб спыненьні паветранага руху да 10-й раніцы 25 кастрычніка.
Гэта ўжо другі такі інцыдэнт за апошнія некалькі дзён.
У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з тэрыторыі Беларусі прыляцела некалькі дзясяткаў паветраных балёнаў. У выніку была парушана праца Віленскага аэрапорту, што закранула каля 30 рэйсаў і больш за 4 тысячы пасажыраў, а два апошнія пункты пропуску на мяжы Літвы зь Беларусьсю былі часова закрытыя. У выпадку паўтарэньня такой сытуацыі прэм’ерка Ругінене паабяцала поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю.
МЗС Літвы накіравала Беларусі афіцыйны пратэст, у якім запатрабавала ад беларускага боку навесьці парадак у паветранай прасторы, расьсьледаваць старыя выпадкі і не дапускаць новых. У выпадку паўторных парушэньняў Літва пакідае за сабою права прыняць контразахады.