Пінск і Берасьце сталі цэнтрамі ўрачыстасьцей у гонар 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі
Юбілейныя мерапрыемствы сёньня праходзяць у Пінску. Пачаліся яны ў катэдральным касьцёле Унебаўшэсця Найсьвяцейшай Панны Марыі з малітвы прыхаджан нябеснаму заступніку Пінскай дыяцэзіі сьвятому Андрэю Баболі і ўнясеньня рэлікварыя з часьцінкай яго мошчаў. Падчас імшы кардынал Клаўдыё Гуджэроцьці ўзначаліць літургію.
Урачыстасьці працягнуцца 26 кастрычніка ў Берасьці.
Пінская дыяцэзія была заснавана 25 кастрычніка 1925 года. Цяпер яна зьяўляецца адной з чатырох каталіцкіх япархій у Беларусі і ахоплівае тэрыторыю Берасьцкай і Гомельскай абласьцей.
26 кастрычніка пасланьнік папы Рымскага сустрэнецца з моладзьдзю ў берасьцейскім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і правядзе там імшу. Пасьля гэтага там пройдуць пачастунак, майстар-клясы для моладзі, музычнае праслаўленьне і падвядзеньне вынікаў Юбілейнай сустрэчы моладзі.
Гэта першы раз, калі пасланец папы наведвае Беларусь у тытуле кардынала. Гуджэроцьці добра вядомы беларусам, у тым ліку каталікам. Ён чатыры гады (2011–2015) быў у Беларусі нунцыем — дыпляматычным прадстаўніком папы. Пасьля ён прыяжджаў у краіну як пасланьнік папы ў сьнежні 2020 году і ўлетку 2023 году — на Будслаўскі фэст.
Апошні раз наведваў Беларусь такі высокі (і нават вышэйшы) госьць з Ватыкану дзесяць гадоў таму. Гэта быў дзяржаўны сакратар Ватыкану пры тады яшчэ папу Францішку П’етра Паралін.
Форум