Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі «зьмена формы» аховы Ціханоўскай перашкаджае яе дзейнасьці, трэба пра гэта казаць — кіраўнік МЗС Літвы


Кястуціс Будрыс.
Кястуціс Будрыс.

Перагляд аховы лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай «ня быў палітычным рашэньнем пра зьніжэньне ўзроўню», гэта «зьмена формы», заявіў журналістам 24 кастрычніка міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

«Калі гэтая зьмена формы перашкаджае дзейнасьці, трэба пра гэта казаць... Аднак гэтае пытаньне не зьвязанае са зьнешняй палітыкай Літвы», — цытуе кіраўніка літоўскай дыпляматыі партал навінаў Delfi.

Такім чынам Будрыс адрэагаваў на навіну пра тое, што сытуацыя са зьніжэньнем узроўня аховы Ціханоўскай прывяла да скасаваньня яе візыту ў Армэнію, піша інфармацыйнае агенства Позірк.

Паводле слоў кіраўніка МЗС Літвы, ён чуў «розныя разважаньні» офіса Ціханоўскай пра перанос сваёй дзейнасьці па-за межы Літвы. Разам з тым ён нагадаў, што «офіс у Літве акрэдытаваны, мае афіцыйны статус».

«Дзе офіс хоча ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць — яны вольныя прыняць рашэньні. Але дзе б ён ні знаходзіўся, мы абавязкова будзем супрацоўнічаць, бо маем шмат агульных тэм... Мы маем пляны дзейнічаць як па далейшай падтрымцы беларускай апазыцыі, так і па далейшым ціску на рэжым [Аляксандра Лукашэнкі]», — заявіў Будрыс.

Напярэдадні дарадца Ціханоўскай па дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі паведаміў парталу 15min. lt, што офіс Ціханоўскай быў вымушаны скасаваць «даўно заплянаваны, першы ў гісторыі візыт» у Армэнію на пленарнае пасяджэньне Euronest (28–30 кастрычніка).

«Гэта зьвязана з рашэньнем [Літвы] прыпыніць выкарыстаньне асабістай аховы — Службы бясьпекі першых асоб дзяржавы — за мяжой, — сказаў ён. — Мы спадзяваліся, што для краін з высокім узроўнем рызыкі будзе зробленае выключэньне, але, на жаль, гэтага не адбылося».

«Гэты візыт мог бы стаць важным крокам ва ўмацаваньні супрацы і пашырэньні нашай агульнай эўрапейскай пэрспэктывы», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.

Кучынскі падкрэсьліў, што не крытыкуе рашэньне ўладаў Літвы. Паводле яго слоў, офіс беларускай лідэркі ўдзячны літоўскаму прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, міністру замежных спраў Кястуцісу Будрысу і сьпікеру Сейма Юозасу Алексасу «за аказаную дапамогу».

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэньне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэты крок здрадай). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Дзейная кіраўніца ўрада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не зьнятая, але «скарэктаваная з улікам наяўных рэалій». На яе думку, літоўскія службы «выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бясьпекі трэба рабіць на аснове гэтага».

  • 8 кастрычніка Кучынскі заявіў, што праца фізычнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
  • 14 кастрычніка Наўседа заявіў, што сытуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.
  • На думку дэпутата, віцэ-старшыні камітэта па эўрапейскіх справах Сейма Літвы Томаса Тамілінаса, узровень аховы Ціханоўскай «як абранага прэзыдэнта» павінен застацца ранейшым, паколькі «беларускі рэжым ніяк не зьмяніўся».
  • 17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сыстэма бясьпекі.
  • 22 кастрычніка намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка паведаміў пра «пагрозы ўчыненьня забойства», якія паступілі на яго адрас і на адрас Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG