Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хтосьці з „Дыханием Питера“, а хтосьці з „Жыве Беларусь“». Стваральніца «Вольнага хору» раскрывае таямніцы


Галіна Казіміроўская, кіраўніца "Вольнага хору". Ілюстрацыйны каляж
Галіна Казіміроўская, кіраўніца "Вольнага хору". Ілюстрацыйны каляж

Праскую студыі Свабоды наведала адна са стваральніц і дырыгентка «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская напярэдадні выступу ў Чэскім музэі музыкі. Канцэрт арганізавала Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Яна расказала, чым адрозьніваецца «Вольны хор» 2020 году ад «Вольнага хору» 2025 году, якім чынам атрымлівалася сьпяваць у самых розных месцах Менску ў 2020 годзе, а таксама патлумачыла, чаму ня подзе на канцэрт Мэладзэ, і што адбываецца, калі чалавек сьпявае.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Шкада, што ў кансэрваторыі не было такога аддзяленьня як „падпольны хор“»

— «Вольны хор» — культурны рух музыкаў, артыстаў, сьпевакоў з народу, які ўзьнік у жніўні 2020 году і стаў адным з сымбаляў беларускага пратэсту. Многія сьпевакі вымушаны былі выехаць зь Беларусі ад перасьледу і ціску. Чым адрозьніваецца «Вольны хор» 2020 ад «Вольнага хору» 2025 году?

25 сакавіка 2024 году
25 сакавіка 2024 году

— Пяць гадоў амаль прайшло. «Вольны хор» стаў больш дарослым. Ня тое што адрэналін, але эмацыйны стан стаў зусім іншым. Мы выйшлі на вуліцу супраць гвалту і падману перадусім. На жаль, тэма актуальная. Гвалт, падман... Усё гэта застаецца. Тэма палітзьняволеных стала для нас адной з самых галоўных на працягу ўсіх гэтых гадоў. Мы хоць чымсьці хочам дапамагчы свайму краю стаць вольным. І акрамя таго, што захоўваем культуру, нашу песьню, нашу ідэнтычнасьць, мы паўсюль распавядаем праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У гэтым я ня думаю, што мы чымсьці зьмяніліся, усе нашы прынцыпы засталіся такімі ж самымі. Мы сталі больш вопытнымі. У нас за гэтыя гады адбылося больш за 200 канцэртаў. У нейкім сэнсе мы пайшлі ў глыбіню і больш культурна і гістарычна падрасьлі.

— Усё пачыналася на прыступках філярмоніі, потым пайшло на вуліцы, у гандлёвыя цэнтры, самыя розныя месцы, дзе сьпевакі зьяўляліся нібы зьнянацку. Напэўна цяпер можна расказаць, як усё арганізоўвалася?

— Такая партызаншчына. Як я жартавала, што шкада, што ў кансэрваторыі не было такога аддзяленьня як «падпольны хор». У нас была каманда людзей, якія заснавалі гэты рух, якія гэтым кіравалі. На гэты момант мы яшчэ не адкрываем ні імёнаў, ні твараў з прычыны бясьпекі. У нас у камандзе быў хлопец, які прыдумаў гэтыя акцыі, калі нам забаранілі выступаць каля філярмоніі. Арганізоўваліся праз тэлеграм-канал, у якім было больш за 400 чалавек. Мы прыдумлялі сабе нейкія кулінарныя назвы і закідвалі рэцэптамі, як прыгатаваць крэвэткі, а паміж гэтым часам была інфармацыя па справе.

Вольны хор. 2021
Вольны хор. 2021

Калі мы арганізоўвалі выступ у нейкім гандлёвым цэнтры, то напярэдадні чалавек з нашай каманды ехаў туды, рабіў фотаздымкі, прадумваў, дзе і каго паставіць. Малявалі схемы, адкуль нам зьявіцца. Людзі за гадзіну ведалі, дзе ім трэба быць і што сьпяваць. Гэта была вельмі мабільная каманда, мабільная суполка. Тады ў нас было толькі некалькі песень у рэпэртуары. Тады яшчэ мы ня ведалі нават і што сьпяваць. Ужо ў верасьні мы пачалі капаць у глыбіню... Колькі нас засталося? Чым больш было ціску, затрыманьняў, нас станавілася меней, але выжыла ядро, якое жыве дагэтуль. З 2021 году мы жывем і функцыянуем з Варшавы.

«Я бы не пайшла на канцэрт Мэладзэ»

— Ці можна вызначыць чалавека па тым, што ён сьпявае?

— Сам працэс, калі чалавек сьпявае, гэта для мяне знак, што ён у гармоніі з сабой. Калі мне вельмі кепска і складана, я наадварот заціскаюся, мне ня хочацца сьпяваць, я сыходжу ў сябе. Калі я пачынаю ўжо штосьці сьпяваць пад нос, то разумею, што жыцьцё наладжваецца, выходзіш з норкі. А пра тое, што чалавек сьпявае. Гэта як у вас у талерцы, гэта як ваша кола сяброўскае. З музыкай тое ж самае.

— Зараз у сацыяльных сетках ідуць бурныя абмеркаваньні, спрэчкі наконт таго, што многія беларусы з захапленьнем пайшлі на канцэрт Мэладзе. Гучыць крытыка, што гэта «русский мир». Хаця Мэладзэ і выступіў супраць вайны, у той жа час ён выступаў на нейкіх карпаратывах для дзяцей Лукашэнкі. Якая ваша пазыцыя ў такіх спрэчках?

— Гэта тонкі лёд, можна праваліцца. У мяне ёсьць свая прыватная пазыцыя. Не магу сказаць лягічна, але на нейкім інтуітыўным узроўні я бы не пайшла на канцэрт Мэладзэ. Ён таленавіты кампазытар, цудоўны сьпявак, прыгожыя песьні, а я б не пайшла. І я не магу распавесьці, чаму б я не пайшла. У мяне будзе нейкі ступар унутры. Я ўвогуле не была ніколі прыхільніцай поп-музыкі. І калі мы кажам пра поп-культуру, то мяне заўсёды больш уражвала замежная музыка. Што тычыцца ўвогуле расейскай мовы і праслаўленьня расейскай культуры, для мяне зараз гэта такі камок у горле. З аднаго боку калі казаць, што слухаць, што ня слухаць, гэта добрае, гэта кепскае, гэта чорнае, гэта белае, то мы апынемся ў сытуацыі з цэнзурай, і ў нас будуць свае чорныя лісты, забароненыя артысты і гэтак далей. Я б хацела жыць у сьвеце, дзе ў людзей ёсьць свае мазгі і яны здольныя фільтраваць.

На пленарным паседжаньні ПАРЭ перад дэбатамі па Беларусі выступіў «Вольны хор»
На пленарным паседжаньні ПАРЭ перад дэбатамі па Беларусі выступіў «Вольны хор»

Я бы параіла больш даведацца пра сваіх, таму што зорак трэба рабіць, падтрымліваць. Я ня ўсе імёны нават магу зараз называць, але ведаю, што ў нас у краіне ёсьць свае мэладзэ. І гэта ня пра тое, што купляць толькі беларускае, хоць яно ня смачнае і дарагое А гэта пра тое, што ў культурным полі трэба працаваць

— А які выбар цяпер маюць людзі ў Беларусі, якія хочуць слухаць музыку?

— Я не магу называць імёны, хаця думаю, што шмат хто здагадаецца, куды трэба хадзіць на падпольныя канцэрты па-за горадам, на хутарах і вёсках, якія ўсё ж такі адбываюцца. Там падтрымліваць сваіх. Я ведаю, што некаторыя такіх забароненых артыстаў запрашаюць, каб яны рабілі канцэрты, але аб гэтым таксама немагчыма гучна казаць.

Я ведаю, што адбываецца на філярманічнай сцэне, мне хочацца там усё ўзарваць часам. Самае для мяне балючае, што студэнты, дзеці зараз гэта ўсё ўсмоктваюць. Спадзяюся, што гэта ня ўсім заходзіць, але студэнтаў кансэрваторыі проста прымусова цягнуць на конкурс, які адбываецца ў Расеі. І афішы, якія называюцца «Дыхание Питера» у нашым Менску... Мы будзем гэта адмываць яшчэ доўга. І тут шмат балючых пытаньняў, як далей працаваць і жыць нам разам, калі хтосьці вось з «Дыханием Питера», а хтосьці — «Жыве Беларусь».

— Які ваш асноўны пасыл, зь якім вы зьвяртаецеся на канцэртах да публікі?

— Каб людзі не спыняліся, каб людзі не апускалі рукі. Мы працягваем. Каб і голас Радыё Свабода ня змоўк, каб голас «Вольнага хору» ня змоўк. Каб голас Беларусі не змоўк. Складаныя часы, падтрымкі ўсё менш. Лягчэй змагацца, калі ўсе за цябе і крычаць: «Давай, давай». А мы павінны змагацца, калі ўсе маўчаць.

Падтрымаць выпуск новага альбому «Вольнага хору» можна тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG