Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя як дэманстрацыя няўпэўненасьці — аналіз Валера Карбалевіча


Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі інаўгурацыі, Менск, Беларусь, 25 сакавіка 2025 году
Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі інаўгурацыі, Менск, Беларусь, 25 сакавіка 2025 году

У інаўгурацыйнай прамове Лукашэнкі дамінавала агрэсіўная, канфрантацыйная рыторыка, палеміка з унутранымі і вонкавымі апанентамі, з дапамогай якой ён спрабаваў завуаляваць сваю няўпэўненасьць. Ён нібы апраўдваўся, з усіх сілаў даказваў сваё права быць прэзыдэнтам, разумеючы, што ў гэтым ёсьць сумневы і ў краіне, і па-за ёю.

Сьцісла:

  • Паводле самой сваёй прыроды інаўгурацыя прэзыдэнта — гэта прысяга на вернасьць народу і Канстытуцыі. Але цяпер гэтая працэдура знаходзіцца ў зусім іншай парадыгме. Асноўны яе элемэнт — гэта прысяга вайскоўцаў на вернасьць Лукашэнку.
  • Апошнія інаўгурацыі адбываюцца ў абстаноўцы надзвычайных мераў бясьпекі, фактычна без удзелу народу. Гэта сьвята толькі кіроўнай эліты.
  • Лукашэнка падчас прыняцьця прысягі вайскоўцамі параўнаў, паставіў у адзін шэраг перамогу ў вайне 80 гадоў таму і перамогу над пратэстамі ў 2020 годзе.

Гэта сёмая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. За 30 гадоў сама гэтая працэдура зазнала радыкальную эвалюцыю, памяняўся, нават перакуліўся яе першапачатковы зьмест і сэнс.

паступова працэдура інаўгурацыі трапіла зусім у іншую парадыгму

Паводле самой сваёй прыроды і функцыі інаўгурацыя выбранага кіраўніка дзяржавы — гэта прысяга на вернасьць народу і Канстытуцыі. Але дзесяцігодзьдзі аднаасобнай і незьмяняльнай улады ў Беларусі моцна памянялі ўсе ўяўленьні пра дзяржаўнае ўладкаваньне. Паступова, ад адных прэзыдэнцкіх выбараў да наступных, працэдура трапіла зусім у іншую парадыгму. Прысяга прэзыдэнта на вернасьць народу — гэта толькі першая і ужо не галоўная частка цырымоніі. Другі і асноўны яе элемэнт — гэта прысяга вайскоўцаў на вернасьць Лукашэнку. То бок вядомы лёзунг Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўраду, а ўрад для народу» Лукашэнка перавярнуў дагары нагамі. Цяпер усё наадварот.

Адпаведна мяняецца і фармат цырымоніі. Улады сьвядома адмаўляюцца ператвараць інаўгурацыю ўва ўсенароднае сьвята трыюмфу дэмакратыі і народаўладзьдзя. Хоць, здавалася б, калі за Лукашэнку нібыта прагаласавала 87% выбарнікаў, то няма чаго асьцерагацца. Правядзіце цырымонію на плошчы, куды маглі б прыйсьці ўсе ахвочыя. Маўляў, народ і правадыр — адзіныя.

гэта сьвята толькі кіроўнай эліты

Але не. Апошнія інаўгурацыі адбываюцца ў абстаноўцы надзвычайных мераў бясьпекі, фактычна без удзелу народу. Гэта сьвята толькі кіроўнай эліты.

У 2010 году інаўгурацыя прайшла на фоне пустых вуліц, быццам вымерлага двухмільённага гораду. Як у фантастычных фільмах. Гэта было самым бачным увасабленьнем ізаляцыі ўлады ад народу, які быў лішнім на тым афіцыёзным сьвяце.

У 2020 годзе інаўгурацыя прайшла ўвогуле таемна, сакрэтна. Бо ўлады моцна баяліся народных пратэстаў.

Сёлета цырымонія трансьлюецца ў жывым эфіры. Тым ня менш улады ў гэты дзень чамусьці абмежавалі доступ да інтэрнэту з-за межаў краіны. Як было растлумачана, «гэтая мера выклікана неабходнасьцю абароны ад патэнцыйных пагрозаў аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца зь іх выкарыстаньнем». То бок улады баяліся ўмяшаньня палітычных апанэнтаў ў цырымонію інаўгурацыі. Што трохі дзіўна.

У жывым эфіры не паказалі, як Лукашэнка выходзіць з аўтамабіля. Леаніда Брэжнева не паказвалі, калі ён спускаецца па трапе з самалёта.

праблема кіраўніка з дэфіцытам унутранай і вонкавай легітымнасьці

У прамове Лукашэнкі падчас інаўгурацыі дамінавала агрэсіўная, канфрантацыйная рыторыка, палеміка з унутранымі і вонкавымі апанэнтамі, з дапамогай якой ён спрабаваў завуаляваць сваю няўпэўненасьць. Ён нібы апраўдваўся, з усіх сілаў даказваў сваё права быць прэзыдэнтам, разумеючы, што ёсьць сумневы ў гэтым і ў краіне, і па-за ёю. Гэта праблема кіраўніка з дэфіцытам унутранай і вонкавай легітымнасьці. Бо калі сваё права на ўладу даводзіцца даказваць уласнаму народу з дапамогай масавых рэпрэсіяў, то гэта вельмі паказальна.

У выступе Лукашэнкі было некалькі тэзаў, нібы ўзятых з раману Орўэла: «За гэтыя гады нам удалося сфармаваць стандарт правядзеньня выбараў, які можа служыць міжнародным эталёнам… Сёньня хачу зьвярнуцца і да сваіх супернікаў — кандыдатаў, якія вылучылі сябе на пасаду прэзыдэнта. Дзякуючы вам мы паказалі ўзор сапраўднай чыстай канкурэнцыі… Паўсьвету марыць аб нашай „дыктатуры“… Дэмакратыі ў нас больш, чым у тых, хто называе сябе яе эталёнам». Выглядае, гэтыя прапагандысцкія канструкцыі не патрабуюць сур’ёзных камэнтароў.

Цікава хіба тое, што Лукашэнка падчас прыняцьця прысягі вайскоўцамі параўнаў, паставіў у адзін шэраг перамогу ў вайне 80 гадоў таму і перамогу над пратэстамі ў 2020 годзе. Тым самым Лукашэнка надае таму пратэставаму выбуху такі гістарычны маштаб, да якога самыя ўдзельнікі тых падзеяў нават не дадумаліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG