Свабода запытала ў беларускіх экспэртаў і апазыцыйных палітыкаў, чаму ажно два месяцы спатрэбіліся на прызначэньне дня інаўгурацыі і чаму дзеля гэтага абралі 25 сакавіка — Дзень Волі, які традыцыйна адзначаюць праціўнікі Лукашэнкі.
Дабравольскі: «Інаўгурацыя — фармальнасьць»
«У нас была інфармацыя, што нават на 26 сакавіка зьбіраюцца прызначаць інаўгурацыю, на апошні дзень, калі дазваляе Канстытуцыя, і з гэтага вынікае, што для іх дзень ня мае ніякага значэньня. Калі трымаць уладу шляхам рэпрэсіяў, дык можна і выбары не праводзіць, а інаўгурацыя — фармальнасьць. Для Лукашэнкі мае значэньне толькі захаваньне ўлады», — мяркуе Аляксандар Дабравольскі, старшы дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай.
Палітык нагадаў, што Лукашэнка ўжо прызначыў урад, хоць паводле палітычнай традыцыі ўва ўсім сьвеце гэта робіцца пасьля таго, як прэзыдэнт прыняў прысягу.
«Жаданьня дзейнічаць адпаведна правілам у Лукашэнкі няма. Хутчэй за ўсё, яму нагадалі, што адкладаць далей інаўгурацыю нельга, вось ён і прызначыў дзень у апошні момант», — сказаў Дабравольскі.
Палітык лічыць выбар дня інаўгурацыі істотным:
«Мяркую, што гэта знак найперш для нас. У гэты дзень Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная незалежнай дзяржавай, а зараз, праз 107 гадоў, беларуская дзяржава пастаўленая на мяжу страты незалежнасьці, бо ўлада ў ёй дасталася чалавеку, якому незалежнасьць карысная толькі як інструмэнт кантролю над краінай. Але сам Лукашэнка, магчыма, ніякага сэнсу не ўкладаў у тое, што выбраў менавіта гэты дзень».
Мажэйка: «Хочацца стварыць адваротную карцінку»
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка мяркуе, што дзень 25 сакавіка абраны для інаўгурацыі Лукашэнкі невыпадкова.
«Прызначэньне інаўгурацыі на галоўную дату апазыцыйнага календара наўрад ці можна назваць выпадковасьцю. Але гэта ня столькі сыгнал грамадзтву, колькі спроба перахапіць у гэты дзень інфармацыйны парадак, зрабіць гэтак, каб акцыі апазыцыі, якія ў гэты дзень праходзяць ува ўсім сьвеце, былі менш заўважныя», — мяркуе Вадзім Мажэйка.
Паводле назіраньняў Мажэйкі, рэжым у Беларусі вельмі балюча ўспрымае актыўнасьць беларусаў па-за межамі краіны і працягвае перасьледаваць іх за ўдзел у публічных акцыях. Таксама палітоляг кажа пра мэты прапагандысцкай вайны, якую вядзе рэжым з апазыцыйнымі беларусамі.
«Але ж вельмі хочацца прыбраць карцінку таго, як беларусы сьвяткуюць сваю незалежнасьць, і стварыць адваротны кантэнт — што адзначаецца сьвята Лукашэнкі. І, як мне падаецца, гэта для ўсіх нас выклік. Нам трэба паказаць, што мы існуем і адзначаем нашу незалежнасьць. Каб не было такога, што 80% загалоўкаў у мэдыя будуць пра Лукашэнку, а не пра акцыі беларусаў. І для палітыкаў гэта выклік — як усё годна падрыхтаваць і правесьці гэтак, каб голас дэмакратычнай Беларусі быў больш чутны за Лукашэнку», — сказаў палітоляг.
Вадзім Мажэйка тлумачыць двухмесячную затрымку з правядзеньнем інаўгурацыі спробай уладаў зрабіць гэтую цырымонію больш прэзэнтабэльнай, у тым ліку назьбіраць ад лідэраў іншых краін як мага больш віншаваньняў, якімі зможа пахваліцца дзяржаўная прапаганда. «Трэба было па засеках назьбіраць прыхільнікаў, вось і зацягнулі да апошняга дня».
Лябедзька: «Важна, у які дзень Лукашэнка паказвае сваю перамогу»
Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька таксама лічыць паказальным, што рэжым замарудзіў з правядзеньнем інаўгурацыі. На думку апазыцыйнага палітыка, гэта сьведчыць аб браку ў Беларусі сапраўднай палітычнай барацьбы і выбараў.
«У краіне, дзе няма сапраўдных выбараў, дзе замест іх праводзяць спэцыяльную апэрацыю, інаўгурацыя ня можа быць падзеяй, гэта фармальнасьць, таму да яе такое стаўленьне, як да апошняга ў чарзе выбарчага мерапрыемства», — мяркуе Анатоль Лябедзька.
Што да прызначэньня дня інаўгурацыі менавіта на 25 сакавіка, палітык лічыць, што гэта зроблена сьвядома, каб паслаць пэўны мэсыдж наконт супрацьстаяньня, якое назіраецца ў Беларусі, і таго, хто ў гэтай вайне пераможца.
«25 сакавіка — гэта сапраўднае народнае сьвята, гэтая дата сымбалічная, таму ён праз праз такі выбар даты хоча сказаць, што „грамадзянская вайна“, якая пачалася з 2020 году, завяршаецца, і завяршаецца перамогай ягонай, Лукашэнкі. Ён пра гэта хоча гучна заявіць менавіта ў дзень сьвята сваіх апанэнтаў. І цяпер прапаганда будзе менавіта ў такой абгортцы падаваць гэты дзень», — мяркуе Анатоль Лябедзька.
Франак Вячорка: «Ніякае шоў ня зробіць Лукашэнку легітымным»
Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка тлумачыць адкладаньне інаўгурацыі на апошні дзень псыхалягічнымі траўмамі Лукашэнкі як дыктатара.
«Увогуле дыктатары любяць інаўгурацыі, якія даюць ім адчуваньне ўласнай значнасьці, нейкі статус, легітымнасьць, і Лукашэнка тут не выключэньне. Але для яго любая інаўгурацыя — гэта страшна. А раптам людзі зноў выйдуць на вуліцы? Ён дагэтуль жыве ў такім настроі, што людзі па-ранейшаму стаяць пад ягоным палацам, як у 2020 годзе. Таму ён цягнуў з інаўгурацыяй цяпер і таму ў 2020 годзе інаўгурацыя ўвогуле была праведзеная як сакрэтная апэрацыя», — мяркуе Франак Вячорка.
Апазыцыянэр мяркуе, што прызначэньне інаўгурацыі на Дзень Волі не ўзмацніць палітычны рэжым у Беларусі і асабістую ўладу Лукашэнкі.
«Магчыма, у гэтым была ідэя перабіць тэму Дня волі. Маўляў, замест маршаў на Дзень Волі, які заўжды ў Беларусі, усе беларусы будуць глядзець у наўпроставым эфіры, як Лукашэнка прызначае сябе прэзыдэнтам. Але ня думаю, што гэта яму ўдасца. Мяркую, для нас гэта пойдзе ў плюс, бо будзе яшчэ больш увагі да Беларусі. На ніякае прызнаньне Лукашэнкі гэта не паўплывае, бо ўсе заходнія краіны ўжо зрабілі заявы аб непрызнаньні выбараў. І, мяркую, для беларусаў гэтае шоў легітымным яго таксама ня зробіць», — сказаў Франак Вячорка.
ЦВК Беларусі прызначыў чарговую інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі на 25 сакавіка. Гэта найпазьнейшы тэрмін, магчымы паводле новай Канстытуцыі, якая прадугледжвае яе не пазьней як праз два месяцы з дня выбраньня прэзыдэнта.
25 сакавіка будзе амаль два месяцы пасьля выбараў 2025 году. Дагэтуль рэкордам была паўза ў 45 дзён з дня выбараў да дня інаўгарацыі пасьля 2020 году.
25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі, сьвята абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Акцыі ў гэты дзень у Беларусі пад час кіраўніцтва Лукашэнкі жорстка разганялі, за выключэньнем некалькіх гадоў.
Адзначым, што Лукашэнка яшчэ не прыведзены да прысягі, але пасьпеў зацьвердзіць склад новага ўраду і зьезьдзіў з афіцыйным візытам у Маскву.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум