«Яно сапраўды галоўнае для тых, хто разумее каштоўнасьць свабоды. Хто цэніць свабоду і хто любіць свабоду», — адзначыў сьвятар Барок. Паводле яго слоў, у Дзень Волі трэба ўзгадваць «шлях, які прайшоў беларускі народ».
«Мы свабодныя, — дадаў Барок. — А калі свабодныя, то і адказныя. За лёс нашай нацыі і нашай краіны. Мы бяром на сябе адказнасьць за нашу Беларусь. Бяром нават цяпер, калі краіна акупаваная».
«Шлях змаганьня за вольную Беларусь прасякнуты крывёю змагароў, пакутнікаў. І мы сёньня памятаем усіх сваіх герояў. Мы ўпэўненыя — Беларусь будзе вольнай. Мы сьвядомыя. Калі гасподзь адарыў нас магчымасьцю быць беларусамі, то мы мусім і жыць для Беларусі. Бо як казала адна з выбітных дачок народу беларускага [паэтка Ларыса Геніюш], як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе — зусім не жыць», — заявіў ксёндз.
Ён заклікаў беларусаў «не губляць сваіх крылаў». «Вяртайце сваю мову, гаварыце сваё слова беларускае. Слова мацнейшае, чым любая куля», — сказаў Барок.
«Беларусы, гартуйце волю, памятайце: ідзе час вяртаць Беларусь. Мы не баімся сёньня прызнацца, што мы не рабы, мы вольныя. Няхай баяцца тыя, хто выбраў цёмны бок. А мы выбралі бок дабра, бок сьвятла. За намі перамога», — падкрэсьліў сьвятар.
21 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што працягвае ідэнтыфікаваць і прыцягваць да адказнасьці «удзельнікаў вулічных акцый за мяжой».
«Рэалізуецца комплекс сьледчых дзеяньняў і працэсуальных мерапрыемстваў па крымінальнай справе ў дачыненьні да ўдзельнікаў антыбеларускіх замежных акцый і іх арганізатараў, праведзеных сёлета [у дзень „прэзыдэнцкіх выбараў“] 26 студзеня», — адзначыў СК.
«Па месцах рэгістрацыі і на аб’ектах рэальнай уласнасьці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзеныя вобшукі. Выяўляецца маёмасьць і нерухомасьць, на якія накладаецца арышт для наступнага забесьпячэньня кампэнсацыі прычыненай дзяржаве шкоды. У рамках расьсьледаваньня ўсе ўдзельнікі вулічных дзеяньняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе», — гаворыцца ў заяве ведамства.
СК паведаміў, што мае інфармацыю пра «пляны па правядзеньні чарговых замежных «сходак», прымеркаваных да так званага «Дня волі» (арфаграфія захаваная. — «Позірк».).
«Праваахоўнікамі будуць прааналізаваныя зьвесткі пра патэнцыйных і фактычных удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў з мэтай ідэнтыфікацыі іх асоб і далейшага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку з выкарыстаньнем мэханізму спэцыяльнай вытворчасьці», — пагражае СК.
Максымальна засьцерагчыся заклікаў удзельнікаў акцыі да Дню Волі ў Варшаве намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка.
«Нам важна быць разам у гэты важны дзень, але абавязкова выкарыстоўвайце ўсе магчымыя меры засьцярогі, каб рэжым ня мог вас ідэнтыфікаваць. Насіце маскі, акуляры, парыкі. 23 сакавіка а 13:00 зьбярэмся ў Варшаве на плошчы Трох Крыжоў», — цытуе палітыка тэлеграм-канал АПК.
Латушка таксама заклікаў польскае грамадзтва падтрымаць беларусаў: «Прыходзьце разам з намі на акцыю ў абарону свабоды і дэмакратыі. Вам не пагражае небясьпека — вы жывяце ў свабоднай краіне і знаходзіцеся пад абаронай вашай дзяржавы».
- 25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі сьвяткуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.
Форум