Урад Літвы абвясьціў на ўсёй тэрыторыі краіны экстрэмальную сытуацыю праз крызіс, зьвязаны з паветранымі балёнамі зь Беларусі і пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў Вільні вывучаюць магчымасьць замарозкі або канфіскацыі маёмасьці Беларусі ў Літве. У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка выставіў Літве ўмовы і паклікаў за стол перамоваў
Як Пуцін, гэтак і Лукашэнка, разумеюць толькі сілу, кажа ў інтжрвію Свабодзе дэпутатка Эўрапарлямэнту, былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне. «Трэба, каб ён разам з Крамлём нават і не спрабаваў у будучыні рабіць тое ж самае, каб нешта там „адкусіць“ ці шантажаваць нас».
— Як вы ацэньваеце апошнія крокі ўраду Літвы ў канфлікце з уладамі Беларусі?
— Шчыра скажу, спачатку яны былі ў нейкім шоку. Гэта новы ўрад, вы ведаеце, зусім новыя людзі, новы прэм’ер-міністар, без палітычнага бэкграўнду, без палітычнага досьведу. І якраз вось усё гэта пачалося. Яны нават не маглі адразу сказаць, што гэта гібрыдная вайна.
Ім, вядома ж, нялёгка. Хоць мая партыя цяпер у Літве ў апазыцыі, але я ўсё ж заўсёды стараюся разумець становішча і спытаць сама сябе, што я б рабіла ці што мы б рабілі ў гэтай сытуацыі. Так што мы працуем разам і стараемся максымальна дапамагчы тут у Эўрапарлямэнце.
Мы працуем разам, нягледзячы на тое, якія палітычныя сілы ва ўладзе. Бо гэта гібрыдная вайна. І Лукашэнка якраз пацьвердзіў гэта, калі сказаў, маўляў, давайце нам міністра вашага з Літвы і будзем дамаўляцца.
Яму вельмі трэба прызнаньне і нейкае прыніжэньне Літвы, нейкая перамога над Літвой. І я думаю, ён адкрыў вельмі шчыра, што гэта гібрыдная вайна. Гэтая вайна ідзе ўжо другі ці трэці месяц.
Другі месяц, як закрываецца наш галоўны аэрапорт у Вільні. І людзі пакутуюць. Тыя, хто гэта арганізуе, хочуць зрабіць хаос, каб людзі хваляваліся, каб у нас былі эканамічныя страты.
Так было з мігрантамі, так цяпер выкарыстоўваюць гэтых кантрабандыстаў і вялікія балёны.
— Ці маеце вы адчуваньне, што Эўрапейскі Зьвяз і Літва цяпер прайграюць у гэтым канфлікце з Лукашэнкам?
— Не, я б так не сказала. Проста я думаю, што наш урад мала зьвяртаўся ў Эўракамісію, у асобныя дзяржавы, інфармуючы іх. Я адчуваю гэта па палітыках тут у Брусэлі. Калі мы іх забясьпечваем інфармацыяй, яны разумеюць усё гэта і ўсё падтрымліваюць.
Так што цяпер ужо нашае Міністэрства замежных спраў паклала на стол новыя санкцыі, якія меўся б прыняць Эўрапейскі Зьвяз. Якраз за гэтыя цяперашнія гібрыдныя войны.
Пакуль што не было такога вызначэньня. І рэзалюцыя ў Эўрапарлямэнце, якую мы рыхтуем, спатрэбіцца, каб гэтыя санкцыі ўвялі ў будучыні.
Я думаю, як Пуцін, гэтак і Лукашэнка, разумеюць толькі сілу. Нашаму ўраду трэба працаваць мацней.
— На вашую думку, гэтыя «гібрыдныя войны», як вы кажаце, — гэта ініцыятыва Лукашэнкі? Ці гэта ініцыюе Расея і Пуцін? І ў якой ступені Лукашэнка можа супраціўляцца нейкім рашэньням Расеі?
— Я думаю, што яны дзейнічаюць супольна. Я часам слухаю гэтыя расейскія, крамлёўскія крыніцы прапаганды і бачу, што яны пачынаюць ужо гучна казаць пра гэтую сытуацыю. Ім гэта вельмі на руку, бо гэтая гібрыдная вайна вядзецца ня толькі ў Літве, яна вядзецца і ў Польшчы. Вы бачылі сытуацыю з чыгункай і дронамі.
Так што людзі тут пачынаюць разумець, што гэта ня толькі пра Літву. І вядома ж, Лукашэнка ня мае сувэрэнітэту, каб ён сам мог бы гэта рабіць бязь нейкай крамлёўскай падачы. Ці Крэмль падтрымлівае гэта, бо яму гэта на руку.
Бо вядзецца вайна. Паглядзіце, якую жудасную хлусьню выкарыстоўваюць супраць Эўразьвязу з усіх крамлёўскіх каналаў. Эўрапейскі зьвяз і Балтыйскія дзяржавы сталі цяпер самымі вялікімі праціўнікамі для Крамля. І для Лукашэнкі таксама.
— Да якіх наступстваў для Беларусі і беларусаў можа прывесьці гэты ўдзел у «гібрыднай вайне» на баку Расеі?
— Найперш трэба санкцыі, каб было балюча. А самае галоўнае, гэта, вядома, расейская вайна супраць Украіны і супраць нас усіх. Я ня буду хлусіць, што сытуацыя стала лягчэйшай, калі мы прачыталі новую Стратэгію нацыянальнай бясьпекі ЗША.
Думаю, і Пуцін, і Лукашэнка спадзяюцца, што ім лягчэй будзе змагацца з намі, бо ўжо з двух бакоў на Эўрапейскі Зьвяз спрабуюць неяк ціснуць. Але я думаю, што якраз гэта павінна прывесьці да таго, каб Эўразьвяз зразумеў, што прыйшоў «экзыстэнцыйны» момант і мы мусім змагацца ўжо ўсімі сіламі.
— Лукашэнка заявіў, што гатовы да перамоваў зь Літвой на высокім узроўні, і вылучыў свае патрабаваньні. Па-вашаму, ці мае сэнс весьці такія перамовы і, магчыма, пайсьці на нейкія саступкі Лукашэнку?
— Не, не і яшчэ раз не. Існуюць жорсткія санкцыі, і трэба, каб ён разам з Крамлём нават і не спрабаваў у будучыні рабіць тое ж самае, каб нешта там «адкусіць» ці шантажаваць нас.
— Але наколькі моцныя ў гэтым сэнсе ў Эўразьвязу і Літвы «карты», як кажа спадар Трамп, у гэтай барацьбе з Лукашэнкам?
— Нашыя самыя галоўныя карты — чальцоўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Мы павінны дзейнічаць супраць гэтага ўсе разам.
Форум