Супрацоўнік літоўскай транспартнай фірмы Кшыштаф прыйшоў на мітынг разам з жонкай і малым дзіцем. Кшыштаф вельмі занепакоены будучыняй, бо баіцца страціць працу, што для маладой сямʼі будзе вялікім ударам. У фірме, дзе ён працуе, большасьць кіроўцаў — беларусы. Некаторых кіроўцаў ужо звольнілі, а фірма, паводле ягоных словаў, нясе вялікія страты.
«Прыбыткі скараціліся, а падаткі плаціць трэба», — кажа Кшыштаф. Ён мяркуе, што яму ня «варта ўлазіць у палітыку» і ацэньваць палітычныя моманты канфлікту: «Калі трэба для справы — варта весьці перамовы і з Лукашэнкам. Як кажуць, суседзяў не выбіраюць», — кажа Кшыштаф.
Кшыштафа падтрымлівае ягоны суайчыньнік Дарыюс. Ён адзін з заснавальнікаў транспартнай фірмы, у якой дзясяткі аўтамашын. «Але большасьць — 74 транспартныя адзінкі, зь іх 24 цягачы, цяпер захрасьлі ў Беларусі», — кажа Дарыюс.
Страты, панесеныя фірмай ад канфлікту зь Беларусьсю, Дарыюс ацэньвае ў некалькі дзясяткаў тысяч эўра. Паводле Дарыюса, акрамя выплат за аўтамабілі (па 120 эўра ў дзень з транспартнага сродку) ім даводзіцца плаціць заробкі кіроўцам, якія не працуюць і не прыносяць прыбытку:
«Да сярэдзіны студзеня яшчэ пратрымаемся, а тады — банкруцтва і звальненьне ўсіх працаўнікоў. Каму ад гэтага будзе добра?»
Дарыюс згодны з калегамі, якія выказваюцца за больш рашучыя дзеяньні, каб паўплываць на ўрад краіны і дамагчыся вырашэньня пытаньня ў найбліжэйшы час.
«Калі мітынг не дапаможа, будзем рабіць нешта больш рашучае. Чаму не? А ня могуць вырашыць праблему дыпляматычным шляхам — то хай плацяць нам кампэнсацыю», — кажа Дарыюс.
Пасьля мітынгу Дарыюс зьбіраецца сесьці за стырно і некалькі гадзінаў таксаваць:
«Трэба хоць неяк зарабляць грошы, калі няма прыбытку ад асноўнай працы».
Да размовы далучаецца Робэрт, таксама супрацоўнік літоўскай фірмы, якая займаецца перавозкамі. На ягоную думку, ад пачатку ня варта было перакрываць мяжу і ўваходзіць у канфлікт зь Беларусьсю праз кантрабандыстаў, якія балёнамі перапраўляюць у Літву цыгарэты.
«Мы езьдзілі, ганялі фуры з Эўропы церазь Беларусь, усё было добра, а цяпер цярпім такія страты! Але ж кантрабандысты ёсьць і ў нас — хтосьці ж гэтыя цыгарэты тут прымае. Вось і трэба было зь імі разьбірацца», — мяркуе Робэрт.
Прадпрымальнік падтрымлівае прапанову ціснуць на ўрад, каб той альбо дамаўляўся зь беларускім бокам, альбо шукаў грошы на кампэнсацыю транспартнікам, у тым ліку з дапамогай Эўразьвязу.
Паводле Робэрта, на мітынг магло б прыйсьці значна больш транспартнікаў і кіроўцаў, але большасьць зь іх цяпер у Беларусі.
«Там каля 4 тысяч адзінак тэхнікі, можа з тысячу чалавек пры ёй. Вось гэта сіла! Калі вернуцца і прыйдуць сюды, то мала не падасца нікому», — кажа Робэрт.
Пасьля мітынгу ён быў вельмі засмучаны тым, што ніхто з ураду не прыйшоў выступіць перад мітынгоўцамі.
Нягледзячы на адкрытую мяжу, улады Беларусі не дазваляюць літоўскім грузавікам выяжджаць з краіны і адпраўляюць іх на спэцыяльныя пляцоўкі, дзе за кожную грузавую машыну або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра, а таксама пагражаюць сканфіскаваць іх пасьля 4 месяцаў стаянкі.
Паводле асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava, ад пачатку крызісу страты ў перавозках грузаў, паводле ацэнак транспартных кампаніяў, дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць штодня.
Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі ў адказ забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне, зьмясьцілі іх на стаянкі і налічваюць 120 эўра платы за кожныя содні нават пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу. Улады Беларусі дамагаюцца перамоваў на высокім узроўні, на што літоўскія ўлады ісьці ня хочуць, каб не легітымізаваць рэжым.
9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка агучыў патрабаваньні да Літвы:
- вярнуць «17 ці 20 аўтамабіляў», якія канфіскавалі падчас дастаўкі ў Зымбабвэ,
- аднавіць працу беларускага санаторыя ў Друскеніках,
- вярнуць грошы, укладзеныя ў будаўніцтва порта ў Клайпедзе.
Форум