Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстраліі ўступіла ў сілу забарона сацсетак для дзяцей да 16 гадоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Аўстраліі ўступіў у сілу ўхвалены раней парлямэнтам закон аб забароне непаўналетнім ва ўзросьце да 16 гадоў ствараць акаўнты ў сацыяльных сетках.

Агенцтва Bloomberg адзначае, што Аўстралія стала першай дэмакратычнай дзяржавай у сьвеце, якая ўвяла такую жорсткую забарону. Улады патлумачылі гэта неабходнасьцю змагацца з гвалтам над дзецьмі і іх залежнасьцю ад онлайн-плятформаў.

Закон патрабуе ад 10 найбуйнейшых сацсетак, такіх як Facebook, Instagram, TikTok, X, Snapchat і YouTube, не дазваляць рэгістрацыі аўстралійцаў да 16 гадоў. Акаўнты, якія ўжо існуюць павінны быць заблякаваныя.

За парушэньне прадугледжаныя буйныя штрафы — да 49,5 мільёнаў аўстралійскіх даляраў (каля 33 млн даляраў ЗША). Штрафы будуць накладаць на ўладальнікаў сацсетак, а не на саміх дзяцей ці іх бацькоў.

Уладальнік сацсеткі X Ілан Маск, які рэзка крытыкуе краіны Эўразьвязу іх за патрабаваньні да кампаніі, заявіў, што аўстралійскім патрабаваньням кампанія падпарадкуецца.

Кіраўнік ураду Аўстраліі Энтані Альбанэзэ заявіў, што ганарыцца рашэньнем уладаў, якое, на ягоную думку, павінна зьмяніць да лепшага сытуацыю ў краіне і аказаць глябальны ўплыў. Саміх падлеткаў Альбанэзэ заклікаў скарыстаць час, які вызваліцца, каб «заняцца новым відам спорту, навучыцца граць на новым інструмэнце, ці прачытаць кнігу, якая чакае свайго часу на кніжнай паліцы», ці проста бавіць больш часу з сям’ёй.

Паводле апытаньняў, 77% аўстралійцаў падтрымлівае новаўвядзеньне. Праціўнікі закону кажуць, што яго цяжка будзе ажыцьцявіць, а таксама на тое, што для некаторых падлеткаў, якія адчуваюць цяжкасьці ў офлайн-зносінах, забарона можа стаць прычынай псыхалягічных праблемаў.

Сьледам за Аўстраліяй абмежаваньні на сацсеткі для падлеткаў плянуе ўвесьці Новая Зэляндыя. Магчымыя абмежаваньні абмяркоўваюцца і ў Эўразьвязе — Эўрапарлямэнт нядаўна ўхваліў рэзалюцыю з заклікам увесьці ў ЭЗ падобныя абмежаваньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG