«Абмеркавалі шэраг пытаньняў па рэалізацыі пэўных нашых крокаў і крокаў нашых партнэраў па аднаўленьні даверу ў дачыненьнях. Гэта тычылася ў тым ліку і шэрагу заходніх дзяржаў», — працытавала Максіма Рыжанкова дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час міністар не ўдакладніў, якія краіны маюцца на ўвазе. Дзяржаўнае агенцтва БелТА ў гэтым кантэксьце нагадала, што Аляксандар Лукашэнка ў канцы 2024 году сьцьвярджаў, што ЗША нібыта зьвярталіся па пашырэньне дыпляматычнай прысутнасьці ў Беларусі. Аднак афіцыйных пацьвярджэньняў такіх просьбаў няма.
29 сьнежня 2024 году, знаходзячыся ў Ленінградзкай вобласьці Расеі Лукашэнка заявіў расейскім журналістам, што ЗША нібыта «ўжо цэлы год просяць павялічыць штаты ў пасольстве да сотні чалавек». Пацьвярджэньня праўдзівасьці такой заявы таксама няма.
- Пасьля падзеяў 2020 году многія дэмакратычныя дзяржавы, у тым ліку ЗША, панізілі дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі да ўзроўню часовага паверанага ў справах.
- 9 чэрвеня 2022 году пасаду спэцыяльнага прадстаўніка ЗША па Беларусі пакінула Джулія Фішэр. З 2020 году яна працавала ў Вільні, бо МЗС Беларусі адклікаў згоду на яе прызначэньне амбасадарам у Менску.
- 11 жніўня 2021 году прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што «амэрыканскаму боку прапанавана да 1 верасьня скараціць колькасць сваёй амбасады ў Менску да 5 чалавек».
- 18 сьнежня 2024 году Злучаныя Штаты абнавілі статус Беларусі для сваіх грамадзян: строга патрабуюць ня ехаць у Беларусь. Бюро консульскіх дачыненьняў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выпусьціла адпаведную адозву да грамадзянаў краіны.
- «Ня едзьце ў Беларусь праз адвольнае выкананьне ўладамі краіны мясцовых законаў, рызыку затрыманьня, пастаяннае спрыяньне вайне Расеі супраць Украіны, патэнцыяльныя грамадзянскія беспарадкі і абмежаваныя магчымасьці амбасады аказваць дапамогу грамадзянам ЗША, якія жывуць або падарожнічаюць у Беларусі. Грамадзяне ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, павінны неадкладна выехаць».
Форум