Падчас Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету, які праходзіць у Ленінградзкай вобласьці Расеі, журналісты пракрамлёўскага тэлеканала «Россия» спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, як ён расцэньвае заклік ЗША да грамадзянаў сваёй краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь і неадкладна пакінуць краіну.
— А мы не перажываем. У нас амэрыканцаў практычна няма. Але майце на ўвазе: яны нас ужо цэлы год просяць павялічыць штаты ў пасольстве да сотні чалавек. Таму тое, што вы ў мяне спыталі, для мяне навінка. Але ж мы нікога не трымаем у Беларусі. Жадаюць — хай знаходзяцца ў нас, не — значыць, не. Але іх 0,2 чалавека, — сказаў Лукашэнка.
- 18 сьнежня Злучаныя Штаты абнавілі статус Беларусі для сваіх грамадзян: строга патрабуюць ня ехаць у Беларусь. Бюро консульскіх дачыненьняў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выпусьціла адпаведную адозву да грамадзянаў краіны.
- «Ня едзьце ў Беларусь з-за адвольнага выкананьня ўладамі краіны мясцовых законаў, рызыкі затрыманьня, пастаяннага спрыяньня вайне Расеі супраць Украіны, патэнцыялу грамадзянскіх беспарадкаў і абмежаванай магчымасьці амбасады аказваць дапамогу грамадзянам ЗША, якія жывуць або падарожнічаюць у Беларусі. Грамадзяне ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, павінны неадкладна выехаць».
- 28 лютага 2022 году Дзярждэпартамэнт аддаў загад аб ад’езьдзе дзяржаўных службоўцаў ЗША і прыпыненьні працы амбасады ЗША ў Менску. Усе консульскія службы, звычайныя і экстраныя, прыпыненыя ў працы да далейшага апавяшчэньня. Грамадзяне ЗША ў Беларусі, якім патрэбныя консульскія паслугі, павінны паспрабаваць пакінуць краіну як мага хутчэй і зьвярнуцца ў амбасаду або консульства ЗША ў іншай краіне.
- Акрамя таго, Дзярждэпартамэнт нагадваў, што ў Беларусі не прызнаецца двайное грамадзянства. Улады могуць адмовіць у прызнаньні падвойнага грамадзянства ЗША грамадзянам Беларусі і ЗША, а таксама адмовіць або адтэрмінаваць консульскую дапамогу ЗША затрыманым грамадзянам з падвойным грамадзянствам.
- Грамадзянам ЗША рэкамэндавана пазьбягаць публічных дэманстрацый. Улады ўжылі сілу для разгону дэманстрантаў, у тым ліку мірных. Выпадковыя мінакі, у тым ліку замежныя грамадзяне, могуць сутыкнуцца з магчымасьцю арышту або затрыманьня.
- Варта і пераглядзець увоз у Беларусь электронных прылад. Грамадзяне ЗША павінны ведаць, што ўсе электронныя камунікацыі і прылады ў Беларусі кантралююцца беларускімі спэцслужбамі. Яны арыштоўвалі грамадзян ЗША і іншых замежных грамадзян на падставе інфармацыі, знойдзенай на электронных прыладах, у тым ліку зьвестак, якія былі створаныя, перададзеныя або захаваныя ў іншай краіне.
- Таксама ў адозьве гаворыцца, што грамадзяне ЗША павінны рэгулярна пераглядаць магчымыя пляны ад’езду ў выпадку надзвычайнай сытуацыі. Памежныя пераходы з суседнімі дзяржавамі часам зачыняюцца без папярэдняга паведамленьня. Магчымае дадатковае закрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы Беларусі зь Літвой, Польшчай, Латвіяй і Ўкраінай.