Выступаючы на мітынгу ў Будапэшце, прысьвечаным нацыянальнаму дню Вугоршчыны, Орбан заявіў, што надышоў час ліквідаваць «ценявую армію» НДА, журналістаў, судзьдзяў і палітыкаў, якія атрымліваюць грошы ад ЗША і Брусэля, маючы на ўвазе свае пляны па спыненьні дзейнасьці НДА і СМІ, якія атрымліваюць фінансаваньне ад Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) і мільярдэра Джорджа Сораса.
Орбан, саюзьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, сутыкаецца з ледзьве прыкметным ростам інфляцыйнай эканомікі і ростам апазыцыйнай партыі, што ўяўляе сабой самы сурʼёзны выклік ягонаму 15-гадоваму праўленьню.
Рашэньне Трампа замарозіць большую частку сродкаў, якія выдзяляюцца USAID, на 90 дзён і адправіць большую частку яго супрацоўнікаў у адпачынак, натхніла Орбана заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да дзейнасьці СМІ і НДАЮ якія фінансуюцца з-за мяжы, піша Reuters.
У мінулым месяцы Орбан заявіў, што Вугоршчына распрацуе законапраект аб абароне нацыянальнага сувэрэнітэту і раскрые замежнае фінансаваньне, якое накіроўваецца вугорскім СМІ.
На гэтым тыдні ягоная партыя «Фідэс» прадставіла зьмены ў Канстытуцыю, якія прадугледжваюць высылку грамадзян з падвойным грамадзянствам, калі яны будзе палічана, што яны ўяўляюць пагрозу сувэрэнітэту Вугоршчыны.
Орбан, які адмаўляўся адпраўляць зброю ва Ўкраіну ад самага пачатку вайны і падтрымліваў цесныя адносіны з Расеяй, зноў раскрытыкаваў Брусэль за працяг ваеннай дапамогі Украіне за некалькі дзён да саміту ЭЗ на наступным тыдні.
«Кіраўнікі Эўропы вырашылі, што Ўкраіна павінна працягваць вайну любой цаной, а ўзамен атрымае хуткае сяброўства ў ЭЗ, выкарыстоўваючы нашы грошы. У нас можа быць толькі адзін адказ на гэта: Саюз, але без Украіны», — заявіў ён.
Напярэдадні Орбан з нагоды нацыянальнага сьвята — Дня рэвалюцыі 1848 году — апублікаваў 12 патрабаваньняў да Эўразьвязу.
- Патрабуем Эўропу нацыяў.
- Патрабуем роўнасьці перад законам для ўсіх дзяржаваў-сябраў ЭЗ.
- Вярнуць паўнамоцтвы незаконна адабраныя ў нацыяў.
- Нацыянальны сувэрэнітэт і моцнае вета для нацыянальных урадаў.
- Выгнаць агентаў Сораса з Камісіі і выдаліць карупцыйных лябістаў з парлямэнту.
- Не закладайце будучыні нашых унукаў, зьліквідуйце доўг Эўразьвязу.
- Не перашкаджайце нашай нацыянальнай гвардыі ахоўваць нашыя мяжы.
- Не прывозьце мігрантаў і выдаліце тых, хто прыбыў нелегальна.
- Карупцыйныя даляры і эўры не павінны паступаць у дзяржавы Эўразьвязу.
- Забараніць ненатуральнае перавыхаваньне нашых дзяцей.
- Ахоўваць хрысьціянскую спадчыну Эўропы.
- Мы патрабуем міру ў Эўропе. Эўразьвяз, але без Украіны.
Форум