Акрамя таго, Будапэшт абяцае адмовіцца ад узгадненьня 15-га пакету санкцыяў, які краіны Эўразьвязу плянуюць прымеркаваць да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Сіярта заявіў, што Вугоршчына не пагодзіцца прадоўжыць санкцыі ў панядзелак 24 лютага. Гэтае рашэньне ён растлумачыў неабходнасьцю «даць час міратворчым намаганьням» прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Расеяй.
Міністар таксама заявіў, што Вугоршчына выступіць супраць прапанаванага ЭЗ пакету дапамогі Ўкраіне ў памеры 20 мільярдаў эўра. Міністар назваў яго «накіраваным на ўмацаваньне пазыцыяў Кіева на перамовах, а не на падштурхоўваньне да міру».
Вугоршчына ўжо пагражала накласьці вэта на працяг санкцыяў супраць Расеі і Беларусі ў студзені 2025 году. Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск тады заявіў, што кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан праявіць сябе як «сябра каманды Ўладзіміра Пуціна», калі санкцыі ня будуць працягнутыя.
У канцы студзеня санкцыі працягнулі пасьля таго, як Вугоршчына адклікала пярэчаньні. Узамен прадстаўнікі ЭЗ абяцалі ўхваліць заяву аб энэргетычнай бясьпецы Эўразьвязу і працягнуць перамовы аб аднаўленьні паставак расейскага газу праз Украіну.
Вугоршчына раней патрабавала ад Кіева як аднаўленьня транзыту газу праз Украіну, так і, напрыклад, гарантыяў бясьпекі трубаправоду «Турэцкі паток». 20 лютага Сіярта заявіў, што гэта абяцаньне было парушанае, паколькі Ўкраіна пачала перамовы аб аднаўленьні транзыту са Славакіяй, але не з Вугоршчынай.
Транзыт газу праз тэрыторыю Ўкраіны быў спынены з 1 студзеня 2025 году пасьля заканчэньня кантракту паміж «Нафтагазам» і «Газпромам». Кіеў заявіў, што не плянуе працягваць пагадненьне.
Форум