Паводле Белстата ў студзені — жніўні беларускі экспарт тавараў за мяжу зьнізіўся ў параўнаньні з такім жа пэрыядам 2024 году на 2,4 %, а імпарт — павялічыўся на 2,2 %. У выніку адмоўнае сальда дасягнула $ 3 млрд 791 млн (летась за гэты ж час было мінус $ 2 млрд 524 млн).
Эканамістка, экспэртка BEROC Анастасія Лузгіна пракамэнтавала гэтую тэндэнцыю ў інтэрвію Белсату.
Статыстычны камітэт з 2021 году не дае інфармацыі пра зьнешні гандаль Беларусі з канкрэтнымі краінамі сьвету. Ведамства дае толькі зьвесткі па гандлі з краінамі СНД і з астаінім сьветам.
«Калі мы паглядзім, за кошт чаго сфармавалася адмоўнае сальда, то гэта менавіта перавышэньне імпарту над экспартам з краінамі па-за СНД», — адзначыла Лузгіна.
Паводле Белстату, у студзені — жніўні экспарт тавараў у краіны СНД, а гэта пераважна ў Расею, вырас у параўнаньні з першымі 8 месяцамі 2024 году на 0,5 %, на 0,7 % скараціўся імпарт. У цэлым у гандлі таварамі з краінамі СНД сальда было станоўчым на ўзроўні $ 1,9 млрд. А вось у гандлі з краінамі па-за СНД суадносіны іншыя: зьніжэньне экспарту на 9,4 % год да года, рост імпарту — на 6,4 %. У выніку адмоўнае сальда ў гандлі з гэтымі краінамі ў $ 5 млрд 683 млн.
Паводле статыстыкі за 7 першых месяцаў году ( студзень ліпень) імпарт харчаваньня склаў$ 2,3 млрд і вырас год да году на 22%.
«Нягледзячы на заявы ўладаў, што варта скараціць спажываньне, занадта актыўны попыт унутры краіны, спажывецкі імпарт застаецца вельмі высокім. Прычым заўважна вырасьлі менавіта харчовая тавары. Прычынаю такога актыўнага росту імпарту спажывецкіх тавараў, безумоўна, зьяўляецца і рост прыбыткаў насельніцтва, і магчымасьці крэдытаваньня», — адзначыла Лузгіна.
Форум