Больш за год журналіста Дзяніса Івашына трымаюць у турме № 8 у Жодзіне на строгім рэжыме.
Дзянісу Івашыну 45 гадоў, ён працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайту міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледавала ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Івашын вядомы публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама артыкуламі пра ўплыў «рускага міру» на Беларусь і Сырыю.
Паводле жонкі палітвязьня Вольгі, сазвонаў зь Дзянісам няма ўжо чатыры месяцы.
Апошні ліст ад Дзяніса Івашына ягоныя сваякі атрымалі 6 сакавіка 2025 году.
«Піша, што атрымаў ад нас некалькі лістоў з паштоўкамі, і настрой падняўся. Фізычна адчувае сябе нармальна», — расказала Свабодзе Вольга Івашына.
Перасьлед журналіста Івашына
Супрацоўнікі КДБ Беларусі затрымалі Дзяніса Івашына 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Да позьняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус.
«У хаце і на лецішчы правялі ператрусы, забралі ўсе носьбіты інфармацыі: тэлефоны, ноўтбукі, кампутары, SIM-карты, банкаўскія карткі, кнігі, нататнікі, запісы, грошы ды розную драбязу кшталту сьцяжкоў, значкоў, візытовак ды інш. Вельмі цікавіла ўсё, зьвязанае з Украінай, хоць у пастанове на ператрус згадваецца крымінальны артыкул нібыта за распаўсюд асабістай інфармацыі», — расказвала жонка палітвязьня Вольга Івашына неўзабаве па затрыманьні мужа.
Таксама ўвечары 12 сакавіка 2021 году вобшук зрабілі дома ў Дзянісавай маці, а 15 сакавіка прыйшлі зь ператрусам да ягонай 95-гадовай бабулі.
Спачатку журналісту выставілі абвінавачаньне паводле 365 артыкула Крымінальнага кодэксу («умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў»), але ў выніку судзілі за здраду дзяржаве і незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці (артыкулы 356 і 179 КК).
Суд прызнаў Івашына вінаватым і асудзіў на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня ўва ўмовах строгага рэжыму.
Форум