Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крымінальны кодэкс унесьлі артыкул аб зьвестках пра рух войскаў, экспэрты тлумачаць гэта вайной ва Ўкраіне


Фатаграфаваньне руху вайсковай тэхнікі ў Беларусі цяпер караецца Крымінальным кодэксам
Фатаграфаваньне руху вайсковай тэхнікі ў Беларусі цяпер караецца Крымінальным кодэксам

Праваабаронцы «Вясны» прызнаюць некаторыя пазытыўныя зьмены, але заўважаюць, што зьявіліся і новыя падставы для палітычна матываванага перасьледу грамадзянаў Беларусі.

На Нацыянальным прававым партале Pravo.by 17 лютага апублікавалі закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці». Згодна зь ім уносяцца зьмены ў Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс.

Праваабаронцы «Вясны» зьвярнулі ўвагу на новы артыкул 375-3 Крымінальнага кодэксу — «Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб разьмяшчэньні або перамяшчэньні падразьдзяленьняў, узбраеньня, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў».

Максымальнае пакараньне, прадугледжанае гэтым артыкулам, — 6 гадоў зьняволеньня, іншыя санкцыі — штраф або арышт, або абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

«Увядзеньне такога складу зьвязана з вайной ва Ўкраіне і накіраванае на пашырэньне рэпрэсій супраць тых, хто дзеліцца зьвесткамі аб перамяшчэньні расейскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Але чалавек мог проста выпадкова сфоткаць вайсковы цягнік і падзяліцца здымкам зь сябрамі, а цяпер сядзе ў турму», — кажа Свабодзе пра новаўвядзеньне праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка.

Юрыст адзначае, што раней за тыя ж дзеяньні беларусаў улады перасьледавалі з дапамогай артыкулаў аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, альбо аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні, і нават артыкула 356 КК аб здрадзе дзяржаве, за што прадугледжана максымальнае пакараньне зьняволеньнем на тэрмін 15 гадоў для цывільных або 20 гадоў для вайскоўцаў.

«Цяпер магчымасьці павялічаныя. За тую ж фотку з вайсковым цягніком могуць выставіць і новы артыкул 375-3, і артыкул аб здрадзе радзіме, а потым судзіць па сукупнасьці. Рэпрэсіўныя магчымасьці робяць большымі, каб яшчэ далей запалохваць людзей і спыняць усякі супраціў дыктатуры», — мяркуе Леанід Судаленка.

Паводле зьменаў у кодэксы агулам перагледжаныя санкцыі 97 складаў злачынстваў, зь іх 65 складаў дапоўненыя мякчэйшымі відамі пакараньняў, адзначаюць экспэрты. У якасьці прыкладу кажуць пра тое, што непаўналетніх за меней цяжкае злачынства цяпер ня будуць караць пазбаўленьнем волі. Праваабаронцы «Вясны» прызнаюць і шэраг іншых пазытыўных зьменаў, але заўважаюць, што зьявіліся і новыя падставы для палітычна матываванага перасьледу грамадзянаў Беларусі.

Так, у кодэксах зьявіліся новыя рэпрэсіўныя нормы. Апрача таго, цяпер будзе складаней зьняць судзімасьць, адзначаюць праваабаронцы.

«Крымінальнае заканадаўства нібыта зьмянілася ў лепшы бок, але, калі заглыбіцца, то становіцца відавочным, што дзяржава не гатовая зьмякчаць пакараньне і паляпшаць становішча асобаў, якіх перасьледуюць з палітычных матываў, у тым ліку і тых, хто зьехаў з краіны», — кажуць юрысты «Вясны» пра зьмены ў кодэксы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG