Максім Рыжанкоў 26 лютага выступіў на пасяджэньні высокага ўзроўню Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні ў Жэнэве, піша БЕЛТА.
«Хопіць гаварыць пра пагрозу „расейцы ідуць“. Нікуды яны далей ня прыйдуць: ні ў Бэрлін, ні ў Парыж. І ня трэба ліць ваду на млын рыторыкі вайскова-прамысловых камітэтаў і зьвязаных зь імі палітычных колаў», — падкрэсьліў кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў.
Ён заявіў, сярод іншага, што Беларусь «пасьлядоўна і празрыста для суседзяў і міжнароднай супольнасьці робіць вымушаныя крокі ў адказ па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі і ўмацаваньні абараназдольнасьці краіны, у тым ліку пры падтрымцы найбліжэйшага саюзьніка — Расеі».
Паводле Рыжанкова, супрацоўніцтва Беларусі і Расеі не нясе пагроз трэцім краінам.
«Асобна кажу гэта для NATO. Мы ажыцьцяўляем сваё супрацоўніцтва ў рамках міжнароднага права і ў строгай адпаведнасьці з палажэньнямі ДНЯЗ (Дамова аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі)», — заявіў дыплямат.
Рыжанкоў сказаў, што Беларусь ня мае намеру «ўвязвацца ў вар’яцкі закуп дарагой зброі і кротнага павелічэньня ўзброеных сіл, правакуючы далейшую канфрантацыю».
«Гэта бескарысна. Дый у нас ёсьць на што траціць дзяржаўныя грошы: ахова здароўя, сацыяльныя патрэбы, разьвіцьцё, дарогі, стварэньне бясьпечнага асяродзьдзя для нашых грамадзян», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
Выступаючы на Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні ў Жэнэве, міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў анансаваў правядзеньне ІІІ Менскай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы і запрасіў «усіх зацікаўленых на адкрыты дыялёг». Паводле Рыжанкова, канфэрэнцыя пройдзе восеньню 2025 году.
Таксама 26 лютага Максім Рыжанкоў у Жэнэве сустрэўся зь Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Як паведамляе МЗС Беларусі, падчас сустрэчы Рыжанкоў заявіў, што Беларусь працягне супрацьстаяць «маніпуляваньню праваабарончымі інструмэнтамі, якое прыводзіць да таго, што правы чалавека ў так званых сьпелых дэмакратыях рэзка дэградуюць, а УВКПЧ на гэтым сумным фоне канцэнтруецца на непажаданых Захаду краінах, уключаючы Беларусь».
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. За гэта супраць Беларусі ўвялі замежныя санкцыі.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін заявілі аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі і навучаньні беларускіх пілётаў яе выкарыстоўваць.
У Беларусі чацьвёрты год працягваюцца розныя вайсковыя вучэньні, у тым ліку з удзелам расейскіх груповак. На 2025 год заплянавана некалькі маштабных манэўраў.
Форум