Сьцісла:
- Рыжанкоў выклаў старую савецкую канцэпцыю, што галоўным для людзей зьяўляецца права на бясьпеку, а таксама сацыяльна-эканамічныя правы, а не грамадзянскія ці палітычныя свабоды.
- Досьвед Беларусі дэманструе: калі ігнаруюцца грамадзянскія, палітычныя правы, то ніякай бясьпекі для грамадзян быць ня можа.
- Міністар паставіў пад сумнеў выбары як інстытут дэмакратыі.
- Рыжанкоў спрабуе выкарыстаць палітыка-ідэалягічны канфлікт паміж ЗША і ЭЗ.
- Выснова, зробленая ў дакладзе Рыжанкова: Захад павінен прызнаць дыктатарскія рэжымы як праяву разнастайнасьці гістарычнага працэсу.
Пасьля візытаў у Паўночную Карэю, М’янму, Сырыю, Лібан міністар замежных спраў Беларусі наведаў Эўропу. Максім Рыжанкоў 24 лютага выступіў на сэгмэнце высокага ўзроўню 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве. Пачаў з прапагандысцкіх сьцьвярджэньняў у стылі БТ. Маўляў, тысячы грамадзян Латвіі «ў чарзе стаяць на мяжы, каб трапіць у Беларусь па танныя якасныя тавары ці мэдычныя паслугі».
Аднак у цэлым выступ Рыжанкова быў у пэўным сэнсе праграмным і канцэптуальным. Міністар выцягнуў з архіву і выклаў старую савецкую канцэпцыю, паводле якой галоўным для людзей зьяўляецца права на бясьпеку, а таксама сацыяльна-эканамічныя правы, а не грамадзянскія ці палітычныя свабоды. Апавядаючы пра сытуацыю ў Беларусі, Рыжанкоў заявіў:
«Скажыце, калі ў краіне грамадзяне жывуць пад мірным небам, адчуваюць сябе ў поўнай бясьпецы, не асьцерагаюцца, што іх застрэляць з аўтамата, зарэжуць нажом або саб’е грузавік, якім кіруе фанатык. Калі яны не баяцца за жыцьцё сваіх дзяцей, калі тыя ідуць у школу ці гуляюць у двары. Калі яны маюць працу і дастатковы заробак, у тым ліку каб не эканоміць на харчаваньні, чыстай вадзе, абагрэве жыльля і электрычнасьці. Выкарыстоўваюць якасныя натуральныя прадукты. Палітычна пісьменныя і актыўныя. Дадайце да гэтага бясплатныя дзіцячыя сады, сярэднюю і вышэйшую адукацыю і ахову здароўя. Ці могуць быць у такой краіне фундамэнтальныя праблемы з правамі чалавека, як гэта разумее большасьць?»
Як калісьці казаў Аляксандар Лукашэнка, галоўнае — накарміць народ. На што Сьвятлана Алексіевіч яму трапна адказала, што грамадзтва — гэта не жывёлагадоўчая фэрма.
Аднак досьвед Беларусі добра ілюструе, што калі ігнаруюцца грамадзянскія, палітычныя правы, то ніякай бясьпекі для грамадзян якраз і ня можа быць. Тысячы людзей прайшлі праз турмы за тое, што спрабавалі адстойваць сваё права на свабоду. Якая бясьпека можа быць у краіне, калі за камэнтар ці падабайку ў сацыяльных сетках чалавека могуць кінуць за краты?
Як вядома, найлепшы спосаб абароны — гэта атака. Тут варта зьвярнуць увагу на заключныя словы працытаванага пасажу міністра пра тое, як фундамэнтальныя правы чалавека разумее большасьць. Маецца на ўвазе, што большасьць краін сьвету нібыта не падзяляе заходняй канцэпцыі правоў чалавека з акцэнтам на грамадзянскія і палітычныя свабоды. Больш за тое, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства спрабуе пераканаць, што і народы заходніх краін адрынаюць такі падыход тамтэйшых эліт:
«Калектыўны Захад ахоплены акцыямі грамадзянскага непадпарадкаваньня, мы гэта ўсё бачым. Удзельнікі збольшага не цікавяцца ні абаронай СМІ, ні нейкімі палітычнымі правамі. Мір і бясьпека, працоўныя месцы і заробак, пэнсіі і сацыяльныя гарантыі — вось асноўныя трыгеры, якія выводзяць на вуліцы сёньня мільёны людзей у Старым сьвеце. Тыя, дарэчы, мільёны, якія даўно расчараваліся ў здольнасьці вырашыць свае праблемы праз выбары».
Тое, што Рыжанкоў называе «акцыямі грамадзянскага непадпарадкаваньня», насамрэч і зьяўляецца рэалізацыяй на практыцы тых самых палітычных правоў, якіх так ня любіць беларуская ўлада. Такія акцыі на Захадзе праходзяць свабодна, іх удзельнікаў ня цягнуць у турму, калі яны адбываюцца мірна.
Тут жа мімаходзь міністар паставіў пад сумнеў выбары як інстытут дэмакратыі. Маўляў, там у Эўропе мільёны «даўно расчараваліся ў здольнасьці вырашыць свае праблемы праз выбары». З гэтага лёгка зрабіць выснову, што ня варта зьвяртаць увагу на, так бы мовіць, «спэцыфіку» выбарчага працэсу ў Беларусі. У такім кантэксьце можна ўсім даводзіць, што нікім ня выбраны Усебеларускі народны сход — гэта найвышэйшая форма дэмакратыі. Можа, не выпадкова беларускія чыноўнікі (Ігар Карпенка, Марат Маркаў) пачалі разважаць, што добра было б, каб гэты сход выбіраў прэзыдэнта.
У сваім выступе Рыжанкоў таксама паспрабаваў эксплюатаваць, выкарыстаць палітыка-ідэалягічны канфлікт паміж ЗША і ЭЗ. Ён перайшоў ад крытыкі «калектыўнага Захаду» да дыскрэдытацыі менавіта эўрапейскай мадэлі дэмакратыі: «Я пагаджуся са сьцьвярджэньнем, якое нядаўна шырока разышлося: сапраўдным крызісам дэмакратыі зьяўляецца сама Эўропа, якая парушае ўсе базавыя чалавечыя каштоўнасьці. Гэта ўжо разумеюць і ў Белым доме». Такая апэляцыя да нядаўняга выступу віцэ-прэзыдэнта Дж. Д. Вэнса на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы, у якім той крытыкаваў эўрапейскую дэмакратыю.
Рыжанкоў гаворыць пра непасьлядоўнасьць падыходаў Захаду да розных аспэктаў правоў чалавека: «Яшчэ ўчора ў жаночым спорце мы раздавалі мэдалі трансгендэрам. А сёньня гэта ўжо зноў парушэньне правоў жанчын. Мы зноў абараняем жанчын ад экстрэмізму гендэрнай ідэалёгіі». Таксама міністар крытыкаваў Захад за меры, якія ўскладняюць перамяшчэньне празь мяжу Беларусі з суседнімі краінамі, увядзеньне жорсткіх правілаў адносна мігрантаў.
А пад канец — крытыка ў адрас ЭЗ за парушэньне свабоды слова:
«„Свабодная Эўропа“ закрывае ў сябе беларускія і расейскія СМІ. Закрыла практычна ўсё».
І гэта гаворыць міністар замежных спраў краіны, дзе зьліквідаваныя, выціснутыя за межы ўсе незалежныя СМІ, а каля 40 журналістаў знаходзяцца за кратамі толькі за тое, што выконвалі свае прафэсійныя абавязкі.
Галоўная выснова выступу Рыжанкова:
«Няма ўнівэрсальнай мадэлі рэалізацыі правоў чалавека».
Міністар заклікае прызнаць «разнастайнасьць палітычных сыстэм, шляхоў разьвіцьця і культурных традыцый».
Гэта значыць, прапануецца прызнаць дыктатарскія рэжымы як праяву разнастайнасьці гістарычнага працэсу.
Такім чынам, дыктатарскія рэжымы адчулі, што палітычныя вятры падулі ў іхныя ветразі, а таму ловяць момант і ідуць у наступ.
Форум