Ія Рашэўская атрымала вестку, што ейны муж — вайсковец украінскай арміі — зьнік бязь вестак на перадавой ва ўсходнім Данецкім рэгіёне ў красавіку 2023 году. Аднак высьветлілася, што ён жывы.
Навіна аб прапажы Сяргея Скатарэнкі прыйшла ўсяго празь месяц пасьля таго, як ён уступіў у войска, адмовіўшыся ад працы за мяжой.
Неўзабаве Рашэўская высьветліла, што яе муж, ураджэнец Запарожжа, жывы і знаходзіцца ў палоне ў Чачэніі разам зь некалькімі іншымі ўкраінскімі ваеннапалоннымі.
Украінскі салдат, вызвалены ў выніку абмену ў чэрвені 2023 году, расказаў Рашэўскай, што ён і Скатарэнка ўтрымліваліся ў адной турме ў Чачэніі.
Рашэўская прыгадвае нечаканы кароткі відэазванок ад мужа ў жніўні 2023 году.
«Муж спытаў, як я і дзеці. Ён таксама прасіў дапамагчы яму вярнуцца дадому, кажучы, што мы — яго адзіная надзея», — расказала Рашэўская.
«Ён выглядаў жудасна, моцна схуднеў».
Паводле яе, украінскіх палонных у Чачэніі «трымалі ў падвале, і яны выжывалі на локшыне хуткага прыгатаваньня, хлебе і вадзе».
Украінскія ўлады ацэньваюць, што ў Чачэніі, расейскім рэгіёне, якім кіруе аўтарытарны лідэр Рамзан Кадыраў, у цяперашні час утрымліваецца больш за 150 украінскіх ваеннапалонных.
Кадыраў сьцьвярджае, што салдаты былі захопленыя чачэнскімі вайсковымі падразьдзяленьнямі, якія ваююць разам з расейскімі войскамі ва Ўкраіне.
Аднак украінскі Каардынацыйны штаб абыходжаньня з ваеннапалоннымі заявіў, што Чачэнія таксама часта «купляе» ўкраінскіх палонных у розных расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў, каб выкарыстоўваць іх як разьменную манэту ў перамовах.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ня можа незалежна пацьвердзіць гэтае сьцьвярджэньне. Некаторыя ўкраінскія палонныя былі абмененыя на чачэнскіх байцоў, захопленых украінскімі сіламі.
Кадыраў, заўзяты прыхільнік прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, адправіў ва Ўкраіну тысячы чачэнскіх байцоў з пачатку ўварваньня тры гады таму.
У сьнежні 2024 году Кадыраў пагражаў выкарыстоўваць украінскіх палонных у якасьці жывога шчыта для абароны стратэгічна важных будынкаў у Грозным ад украінскіх нападаў дронаў. Ён заявіў, што разьмесьціць іх на дахах будынкаў.
Гэтую заяву ён зрабіў пасьля паведамленьняў аб тым, што ўкраінскія дроны атакавалі паліцэйскі комплекс у чачэнскай сталіцы.
У студзені 2024 году Кадыраў прапанаваў вызваліць 20 украінскіх палонных у абмен на зьняцьце санкцый ЗША супраць ягоных сваякоў і коней.
48-гадовы Кадыраў і некалькі яго родных, у тым ліку яго маці Айман Кадырава, падпалі пад санкцыі з боку ЗША і ЭЗ у апошнія гады.
71-гадовая Кадырава ўзначальвае Фонд Кадырава, які рэалізуе праграмы «перавыхаваньня» ўкраінскіх дзяцей, выкрадзеных расейскімі сіламі з акупаваных тэрыторый. Вашынгтон увёў санкцыі супраць Кадыравай і Фонду ў жніўні 2023 году.
Кадыраў быў уключаны ў санкцыйныя сьпісы ЗША ў 2017 і 2020 гадах па абвінавачаньнях у парушэньні правоў чалавека.
PR-кампанія Кадырава
Чачэнскі праваабаронца Абубакар Янгулбаеў сьцьвярджае, што Кадыраў асабіста кантралюе абмены ўкраінскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваюцца ў Чачэніі.
«Хоць чачэнцы, якія ваююць ва Ўкраіне, зьяўляюцца часткай расейскіх войскаў, у Чачэніі ёсьць і свае інтарэсы. Для Кадырава важна дамагчыся вызваленьня чачэнцаў, якія трапілі ў палон ва Ўкраіне, каб захаваць сваю рэпутацыю перад сваім народам, якога ён увесь час заклікае ваяваць ва Ўкраіне», — сказаў Янгулбаеў Радыё Свабода/Свабоднае Эўропа.
«Гэта піяр-кампанія для Кадырава», — дадаў ён.
Дакладная колькасьць украінскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваюцца ў Чачэніі, ніколі не раскрывалася.
Па словах Марыі Клімак, журналісткі ўкраінскай маніторынгавай арганізацыі Media Initiative for Human Rights, у некаторых выпадках украінскі і чачэнскі бакі абменьвалі палонных «неафіцыйна» проста на палях бітваў ва Ўкраіне, без удзелу трэцяга боку.
Клімак расказала Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ўкраінскія палонныя ў Чачэніі звычайна ўтрымліваюцца ў цёмных, безаконных падвалах будынкаў, як мяркуецца, у паліцэйскіх участках. Былыя ваеннапалонныя паведамлялі, што спалі на гаспадарчых паліцах, бо ў падвалах не было ложкаў.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ня можа незалежна пацьвердзіць гэтыя сьцьвярджэньні.
У сваім навагоднім звароце прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што з пачатку ўварваньня ў выніку абменаў паміж Кіевам і Масквой былі вызваленыя 3956 украінскіх вайскоўцаў.
Аб якіх-небудзь прамых абменах палоннымі паміж Украінай і Чачэніяй публічна не паведамлялася, у той час як сем’і ўтрыманых у Грозным украінцаў працягваюць дамагацца іх вызваленьня.
Форум