Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны пасьля паведамленьня незалежных мэдыя прызнала зьбіцьцё дрона ў Менску. ФОТА


Рэшткі зьбітага ў Менску бесьпілётніка, 29 ліпеня 2025 году
Рэшткі зьбітага ў Менску бесьпілётніка, 29 ліпеня 2025 году

Пра інцыдэнт у двары дому на вуліцы Матусевіча стала вядома ў ноч на 29 ліпеня.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Беларусі выявілі і спынілі палёт неапазнанай паветранай цэлі — парушальніка парадку выкарыстаньня паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як бесьпілётны лётны апарат (БЛА).

Паводле ведамства, «у выніку ўзьдзеяньня на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02:33 БЛА ўпаў у раёне дому 72 на вул. Матусевіча г. Менску, пацярпелых няма».

Міністэрства абароны піша, што зараз апэратыўна прымаюцца дадатковыя захады для ўзмацненьня кантролю за выкарыстаньнем паветранай прасторы, праводзіцца праверка.

СК: у дроне былі «тратыл і вялікая колькасьць паражаючых элемэнтаў»

Сьледчы камітэт Беларусі пазьней паведаміў, што ноччу 29 ліпеня бесьпілётны лятальны апарат быў знойдзены Міністэрствам абароны і прыгнечаны сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, упаў без дэтанацыі ў двары дома № 72 па вуліцы Матусевіча:

«Абломкі бесьпілётніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю. У выніку здарэньня пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не праводзілася».

На месцы працавала сьледча-апэратыўная група, зь месца забралі фрагмэнты корпуса і крылаў БПЛА, рухавік, прыборы навігацыі і баявая частка. У апошняй паводле СК, былі «тратыл і вялікая колькасьць паражаючых элемэнтаў у выглядзе мэталічных шарыкаў».

З кадраў відэа СК вынікае, што дрон быў украінскі з эўрапейскімі дэталямі (на дэталях ёсьць надпісы на ўкраінскай і нямецкай мовах). Хоць у сваім камэнтары пра Ўкраіну прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч ня згадвае.

Раней «Люстэрка» напісала, што ў двары дому № 72 на вуліцы Матусевіча ў Менску каля 2:00 ночы 29 ліпеня разьбіўся, як мяркуецца, бесьпілётнік. Пра гэта «Люстэрку» паведаміў відавочца. Рэдакцыя таксама мае відэазапіс крушэньня.

Дрон, як сьцьвярджаюць відавочцы, урэзаўся ў дом, пасьля чаго ўпаў на прыпаркаваны аўтамабіль і ўзарваўся.

На відэа, якое мае рэдакцыя «Люстэрка», відаць двор дому № 72 на вуліцы Матусевіча ўначы. У роліку чутны шум, як ад мапэда, затым раздаецца моцны выбух. Пасьля на зямлю падаюць абломкі, а побач з прыпаркаванымі аўтамабілямі зіхацяць іскры пад сэрыю гукаў удараў і выбухаў.

«Міліцыя прыехала толькі праз 25 хвілін, пасьля чаго ўсіх разагнала, — расказалі відавочцы. — Усе прачнуліся ад гэтага пранізьлівага гуку, ноч была жахлівай».

У двары гэтага дому знаходзіцца дзіцячы садок № 12.

Дзяжурны гарадзкога аддзелу міліцыі № 3 Фрунзэнскага раёну сказаў журналісту «Люстэрка», які патэлефанаваў туды як мясцовы жыхар, што яму нічога не вядома пра імаверны начны інцыдэнт на вуліцы Матусевіча, 72.

Ад падзеньня рэшткаў бесьпілётніка пацярпелі дзьве машыны, якія стаялі ў двары піша Tochka.by. Уласьнікі машыны, на якую ўпалі рэшткі бесьпілётніка распавялі, што напісалі заяву на пашкоджаньне ад неўстаноўленай асобы, а ўжо потым даведаліся, што гэта быў бесьпілётнік.

Праваабаронцы адзначаюць, што АМАП затрымлівае людзей на вуліцы Матусевіча ў Менску, дзе ўначы ўпаў дрон. Імаверна, вядзецца пошук тых, хто перадаў зьвесткі пра бесьпілётнік незалежным СМІ. Менская міліцыя абвяргае гэтую інфармацыю.

  • Расейскія бесьпілётнікі, якія рэгулярна атакуюць Украіну, залятаюць і ў Беларусь.
  • За першы тыдзень ліпеня зафіксавалі ня менш за 59 такіх інцыдэнтаў, піша «Флагшток». Гэта рэкордная колькасьць.
  • За ўвесь чэрвень было зафіксавана 17 такіх выпадкаў, у папярэднія месяцы — менш.
  • У ліпені было зафіксавана два выпадкі пранікненьня бесьпілётнікаў у Літву з тэрыторыі Беларусі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG