Марка Рубіё ў інтэрвію амэрыканскай журналістцы Кэтрын Хэрыдж расказаў, што паведаміў міністру замежных спраў Расеі Сяргею Лаўрову падчас іх сустрэчы 18 лютага ў Саудаўскай Арабіі, што саміт не адбудзецца, «пакуль мы не даведаемся, пра што будзе гэтая сустрэча».
«Звычайна такія сустрэчы не праводзяцца, пакуль не зразумела, якога выніку можна чакаць або якога прагрэсу ўдалося дасягнуць», — дадаў ён.
У час перамоваў у Эр-Рыядзе Расея і ЗША дамовіліся стварыць групы для абмеркаваньня шляхоў завяршэньня вайны, якая пачалася з уварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. І Пуцін, і Трамп заяўлялі аб жаданьні правесьці саміт.
«Я думаю, што час гэтай сустрэчы шмат у чым будзе залежаць ад таго, ці зможам мы дабіцца прагрэсу ў завяршэньні вайны ва Ўкраіне. І калі мы зможам і гэтая сустрэча стане фінальным крокам, я думаю, усе павінны будуць павіншаваць прэзыдэнта Трампа як міратворца», — сказаў ён.
Трамп настойвае на больш хуткім заключэньні пагадненьня аб спыненьні вайны, але ягоная тактыка выклікае трывогу ва Ўкраіны і эўрапейскіх урадаў, бо яны баяцца, што ЗША і Расея могуць дамовіцца, ігнаруючы іхныя інтарэсы бясьпекі.
19 лютага Трамп шакаваў Украіну і яе эўрапейскіх саюзьнікаў, назваўшы прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага «дыктатарам» і фальшыва абвінаваціўшы Ўкраіну ў разьвязваньні вайны.
20 лютага Лаўроў прыняў удзел у сустрэчы краін «Групы дваццаці» (G20) у Паўднёвай Афрыцы і на яе палях сустрэўся зь міністрам замежных спраў Кітая Ван І.
Лаўроў заявіў, што адносіны Расеі і Кітая «сталі і застаюцца ўсё больш значным фактарам стабілізацыі міжнароднай сытуацыі і перадухіленьня яе спаўзаньня да татальнай канфрантацыі».
Ван І паведаміў іншым кіраўнікам МЗС краін G20, што для Ўкраіны «адкрываецца акно для міру», і Кітай падтрымлівае «ўсе намаганьні, якія садзейнічаюць міру».
G20 складаецца з 19 найбуйнейшых эканомік сьвету, а таксама Эўрапейскага зьвязу і Афрыканскага зьвязу. Цяпер старшынства ў арганізацыі, мэта якой — аб’яднаньне разьвітых краін і краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, для забесьпячэньня глябальнай эканамічнай стабільнасьці і супрацоўніцтва, належыць Паўднёвай Афрыцы.
Рубіё вырашыў ня ўдзельнічаць у двухдзённай сустрэчы G20 на фоне напружаных адносін з ПАР з прычыны некаторых элемэнтаў яе палітыкі, якія адміністрацыя Трампа ахарактарызавала як антыамэрыканскія. ЗША на сустрэчы прадстаўляў Дана Браўн, часовы пасол у Паўднёвай Афрыцы.
Форум