У апошнія дні Дональд Трамп узмацніў крытыку Ўладзіміра Зяленскага, назваўшы яго «дыктатарам без выбараў» і настойваючы, што Ўкраіна нясе адказнасьць за ўварваньне Расеі на яе тэрыторыю.
Камэнтары прэзыдэнта ЗША выклікалі ў рэспубліканскіх «ястрабаў» (прыхільнікаў жорсткай лініі супраць Расейскай Фэдэрацыі) заклапочанасьць тым, што заява аб гатоўнасьці спыніць падтрымку Кіева можа падбадзёрыць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Настойлівасьць Трампа ў адмоўных выказваньнях пра Зяленскага рэзка кантрастуе з пазыцыяй многіх рэспубліканцаў у Сэнаце, якія працягваюць разглядаць Украіну як ахвяру расейскай агрэсіі.
19 лютага ключавыя сэнатары ад Рэспубліканскай партыі выказалі рашучую падтрымку Ўкраіне.
Сэнатар Джон Кенэдзі (рэспубліканец ад штату Люізіяна) выказаўся аб пагрозе з боку Пуціна не шкадуючы выразаў, назваўшы яго «гангстэрам з чорным сэрцам... які прымушае Джэфры Дамэра (амэрыканскага сэрыйнага забойцу. — РС) выглядаць як маці Тэрэза».
«Вайну пачаў Уладзімір Пуцін. Я таксама, маючы горкі досьвед, лічу, што Ўладзімір Пуцін — гангстэр... У яго сталінская крыважэрнасьць», — сказаў Кенэдзі.
Сэнатар Роджэр Уікер (штат Місысыпі) паўтарыў асьцярогі Кенэдзі, заявіўшы, што перамовы аб спыненьні ўварваньня Расеі ва Ўкраіну павінны адбывацца з удзелам украінцаў, а таксама з улікам эўрапейскіх інтарэсаў. «Пуцін ваенны злачынца і павінен сядзець у турме да канца жыцьця, калі яго не пакараюць сьмерцю», — сказаў ён.
Сэнатар Том Тыліс (Паўночная Караліна) не пагадзіўся з Трампавай характарыстыкай Зяленскага як «дыктатара», хоць і ўнікаў яўнай крытыкі Трампа.
«Я б не ўжываў гэтага слова», — сказаў ён і дадаў, што паміж Уладзімірам Пуціным і прэзыдэнтам Зяленскім няма «маральнай роўнасьці». «Відавочна, Уладзімір Пуцін нясе адказнасьць за гэтую вайну», — заявіў Тыліс журналістам у Вашынгтоне 19 лютага. — Яго рашэньне прывяло да забойстваў, згвалтаваньняў, катаваньняў і выкраданьняў незьлічонай колькасьці ўкраінцаў. Ён адказны за гэтую вайну».
Лідэр большасьці ў Сэнаце Джон Тун (Паўночная Дакота) таксама адмовіўся крытыкаваць Трампа за яго выказваньні. «Прэзыдэнт гаворыць сам за сябе. Я думаю, што я падтрымліваю мірнае ўрэгуляваньне і вынік ва Ўкраіне... І я думаю, што менавіта зараз адміністрацыя, прэзыдэнт і яго каманда працуюць, каб гэтага дасягнуць», — сказаў ён журналістам.
- 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі. Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
Форум