Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень стварэньня перашага ўраду БНР, у 2022 годзе расейскія войскі засталіся ў Беларусі пасьля вучэньняў


Першы ўрад БНР.
Першы ўрад БНР.

Гэты дзень у беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзея дня

20 лютага 1918 году ў Менску створаны Народны сакратарыят, першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта быў орган выканаўчай улады, створаны ў Менску Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду. Магчымасьць скліканьня такога органу зьявілася пасьля эвакуацыі бальшавіцкага Аблвыканкамзаху ў ноч на 19 лютага 1918 году, пасьля пераходу ў наступленьне нямецкага войска. Сакратарыят абвясьціў сябе вярхоўнай уладай у краі да «скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі». Сядзіба Народнага Сакратарыяту знаходзілася ў Доме губэрнатара (Менск, пл. Свабоды, 9). Пасьля абвяшчэньня Першай Устаўной граматы Народны Сакратарыят у якасьці часовай улады быў падтрыманы Менскай гарадзкой думай.

Першы склад Народнага Сакратарыяту Беларусі: Язэп Варонка (старшыня і адначасова народны сакратар замежных спраў), Палута Бадунова (апекі), Гелій Белкінд (фінансаў), Яфім Бялевіч (юстыцыі), Тамаш Грыб (земляробства), Мойша Гутман (яўрэйскіх спраў), Кастусь Езавітаў (вайсковых спраў), Павел Злобін (вялікарускіх спраў), Аляксандр Карабач (пошты і тэлеграфа), Пётра Крачэўскі (кантролю), Іван Макрэеў (унутраных спраў), Віктар Рэдзька (шляхоў зносін), Іван Серада (народнай гаспадаркі), Аркадзь Смоліч (асьветы), Васіль Захарка (казначэй), Лявон Заяц (кіраўнік канцылярыі). Сябрамі ўраду былі пераважна прадстаўнікі партыі Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ).

20 лютага 2022 году на тэрыторыі Беларусі завяршыліся расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». Але вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі не адбылося. Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы». 22 лютага расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі з баямі пачалі марш на Кіеў.

Дзень у гісторыі

1530 — дзевяцігадовы вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст каранаваны на польскага караля.

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл, карціна Яна Матэйкі
Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл, карціна Яна Матэйкі

1909 — француская газэта «Le Figaro» апублікавала «Маніфэст футурызму».

1922 — Сэйм Сярэдняй Літвы прыняў рашэньне аб далучэньні яе да Польшчы.

1981 — адкрылася Полацкая мастацкая галерэя.

1988 — пазачарговая сэсія абласнога Савету дэпутатаў Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці (НКАВ) прыняла рашэньне «Аб хадайніцтве перад Вярхоўным Саветам Азэрбайджанскай ССР і Армянскай ССР аб перадачы НКАВ са складу АзССР у склад АрмССР» (пачатак карабаскага канфлікту).

2009 — упершыню адзначаны Ўсясьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці, абвешчаны рэзалюцыяй Генэральнай асамблеі ААН ад 18 сьнежня 2007 году. У рэзалюцыі прызнаная неабходнасьць далей нарошчваць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў галіне выкараненьня галечы, забесьпячэньня поўнай занятасьці, годнай працы, раўнапраўя мужчын і жанчын, сацыяльнага дабрабыту і сацыяльнай справядлівасьці для ўсіх.

У гэты дзень нарадзіліся

1889Фёдар Турук, беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч.

1897Васіль Шаранговіч, савецкі партыйны дзяяч.

1922Міхаіл Цікоцкі, беларускі мовазнаўца і журналіст.

1926 Лідзія Вакулоўская, пісьменьніца, сцэнарыстка, дысыдэнтка.

1936 Кім Цесакоў, кампазытар, аўтар сымфоніі «Курапаты».

1945 Таіса Бондар, беларуская пісьменьніца, перакладніца.

1947Валер Мазынскі, беларускі тэатральны рэжысэр і грамадзкі дзяяч.

Валер Мазынскі
Валер Мазынскі

1962 Аляксей Шадзько, музыка, актор тэатру і кіно.

У памяці

1810Марцін Пачобут-Адляніцкі, асьветнік, астраном, пэдагог.

1963Канстанцін Палікарповіч, беларускі археоляг.

1963Кастусь Галкоўскі, беларускі кампазытар.

1988 Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзяяч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG