18 лютага мытная служба Літвы паведаміла пра ўзмацненьне кантролю транзытных грузавікоў зь Беларусі і Расеі, якія едуць празь Літву. Узмацненьне жорсткасьці праверак абгрунтоўваюць павелічэньнем колькасьці выпадкаў незаконнага зьліву паліва кіроўцамі грузавікоў з гэтых краін.
Цяпер на літоўскіх памежных пунктах будуць праводзіць вымярэньне ўзроўню паліва ў паліўных баках грузавікоў, якія ўяжджаюць у Літву і выяжджаюць з краіны. Таксама ўзмоцняць патруляваньне ў раёнах, дзе магчымы незаконны зьліў паліва. Пры неабходнасьці меры кантролю могуць пашырыць, адно з прапанаваных рашэньняў — рэгуляваньне аб’ёмаў імпартаванага паліва, як гэта робяць суседнія Латвія і Польшча.
У мытнай службе Літвы тлумачаць праверкі тым, што ў пачатку 2025 году пачасьціліся выпадкі незаконнага падпольнага зьліву паліва з расейскіх і беларускіх грузавых аўтамабіляў, якія праяжджаюць транзытам. Паводле літоўскіх мытнікаў, грузавікі, якія заяжджаюць у Літву з палівам у баках, спыняюцца ў сакрэтных, узгодненых «кропках», дзе большую частку гэтага паліва зьліваюць.
Паводле ведамства, толькі на мінулым тыдні супрацоўнікі літоўскай Мытна-крымінальнай службы затрымалі тры расейскія грузавікі, зь якіх незаконна зьлівалі паліва. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне правілаў захоўваньня і транспартаваньня нафтапрадуктаў і падакцызных тавараў, а таксама парушэньне міжнародных санкцыяў. Ім пагражае штраф да 6000 эўра, а таксама канфіскацыя паліва і транспарту.
Як адзначае мытная служба Літвы, тыповы грзавік за адну такую паездку можа зьліць ад 800 да 1000 літраў дызэльнага паліва, якое потым прадаюць на «чорным рынку». Паводле ацэнак мытнікаў, урон, які наносіцца Літве незаконным зьлівам паліва і ўхіленьнем ад выплаты мытаў на імпарт, можа дасягаць 20 мільёнаў эўра ў год.
«Грузавікі, якімі кіруюць кіроўцы з трэціх краін, часта выбіраюць нелягічныя маршруты, спыняюцца і перамяшчаюцца па Літве зь незразумелымі мэтамі. Праз гэта іх транзытны шлях займае ў некалькі разоў больш часу, чым трэба было б пры аптымальным і лягічным плянаваньні маршруту», — адзначаецца ў паведамленьні.
За незаконны зьліў паліва ў Літве прадугледжаная адказнасьць у выглядзе штрафаў, канфіскацыі паліва, а па рашэньні суда могуць канфіскаваць і самі грузавікі.
Форум