Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты
«Гісторыя пра тое, як аднойчы ў горад прыходзяць сланы, а людзі ня хочуць нічога заўважаць і рабіць»
— Саша, ваш новы раман называецца «Слон», ён у тым ліку пра тое, «як людзей расчалавечваюць, як людзі выбіраюць камфорт замест таго, каб выбіраць любоў». Давайце трошкі паспойлерым, раскажыце, пра што раман.
— Так, раман пра тое, што людзі абіраюць камфорт, што ім ня хочацца заўважаць тое, што адбываецца вакол нас. Я пішу адзін раман гістарычны, потым пішу раман пра тое, што з намі адбываецца, потым зноў гістарычны. Гэты раман, мне здаецца, напэўна, часткова гістарычны, бо ён апавядае пра тое, што зараз з намі адбываецца, пра наш час, пра апошнія гады, пра вайну, пра тое, як людзі не заўважаюць яе. У гэтым сэнсе ёсьць, вядома, дакумэнтальныя асновы, гэта нашае жыцьцё.
— Магу ўдакладніць — ці гэта пра жыцьцё ў Расеі, ці ў Беларусі, ці ва Ўкраіне?
— Гэтая гісторыя, мне здаецца, можа адбывацца і ў Злучаных Штатах Амэрыкі, і ў Расеі, і ў Беларусі, і ў Швайцарыі. Як бачым, зараз мы аднолькава ня хочам заўважаць нейкіх цяжкасьцяў, якія адбываюцца вакол нас. Вы можаце прачытаць гэтую гісторыю як тое, што яна адбываецца ў Беларусі, як тое, што яна адбываецца ў Расеі ці ў Злучаных Штатах. Гэта ня вельмі істотна. Гэта пра тых людзей, якія лічаць за лепшае не заўважаць.
— Чаму раман называецца «Слон»?
— Гэта гісторыя пра тое, як аднойчы ў горад прыходзяць сланы, шмат сланоў, яны стаяць на вуліцах, у кватэрах, у тэатры, у цэнтры стадыёнаў, пляцовак, і людзям трэба нешта рабіць з тым, што прыйшлі сланы, а людзі ня хочуць нічога рабіць. Ёсьць пасіянарыі, якія лічаць, што трэба нешта рабіць, што трэба нешта зьмяняць, а ёсьць грамадзтва, якое вельмі хутка вырашае, што не, лепш мы будзем нічога не разумець, лепш мы будзем жыць тым жыцьцём, якім жылі раней, ня будзем нічога заўважаць. Слон — гэта вельмі яскравы вобраз... Ёсьць людзі, якія лічаць, што ня трэба нічога рабіць, бо заўсёды былі сланы, што калі ня будзе сланоў, будуць нейкія новыя праблемы, і навошта зараз нешта пачынаць рабіць... Мы нібыта заўсёды адаптуемся да ўсяго... Тры гады была вайна. Навошта было выказвацца, калі вось яна зараз скончыцца і можна было сядзець у рэстаранах, хадзіць у тэатры і нічога не рабіць? Гэта пра выбар, які робіць кожны чалавек.
«Ёсьць беларусы, якія за кратамі, ёсьць беларусы, якія кожны дзень ходзяць працаваць у міліцыю»
— Вы гаворыце, што гэта можа быць гісторыя беларуская, расейская, магчыма, украінская, магчыма — амэрыканская. Якія розныя сланы для беларусаў, для расейцаў, для ўкраінцаў, для амэрыканцаў?
— Мне цяжка адказваць на гэтае пытаньне, бо ёсьць розныя расейцы, розныя беларусы. Ёсьць украінцы, якія дамагаюцца свабоды, ёсьць украінцы, якія зьяжджаюць і жывуць недзе там у Лісабоне ці ў Барсэлёне. Ёсьць беларусы, якія за кратамі, ёсьць беларусы, якія кожны дзень ходзяць працаваць у міліцыю... Я супраць абагульненьняў. Гэтая гісторыя пра тое, што людзі вельмі розныя, пра тое, што ў людзей вельмі розная мараль, што людзі вельмі па-рознаму падыходзяць да адной і той жа сытуацыі і вельмі па-рознаму яе бачаць. Хтосьці заўважае гэтых сланоў, якія велізарныя, якія больш за сланоў, якія вышынёй па пяць-шэсьць паверхаў, а нехта не заўважае зусім.
— Ці робяць выгляд, што не заўважаюць, каб выжыць, каб захавацца, каб быць у такой унутранай эміграцыі? Ці ёсьць такая лінія ў вашым рамане?
— Так.
«Я вельмі рады, што ў мяне знайшоўся беларускі выдавец»
— Гэта будзе ваш першы раман, беларускамоўная вэрсія якога выйдзе па-беларуску раней за расейскамоўную і вэрсіі на іншых мовах. Таксама паспрабуем залезьці ў пісьменьніцкую кухню. Вы напісалі яго па-беларуску?
— Мы вырашылі выдаваць беларускую вэрсію раней, каб дапамагчы беларускамоўным выдаўцам. З гэтым ёсьць цяжкасьці, бо ў рамане ёсьць крыжаванка. Было адразу зразумела, што будзе велізарная праблема для перакладніцы з расейскай на беларускую з гэтай крыжаванкай, бо там усе словы сыходзяцца, усе сэнсы сыходзяцца ў фінале кніжкі. І гэта праца, якую я рабіў тры гады. Мне падаецца, ёсьць цяжкасьці зь перакладам гэтай крыжаванкі. Немагчыма зрабіць яе такой, якой яна ёсьць у арыгінале, і немагчыма будзе яе перакласьці і на нямецкую мову ці на францускую, і гэта будзе боль усіх маіх перакладнікаў.
Кніжка выйдзе ў красавіку на беларускай мове, і потым празь месяц павінна выйсьці на расейскай мове. Беларускамоўная вэрсія выйдзе ў выдавецтве «Гутэнбэрг», якое выдае ўсе мае беларускамоўныя кніжкі. Здаецца, кнігу ўжо можна замовіць. А я вельмі рады, што ў мяне знайшоўся беларускі выдавец. Мне здаецца, што ў нас добра атрымліваецца працаваць разам.
— Чаму для вас было прынцыповым выдаць першай беларускамоўную вэрсію?
— Бо трэба дапамагаць беларускім выдаўцам... Бо ёсьць людзі, якія хочуць чытаць толькі на беларускай мове... Мне падаецца, што ўсе людзі, якія ў 2025 годзе яшчэ займаюцца літаратурай, разумеюць, што трэба дапамагаць адно аднаму...
— Адзін мой калега прызнаўся нядаўна мне, што пасьля 2020 году практычна перастаў чытаць мастацкую літаратуру, увесь час займаюць навіны, аналітыка, публіцыстыка. Для мастацкай літаратуры бракуе настрою. Ці вы заўважаеце як пісьменьнік, як мяняюцца апошнія пяць гадоў чытацкія звычкі? У тым ліку вашы?
— Цяпер я магу чытаць. У 2020 годзе мне было цяжка і пісаць. Калі пачалася вайна, таксама. Кожны пісьменьнік сам сабе задае гэтае пытаньне — навошта гэта ўвогуле, ці патрэбная зараз літаратура, што можа зрабіць літаратура, што можа паўплываць літаратура, ці павінна яна на нешта паўплываць. Гэта таксама ўсе пытаньні, якія ёсьць у новай кніжцы, пра якія я разважаю...
— Я была на спэктаклі паводле вашай п’есы «Крэмулятар» у Празе. Заля была поўная, пры канцы публіка вітала трупу стоячы. Наватарская пастаноўка, сучаснае гучаньне. Якія водгукі ідуць вам як аўтару на тэатральнае ўвасабленьне гісторыі пра першага дырэктара маскоўскага крэматорыю?
— Водгукі розныя, бо гэта жывы спэктакль, і пастаноўнікі нешта зьмяняюць у ім. Я бачыў яго на Кіпры, там таксама была вельмі ўдзячная публіка. Я ня ведаю, як гэта было ў Празе, як было ў Бялградзе. У Бялградзе я не быў таму, што зараз езьдзіць у Сэрбію — гэта дрэнная ідэя для беларусаў, супраць якіх адкрытыя «крыміналкі».
— Ня тое каб ідэя вам для новага твору, але, напэўна, цікавая тэма — пра тое, як людзей, якія выходзяць з-за кратаў, прымушаюць падпісваць дакумэнты аб супрацы зь сілавікамі, спэцслужбамі, і ўсе дылемы, якія пазьней зьяўляюцца? Які ваш погляд на гэтую практыку ўладаў і магчымыя дзеяньні людзей, вымушаных гэта рабіць?
— Па-першае, гэта жудасна. Мне здаецца, што мы павінны падтрымліваць людзей, якія апынуліся ў гэтай сытуацыі. Самае галоўнае, што яны павінны ведаць, што грамадзтва — на іхным баку, і што няма ніякага асуджэньня, калі яны робяць там нешта ці нешта падпісваюць. Мы разумеем, пад якім ціскам яны знаходзяцца і там. Калі чалавек вырашыў для сябе, што каб апынуцца на свабодзе, ён нешта падпісвае, гэта яго выбар, і мы ня можам нічога пра гэта казаць. Калі гэтаму чалавеку патрэбная наша падтрымка, мы павінны падтрымаць яго, мы можам зь ім паразмаўляць пра гэта, калі ён хоча пра гэта размаўляць. Кожны чалавек, які апынуўся за кратамі, павінен ведаць, што грамадзтва яго падтрымлівае, што гэта наша таксама віна ў тым, што ён апынуўся за кратамі, і мы ня можам нічога зрабіць, каб яго адтуль вызваліць. Я разумею, як ціск адбываецца. Я ведаю, як там мой бацька запісваў відэа, у якім «асуджае» маю дзейнасьць, і як гэта робіцца.
«Зараз адчуваю ў сабе сілы, каб пісаць далей»
— Вы пачалі гаварыць пра крымінальную справу, заведзеную супраць вас у Беларусі. Што вам вядома пра гэта?
— Мы ведаем, што гэта артыкул 130, частка 3. Гаворка там пра тое, што я сродкамі літаратуры заклікаў да масавых пратэстаў у Беларусі... Калі будзе суд, я ня ведаю. Яны ж нічога ня кажуць. Справа адкрытая, яна там, напэўна, дзесьці ляжыць і проста чакае свайго часу.
— Саша, а дзе вы бачыце сябе праз год, празь пяць гадоў, празь дзесяць гадоў?
— Ня ведаю. Такім пытаньнем не задаюся... Я шмат ужо дзе пажыў. Калі ўсё так будзе працягвацца, то, напэўна, у цягніку ці самалёце... Мне хочацца, каб мая кніжка пачала жыць, хочацца скончыць п’есу і, можа,. нешта яшчэ напісаць, бо я зараз адчуваю ў сабе сілы, каб пісаць далей. Некалькі гадоў таму мне падавалася, што я ўжо ніколі не змагу нічога пісаць... Хочацца верыць, што недзе празь пяць, дзесяць гадоў буду ў бібліятэцы сядзець і што ў мяне будзе нейкае месца, дзе я змагу працягваць пісаць.
Форум