Высокі суд Вялікай Брытаніі днямі вынес рашэньне ў справе кампаніі Dana Astra супраць міністра замежных справаў, у справах Супольнасьці й разьвіцьця Вялікай Брытаніі, заўважыла Reform.news. Беларуская будаўнічая кампанія спрабавала аспрэчыць уведзеныя супраць яе санкцыі.
Брытанскі ўрад уключыў Dana Astra ў санкцыйны сьпіс на дзьвюх падставах:
- Падтрымка рэжыму Лукашэнкі — кампанія фінансавала Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі (НАК), які ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць спартоўцаў, што пратэставалі супраць фальсыфікацыяў на выбарах 2020 году;
- Дзейнасьць у стратэгічна важным сэктары эканомікі — Dana Astra ёсьць забудоўнікам маштабнага праекту «Мінск сьвет», які рэалізуецца пры падтрыманьні ўраду Беларусі.
У пазове кампанія Dana Astra сьцьвярджала, што зазнае ціск з боку ўладаў Беларусі і нават трапіла пад санкцыі ў самой Беларусі, і заявіла, што яе ўключэньне ў санкцыйны сьпіс парушае Эўрапейскую канвэнцыю ў правах чалавека (ЭКПЧ), бо абмяжоўвае права на вядзеньне бізнэсу.
Суд не падтрымаў гэтых довадаў, пацьвердзіўшы, што абмежаваньні адпавядаюць мэтам брытанскага заканадаўства аб санкцыях і маюць важкія падставы. МЗС Вялікай Брытаніі настойвала, што Dana Astra абгрунтавана лічыцца ўцягнутай у падтрыманьне рэжыму Лукашэнкі, суд пагадзіўся з аргумэнтамі ўладаў і прызнаў, што кампанія сапраўды фінансавала НАК, а праект «Мінск сьвет» эканамічна важны для ўладаў Беларусі і спрыяе падтрыманьню рэжыму.
У выніку суд адхіліў пазоў Dana Astra, пастанавіўшы, што санкцыі накладзеныя законна і абгрунтавана. Судзьдзя таксама падкрэсьліў, што абмежаваньні не парушаюць правоў кампаніі, бо кампанія не вядзе дзейнасьці ў Вялікай Брытаніі і ня мае актываў у краіне.
Вэрдыкт аб’яўлены 11 лютага 2025 году ў аддаленым рэжыме, пасьля чаго тэкст рашэньня апублікаваны ў Нацыянальным архіве Вялікай Брытаніі.
У лістападзе 2024 году Суд агульнай юрысдыкцыі Эўразьвязу адмовіўся здымаць санкцыі з сэрбскага бізнэсоўца Багалюба Карыча, афіліяванага з DANA Astra і вядомага сувязямі з Аляксандрам Лукашэнкам.
- У чэрвені 2023 году Эўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з зарэгістраванай у Менску будаўнічай кампаніі Dana Astra, якую кантралююць Багалюб Карыч і ягоны брат Драгамір Карыч. Кампанія Dana Astra трапіла ў санкцыйныя сьпісы ў 2021 годзе за супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.
- Dana Holdings / Dana Astra — адзін з асноўных дэвелапэраў і забудоўнікаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя надзелы для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць шчыльныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
- Увосень 2020 году выданьне EU Observer апублікавала расьсьледаваньне пра маёмасныя сувязі Dana Holdings з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і ягонай жонкай Ліліяй Лукашэнкай праз кіпрскія афшорныя кампаніі.
- 17 сьнежня 2020 году Рада ЭЗ унесла кампанію Dana Holdings / Dana Astra ў санкцыйны сьпіс. Пазьней кампанія трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Альбаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайну, Нарвэгіі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі, якія далучыліся да новых санкцыйных пакетаў. У сакавіку 2023 году Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны сьпіс Японіі.
- Аляксандар Лукашэнка 29 сьнежня 2023 году падчас дакладу старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава наконт будаўніцтва жытла ў Менску зьвярнуў увагу на «скаргі» ў адрас кампаніі «Дана Астра» і даручыў «разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца». Пасьля гэтага забудоўніка пачалі правяраць розныя кантрольныя органы.
Форум