Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік расказаў, як укараняе ва ўкраінскім войску баявых робатаў і вядзе пастырскую працу


Андрэй Кушняроў
Андрэй Кушняроў

Андрэй Кушняроў ваюе за Ўкраіну, зьяўляецца кіраўніком Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў і ўкараняе на фронце робатаў для выратаваньня жыцьцяў.

Андрэй Кушняроў — былы праграміст, апазыцыйны палітык і хрысьціянін. Ён служыць у падразьдзяленьні наземных робатызаваных комплексаў.

Беларускі добраахвотнік у інтэрвію «Настоящему времени» расказаў, як ва Ўкраіне сфармавалі новы род войскаў — бесьпілётныя сыстэмы, якія могуць быць як паветранымі, так і наземнымі і марскімі. Падразьдзяленьне, у якім знаходзіцца Кушняроў, займаецца наземнымі робатызаванымі комплексамі ўнутры батальёна «Ваўкі Да Вінчы».

«Гэта тое, што ў народзе называецца робатамі. Па-ангельску гэта UGV, unmanned ground vehicles, наземныя робатызаваныя комплексы. Гэта значыць нешта, што само рухаецца і, напрыклад, страляе ці падрываецца. Або проста езьдзіць.

Такіх жа робатаў я нядаўна бачыў у Таліне: там ёсьць робаты-дастаўшчыкі, аўтаматызаваныя кампаніяй StarShip. У нас тое ж самае, толькі для вайны. Часам — з кулямётамі, часам са выбухоўкай. Часам яны проста перавозяць рэчы, часам дапамагаюць эвакуаваць параненых», — расказаў Андрэй Кушняроў.

Паводле яго, асноўныя кірункі дзейнасьці падразьдзяленьня — мэдыцынская эвакуацыя, мінаваньне і лягістыка (дастаўка нечага на перадавую — байцоў, боепрыпасаў).

«Калі на „нуль“ (перадавую) езьдзяць кіроўцы, гэта некалькі кілямэтраў, якія прастрэльваюцца дронамі і артылерыяй. А езьдзіць трэба пастаянна, амаль кожны дзень. Лепш адправіць робата, чым кіроўцу», — лічыць Кушняроў.

Кушняроў адзначыў, што цяпер на фронце актыўна разьвіваюцца робатэхналёгіі.

«Літаральна кожны тыдзень мы ў падразьдзяленьні тэстуем нешта новае. Часам за тыдзень — некалькі адзінак. Гэта значыць, вытворцы зьвяртаюцца да нас, кажуць: хочаце атрымаць нейкі бясплатны экзэмпляр? Можа, вы дапаможаце нам пратэставаць гэта ў баявых умовах? Бо на палігоне прайграць рэальныя баявыя сытуацыі немагчыма. Некаторыя вельмі складана прайграць, некаторыя зусім немагчыма.

Вельмі складаныя ўмовы на Данбасе. Там глеба, вялікая колькасьць РЭБ (сродкаў радыёэлектроннай барацьбы) на фронце, рознага віду артылерыі і гэтак далей там задзейнічана. Таму многія вытворцы да нас зьвяртаюцца, многія даюць нешта на тэставаньне. Калі нешта ўжо пратэставана і паказала сябе, мы праводзім зборы і купляем тое, у чым мы ўжо ўпэўненыя, што яно працуе», — расказаў беларускі добраахвотнік.

Ён кажа, што празь некалькі гадоў наземныя робатызаваныя комплексы стануць абавязковай часткай кожнага падразьдзяленьня.

«Ужо цяпер у амаль кожнай брыгадзе ёсьць свае наземныя робаты, і гэтая тэхналёгія імкліва разьвіваецца. Калі я праз 3-4 месяцы зноў прыеду ў ЭЗ, я раскажу ўжо пра значна больш прасунутыя распрацоўкі. Замяніць чалавека робаты, напэўна, ня змогуць. Але стаць неабходным дапаўненьнем — безумоўна».

Андрэй Кушняроў — хрысьціянін і па адукацыі тэоляг. Ён расказаў, як спалучае рэлігійнае жыцьцё з вайсковым.

«У мяне шмат было і ёсьць размоваў з пабрацімамі, ініцыяваных самімі гэтымі людзьмі, калі яны даведваюцца, што ў мяне пастарская адукацыя. Недзе нехта знаходзіць момант адысьці, крышку пагаварыць, пазадаваць мне нейкія пытаньні, якія іх цікавяць. Ёсьць думка, што на вайне няма няверуючых. Наагул ёсьць, і даволі шмат».

Апошнія 5 гадоў, да 2022-га, Кушняроў працаваў у IT-кампаніі зь «вельмі добрым заробкам». На пытаньне, ці сумняваўся ён у тым, што зрабіў правільны выбар, Кушняроў адказвае:

«Кожны дзень я задаю сабе пытаньне: „Госпадзе, што я тут раблю? У мяне ж усё было добра“. Але сумневаў у тым, што я зрабіў правільна, пры гэтым у мяне не было, як бы гэта ні гучала. Я разумею, што, калі я, скажам так, перагарну гэтую старонку, я не змагу нармальна ў люстэрка глядзець, мне будзе брыдка ад самога сябе. Калі я змагу так зрабіць: паехаць і сказаць: „Усё, я тут зрабіў дастаткова“.

Гэта значыць, я магу недзе крыху адыходзіць ад раненьня, я магу ў адпачынку нейкім быць. Але ў цэлым я або на вайне, або для вайны, у тым ці іншым выглядзе. Нават вось цяпер я ежджу, і, у прынцыпе, я не зусім разглядаю сябе як чалавека: я функцыя. Я нешта раблю патрэбнае.

Зразумела, што ў мяне ёсьць нейкія асабістыя перавагі, хачу — не хачу, гэта падабаецца, гэта не падабаецца. Але ў цэлым чалавек, калі прыходзіць у войска, ён прысьвечаны гэтай вайне ў нейкай ступені. Гэта не павінна быць адзінае, чаму ён прысьвечаны. Але шмат у чым — так. Гэта зьядае час, часам гэта зьядае сям’ю, часам гэта зьядае здароўе, часам гэта зьядае жыцьцё — па-рознаму. Але я не ўяўляю, як потым пра гэтую вайну праз, напрыклад, 10 гадоў ці 20 гадоў будуць гаварыць і мяне спытаюць: „А што ты рабіў падчас вайны?“. А я ўцёк. Я не магу сабе гэтага ўявіць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG