Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Літвы назваў 12-мільярдны пазоў «Беларуськалію» ў арбітраж палітычным ціскам


Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота

Арбітражны працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас разьлічвае, што Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі, які пачаў падрыхтоўку да слуханьняў справы «„Беларуськалій“ супраць Літвы», вызначыць абгрунтаванасьць патрабаваньняў беларускага боку.

«Арбітраж будзе ацэньваць абгрунтаванасьць гэтых патрабаваньняў. 16, 10 ці 12 мільярдаў эўра ня ўражваюць. Мяркуем, што гэта сродак палітычнага ціску», — працытавала літоўскага прэм’ера выданьне klaipeda.diena.lt.

Паводле яго, урад ня будзе рэагаваць ці ўмешвацца ў працэс.

«Ёсьць юрысты, якія робяць сваю працу, і яны яе зробяць. Думаем, што пазыцыя Літвы правільная», — дадаў Гантаўтас Палуцкас.

13 лютага Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі правёў кансультацыі аб фармаце слуханьняў, а 16 лютага выдаў дакумэнт, які вызначае працэдуру падрыхтоўку да пачатку слуханьняў. У ім адзначаецца, што папярэднія слуханьні справы могуць прайсьці 1 сьнежня 2025-га, а самі слуханьні 23-27 лютага 2026 году.

Прэс-рэлізу па выніках кансультацый пакуль не апублікавалі. Раней арбітраж вызначыў, што тэксты такіх паведамленьняў будуць узгадняць абодва бакі, і толькі потым яны будуць публікавацца.

Цяпер бакі павінны перадаць суду ўсе неабходныя дакумэнты, доказы, сьпісы сьведак і гэтак далей.

У часе падрыхтоўкі і Літва, і Беларусь павінны на парытэтнай аснове ўносіць плату за разгляд пазову. Яе адкарэктуюць у канчатковым рашэньні — калі суд пацьвердзіць абгрунтаванасьць беларускага пазову, то расходы на судовы працэс могуць быць ускладзеныя на Літву, дадаткова да сумы кампэнсацыі, якую патрабуе «Беларуськалій».

Экспэрты прагназуюць, што працэс будзе складаным і неардынарным, а на цяперашнім этапе расходы кожнага з бакоў справы могуць дасягнуць 1 мільёна эўра.

Што папярэднічала

2 сьнежня 2024 году «Беларуськалій» зьвярнуўся ў Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі з паўторным пазовам. Раней працэс быў спынены праз тое, што беларускі бок ня змог унесьці аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду свайго пазову.

Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA) паведаміў, што беларускае прадпрыемства «Беларуськалій» у рамках пазову супраць Літвы за спыненьне транзыту ўгнаеньняў патрабуе спагнаць з гэтай дзяржавы 12 мільярдаў 90 мільёнаў 167 971 даляр у якасьці кампэнсацыі нанесенай шкоды.

У паведамленьні суду адзначаецца, што такі памер зафіксаваны 27 лістапада 2023 году.

Як раней паведамляла Свабода, 2 сьнежня 2024 году «Беларуськалій» зьвярнуўся ў Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA) з паўторным пазовам. Раней працэс быў спынены праз тое, што беларускі бок ня змог унесьці аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду свайго пазову.

Яшчэ 15 мільярдаў эўра патрабуе літоўскі перавозчык угнаеньняў

На пачатку 2025 году стала вядома, што кампанія Hasenberg, часткай акцый якой валодае грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі, зьвярнуўся ў міжнародны арбітраж супраць Літвы па кампэнсацыю шкоды, нанесенай у выніку санкцый супраць беларускага прадпрыемства «Беларуськалій».

У Міністэрстве транспарту і сувязі Літвы паведамленьне аб пазове атрымалі ў кастрычніку 2024 году. Кампанія хоча спагнаць зь дзяржавы 15 мільярдаў эўра.

Кампанія Hasenberg з рэгістрацыяй у Швайцарыі валодае 65% акцый клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Birių krovinių terminalas (BKT), яшчэ 5% належаць Ігару Ўдавіцкаму, а 30% — «Беларуськалію».

Ігар Удавіцкі таксама зьяўляецца бэнэфіцыярам зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае 100% акцый кампаніі Hasenberg.

Hasenberg у арбітражы спрабуе даказаць, што Літва праз спыненьне транзыту калійных угнаеньняў зь Беларусі нібыта нанесла шкоду дзьвюм кампаніям — уласна Hasenberg і яшчэ адной кампаніі Ўдавіцкага Gargždų geležinkelis, што стварыла дэфіцыт угнаеньняў і прадуктаў харчаваньня ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.

Кампанія Ўдавіцкага таксама спрабуе даказаць, што санкцыі ЭЗ у гэтым выпадку нядзейсныя, бо паміж Швайцарыяй і Літвой ёсьць двухбаковая дамова аб заахвочваньні інвэстыцый і іх узаемнай абароне.

Як стала вядома журналістам, кампанія Hasenberg таксама скардзіцца на Літву за тое, што ў лютым 2023 году цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў Siena («Сьцяна») разам з партнэрамі раскрылі магчымую схему абыходу санкцый Эўразьвязу, якую выкарыстоўвалі для дастаўкі ў Літву карбамідных угнаеньняў беларускага прадпрыемства «ГроднаАзот».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG