Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 беларускіх вершаў пра Вільню. Як праходзіць паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова


 На фэстывалі імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».
На фэстывалі імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».

У Вільні працягвае працу 13 паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», які адкрыўся 14 лютага.

Тады стала вядома імя новага ляўрэата Прэміі Міхася Стральцова — гэта беларускі паэт Кастусь Цьвірка. А падзеямі другога дня фэстывалю сталі прэзэнтацыі некалькіх кніг: успамінаў паэткі Ларысу Геніюш, кнігі ўспамінаў пра Алеся Разанава, выданьня пра дзеяча эміграцыі Янку Запрудніка, анталёгіі беларускай паэзіі, прысьвечанай Вільні, другой па ліку кнігі вершаў Тацяны Нядбай.

15 лютага ў віленскім бар-клюбе “Павільёнас” фэстываль “Вершы на асфальце”
15 лютага ў віленскім бар-клюбе “Павільёнас” фэстываль “Вершы на асфальце”

На пляцоўцы фэстываля ў клюбе Paviljonas працягваліся дыскусіі на тэмы літаратуры, сустрэчы наведнікаў з паэтамі і пісьменьнікамі, працавалі гандлёвыя кропкі выдавецтваў з навінкамі беларускай літаратуры, выдадзенымі ня толькі за мяжой.

«Найбольшая шкода ад таго, што кнігі прызнаюць экстрэмісцкімі»

З размовы з адным з гандляроў, Мікалаем (імя гандляра зьмененае ў мэтах бясьпекі) пачалося знаёмства з падзеямі другога дня фэстывалю. Перад Мікалаем — шырокі стол з выкладзенымі на ім новымі кнігамі. Кніг — больш за 20 найменаваньняў. Сёньня Мікалай гандлюе імі ў Вільні, але праз два дні вернецца ў Беларусь і працягне сваю працу па распаўсюдзе беларускай літаратуры ва ўмовах, якія называе «не зусім спрыяльнымі».

«Прадаю тут ня толькі кнігі выдавецтваў, якія дзейнічаюць за межамі Беларусі. Вось навінка ад «Тэхналёгіі», а гэта ад «Цымбераў», ад «Акадэміі Навук. І побач вось кнігі ад „Імпрынт Скарынічы“ — выдавецкай ініцыятывы, якое дзейнічае ў Польшчы. На жаль, беларуская літаратура падзеленая межамі, узаемадзеяньне паміж двума часткамі адной сутнасьці адбываецца не без праблем, але яно ўсё ж адбываецца. На вялікі жаль, нам вельмі замінае тое, што частка беларускай літаратуры абвешчаная экстрэмісцкай, прычым гэтая частка ўсё павялічваецца. Цяжка выдаўцам, цяжка літаратарам, цяжка чытачам, у якіх таксама ўзьнікаюць дадатковыя рызыкі. Гэта яшчэ больш ускладняе ўзаемадзеяньне літаратур з абодвух бакоў мяжы. І ўсё ж літаратура жыве і разьвіваецца, нават пераадольвае праблемы, сярод іх ёсьць і падобныя, агульныя», — кажа Мікалай і ўдакладняе, што мае не ўвазе.

15 лютага ў віленскім бар-клюбе “Павільёнас” фэстываль “Вершы на асфальце”
15 лютага ў віленскім бар-клюбе “Павільёнас” фэстываль “Вершы на асфальце”

Па-першае, паводле Мікалая, гэта складанасьці з маркетынгам. Заўважна скараціліся магчымасьці прапаноўваць, рэклямаваць кніжныя навінкі, у тым ліку праз недахоп беларускіх блогераў. Асабліва гэта тычыцца тых, хто пражывае ў Беларусі, заўважае Мікалай. Другой важнай праблемай, на думку Мікалая, ёсьць розныя складнасьці ў выпуску менавіта папяровых кніг.

«Аўдыё і электронныя кнігі ўсё больш ускладняюць наша жыцьцё і дзейнасьць, але тут ёсьць і плюс: канкурэнцыя прымушае „варушыцца“, паляпшаць якасьць кніг, шукаць новых цікавых аўтараў. Як гандляр са стажам магу засьведчыць, што працаваць стала складаней, але цікаўнасьць да папяровай кнігі не паменшылася», — кажа Мікалай.

«Трымайцеся Беларусі і трымайце Беларусь»

Набываем у Мікалая кнігу «І першым паказаўся Каліноўскі» Язэпа Янушкевіча і падыходзім да гандлёвага стэнду выдавецтва «Камунікат». Сёлета беларускай інтэрнэт-бібліятэцы з электронным адрасам kamunikat. org спаўняецца 25 гадоў, яна ўжо зьмяшчае больш за 60 тысяч беларускіх публікацый, а як выдавецтва можа пахваліцца 60 выданьнямі. «Сёлета у нас з’явіліся 7 новых кніг» — распавядае выдавец Яраслаў Іванюк і дэманструе навінкі. Сярод іх раман «Сцэнарыст» Андрэя Федарэнкі, зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва «Камедзія Юдзіфі», выдатна ілюстраваная кніга Лявона Карповіча «Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства». Пра яшчэ адну навінку «Камуніката» распавёў на фэсьце пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Адбылася прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў выбітнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш «Птушкі над гнёздамі». У свае маладыя гады Ўладзімер Арлоў асабіста ведаў Ларысу Геніюш, наведваў яе ў пасёлку Зэльва, дзе пражывала беларуска, меў з ёй незабыўныя сустрэчы і размовы.

«Гэта назва ўзятая з верша Ларысы Геніюш. У Беларусі яе ўспаміны выйшлі пад назвай „Споведзь“, але па просьбе сваякоў назва зьмененая, бо Ларысе Геніюш не было ў чым спавядацца перад Беларусьсю. Таму такая новая назва, цытата з яе. Кніга цікавая ня толькі ўспамінамі, але і ўнікальнымі фотаздымкамі. Там каля 20 фотаздымкаў, зьвязаных з ёй, якія раней не публікаваліся. Напрыклад, ёсьць здымак пашпарту яе мужа Янкі Геніюша, выдадзены БНР», — распавёў Уладзімер Арлоў. Пісьменьнік згадаў словы Ларысы Геніюш, які пачую ад яе незадоўга да моманту, каля яна адышла ў іншы сьвет. «Сказала нам на разьвітаньне: «Хлопцы, трымайцеся Беларусі і трымайце Беларусь».

Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк

Яшчэ адна навінка выдавецтва «Камінікат», якую выдавец Яраслаў Іванюк раіць набыць прыхільнікам беларускай справы — кніга пра дзеяча беларускай эміграцыі Янку Запрудніка з сэрыі «Бібліяэтэка Бацькаўшчыны».

Кніга «Янка Запруднік»
Кніга «Янка Запруднік»

Кніга «Янка Запруднік» выдадзеная з дапамогай Беларускага інстытуту Навукі Мастацтва ў Нью-Ёрку, яна ўтрымлівае як успаміны пра выбітнага беларуса, гэтак і ягоныя артыкулы, інтэрвію, дзёньнікі і запісы, ліставаньне з вядомымі асобамі беларускага руху, якія паказваюць велічыню гэтага чалавека. «Янка Запруднік быў нашым першым данатарам, выдаткаваў 400 даляраў, з якіх мы пачыналі», — з гонарам згадаў выдавец Яраслаў Іванюк.

«Праз сябе — да сусьвету»

Вялікую аўдыторыю слухачоў на фэстывалі сабрала прэзэнтацыя кнігі «Праз сябе — да сусьвету». Гэта таксама збор успамінаў — пра беларускага паэта Алеся Разанава, які пайшоў з жыцьця ў 2021 годзе.

Падчас прэзэнтацыі кнігі пра Алеся Разанава. Сяргей Дубавец і Ціхан Чарнякевіч.
Падчас прэзэнтацыі кнігі пра Алеся Разанава. Сяргей Дубавец і Ціхан Чарнякевіч.

«Гэта кніга вялікай-вялікай любові да Алеся Разанава. Выдавецтва „Тэхналёгія“, якой выпусьціла кнігу, ня можа наведаць фэстываль, хаця ў ранейшыя гады часта было яго госьцем, але вельмі радасна, што такія кнігі выходзяць да чытачоў», — сказаў вядоўца прэзэнтацыі літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.

Паводле пісьменьніка Сяргея Дубаўца, у пачатку 80-ых гадоў мінулага стагодзьдзя Алесь Разанаў быў такім жа кумірам беларускамоўнай моладзі, як і Ўладзімер Караткевіч, а «цяга да Разанава была цягай да свабоды».

«Адзін гэты чалавек, крыху дзіўнаваты, адстранёны, літаральна заразіў сваёй творчасьцю маё пакаленьне. Нам яшчэ трэба будзе асэнсаваць тое, якую ролю для Беларусі адыграў Алесь Разанаў», — падзяліўся меркаваньнем Сяргей Дубавец.

«Успомню Вострую Браму сьвятую...»

У выдавецтве «Логвінаў», якое таксама прадстаўленае на фэстывалі «Вершы на асфальце» літаральна днямі выйшла кніга «Вільня. Анталёгія беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя». У кнізе сабраныя творы беларускіх паэтаў, прысьвечаныя Вільні, якая ў прадмове да кнігі названая «галоўным горадам для продкаў сучасных беларусаў, калыскай мадэрнай беларускай нацыі».

У кнізе больш за сто вершаў больш як 50 аўтараў. Славутых, выбітных і проста вядомых беларускіх паэтаў, якіх аб’яднала любоў да Вільні. Гэта Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Алесь Гарун, Натальля Арсеньнева, Максім Танк, Уладзімер Караткевіч, Тацяна Сапач, Алег Мінкін, Віктар Шніп, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Зьміцер Бартосік, Адам Глёбус ды іншыя.

«Шмат хто можа зьдзівіцца, наколькі шчыльна мы зьвязаны з Вільняй, але гэтак ёсьць, і вось таму доказ. Як той казаў, «рабі пільна, будзе Вільня», — пажартаваў адносна выніку сваёй працы ўкладальнік кнігі Сяргей Дубавец.

Анталёгія «Вільня» ужо прадаецца на стэндзе выдавецтва «Логвінаў». Паводле гандляроў стэнду таксама вялікім попытам сярод пакупнікоў карыстаецца кніга Сяргея Харэўскага «Менск у мастацтве». «На сёньня амаль усе кнігі ўжо раскупілі», — пахвалілася гандлярка.

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

Таксама 15 лютага на фэсьце імя Міхася Стральцова пасьпяхова прайшлі прэзэнтацыя кнігі «Крывавыя санэты» славацкага паэта Паўла Орсага Гнездаслава ў перакладзе на беларускую мову і кнігі вершаў Тацяны Нядбай «Там, за сьцяной», прысьвечанай салідарнасьці з палітвязьнямі.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

16 лютага паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» працягне сваю працу на той жа пляцоўцы па адрасе Pylimo g. 21.

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG