Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2024 годзе вайсковыя выдаткі Расеі перавысілі абаронныя бюджэты ўсіх краінаў Эўропы, разам узятых


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія танкі Т-80БВМ у зборачным цэху на вайсковым заводзе ў Омскай вобласьці Расеі
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія танкі Т-80БВМ у зборачным цэху на вайсковым заводзе ў Омскай вобласьці Расеі

У 2024 годзе агульныя выдаткі Расеі на абарону вырасьлі на 42% у рэальным выражэньні і склалі 462 мільярды даляраў у эквіваленце.

Пра гэта піша брытанская Financial Times з спасылкай на зьвесткі Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (IISS).

У 2025 годзе, прагназуюць экспэрты, агульныя выдаткі Расеі на абарону вырастуць яшчэ на 13,7% і дасягнуць 550 мільярдаў даляраў у эквіваленце. Гэта складзе 7,5% ВУП Расеі або амаль 40% расейскіх фэдэральных выдаткаў. Нягледзячы на тое, што гэта нэгатыўна адбіваецца на эканоміцы, «Расея ўсё яшчэ можа столькі выдаткоўваць на вайну», адзначаюць у IISS.

Для параўнаньня: абаронныя бюджэты эўрапейскіх краін, разам узятых, уключаючы Вялікую Брытанію і краіны Эўразьвязу, летась вырасьлі амаль на 12% і склалі 457 мільярдаў даляраў у эквіваленце, што на 5 мільярдаў даляраў менш, чым выдаткі Расеі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднойчы заяўляў, што краіны Эўропы мусяць павялічыць свае абаронныя выдаткі да 5% ВУП у параўнаньні зь цяперашнім сярэднім паказьнікам 1,7%. Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ лічыць, што эўрапейскія выдаткі на абарону павінны вырасьці да 3%.

Паводле зьвестак IISS, калі Эўропа павялічыць выдаткі на абарону да 3% ВУП, то гэта складзе дадатковыя 250 мільярдаў даляраў. Калі ж выдаткі на абарону вырастуць да 5% ВУП, яны дасягнуць каля 800 мільярдаў даляраў — амаль удвая больш, чым цяперашні ўзровень вайсковых выдаткаў Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG