Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пайсьці на хітрасьць, каб не загінуць». Інтэрвію з Палінай Шарэндай-Панасюк пра турму, прапагандыстаў, карную псыхіятрыю


Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, ілюстрацыйны каляж.
Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, ілюстрацыйны каляж.

Як запісваюць прапагандысцкія відэа з палітвязьнямі? Як прымушаюць падпісаць паперы аб супрацы? Як вытрымаць карную псыхіятрыю? Гаворым з былой палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк, якая правяла 4 гады за кратамі, 270 дзён у ШЫЗА і карцарах.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Наша размова адбываецца на наступны дзень пасьля таго, як з турмаў Беларусі вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук. Празь некаторы час мы запішам інтэрвію з Андрэем Кузьнечыкам, цяпер для яго час ачуцца і пабыць зь сям’ёй. Паліна, вы ўжо каля тыдня ў вольным сьвеце. Як сябе адчуваеце?

— Уражаньні, вядома, фантастычныя. Часьцяком ловіш сабе на думцы, ці ня сон гэта, бо ў тых месцах шматкроць паўтараўся сон, што я вольная, што я выйшла і ўсё роўна мушу кудысьці бегчы. І вось зараз сытуацыя, калі я насамрэч вольная — і ўсё роўна ці сон гэта, ці ня сон, што я бачу неба, што я магу вольна хадзіць, бачыць нармальных людзей ня ў форме, размаўляць зь людзьмі, якія на адной хвалі са мной, ну гэта проста ўсё такое вельмі-вельмі фантастычнае.

— Якія засталіся турэмныя рэфлексы? Час, калі прачынаецеся, рэакцыя на сьвятло, звычкі...

— Абсалютна не. Я забараніла сабе прывыкаць, набываць нейкія звычкі. І для сябе, і для тых ворагаў, перад якімі я стаяла, я казала, што я не асуджаная, што я палітзьняволеная, мяне захапі ў палон, я ваеннапалонная. На працягу ўсіх чатырох гадоў я гэта казала, падкрэсьлівала і катэгарычна на гэтым настойвала... Гэта быў тэрор нон-стоп 24 гадзіны ў содні. Я ня бачыла сонца, я ня бачыла паветра. Я сядзела месяцамі проста на голай падлозе, на голых дошках без анічога. І фізычнае катаваньне, псыхалягічнае катаваньне таксама. Яны дазвалялі сабе рабіць усё, што яны хацелі. Фабрыкавалі містыфікацыі з парушэньнямі, якія сыпаліся на мяне і сыпаліся. І ты проста разумееш у пэўны момант, што ім нічога не каштуе цябе зьнішчыць. Што пастаўлена такая задача зьнішчыць, і яны будуць проста зьнішчаць і зьнішчаць. Гэта іхная праца. То бок яны прыходзяць на працу, яны ўстаюць раніцай, гэтыя мужчыны альбо жанчыны, умываюцца, абдымаюць сваіх дзяцей, п’юць гарбату, фарбуюцца, апранаюцца і прыходзяць зьнішчаць чалавека.

— Вы — вельмі важная сьведка катаваньняў, зьдзекаў, злачынстваў рэжыму ў дачыненьні да палітвязьняў. Вы расказалі, што каб выйсьці на волю, палітвязьні пасьля катаваньняў павінны напісаць прашэньне аб памілаваньні, зьняцца ў прапагандысцкім фільме і падпісаць паперы аб супрацоўніцтве зь сілавікамі. Раскажыце, як здымалася прапагандысцкае кіно?

— Была цэлая эпапэя з тым прапагандысцкім кіно. Раней мяне пратрымалі цэлы месяц бязвылазна ў ШЫЗА, і я ўжо зразумела, што гэта ня проста так, што да чагосьці рыхтуюць, гэта спэцыяльна ўсё робіцца. І ў размове з начальнікам Дзьмітрыем Курловічам я наўпрост запыталася: «Што вы ад мяне хочаце? Чаго вы дамагаецеся гэтымі катаваньнямі?» Прагучала слова «інтэрвію». Я зразумела, што трэба ў лабавым сутыкненьні з гэтымі кáтамі, каб не загінуць, пайсьці на хітрасьць. Я пагадзілася на інтэрвію. У мяне ўжо былі зьвесткі, што такія інтэрвію здымаюцца і што ім важна зьняць менавіта такое інтэрвію са мной як з сымбалем нязломнасьці, прынцыповасьці, каб паказаць: усё, мы перамаглі, перамалолі нават такога нязломнага чалавека.

— Ці яны вам прынесьлі нейкі сцэнар, кшталту — вось гэтыя пытаньні будуць, вось вашы адказы?

— Такога акрэсьленага сцэнара не было... У прынцыпе да кожнага палітвязьня быў індывідуальны падыход. Калі чалавек быў журналістам, альбо актывістам, то адмысловыя, спэцыфічныя пытаньні датычылі ягонай дзейнасьці. Назваць пэўныя прозьвішчы — што там рыхтаваў тое ці тое, такія ці такія грошы атрымліваў. То бок міты, якія зараз гэтая прапаганда распаўсюджвае, і трэба падагнаць тое, што кажа чалавек, пад гэтыя міты. Пра фінансаваньне, пра неідэйнасьць людзей, якія выйшлі ў 2020-м годзе, а што ўсё толькі за грошы і гэтак далей.

— Як шмат людзей прысутнічала падчас інтэрвію, падчас яго падрыхтоўкі?

— Была непасрэдна так званая журналістка Анастасія Бенедзісюк. Быў апэратар. Быў чалавек, які працаваў з тэхнікай, быў прадстаўнік ГУБАЗіКу, які назваўся Міхаілам, і быў, я ўпэўнена, расеец. Ён адмовіўся назвацца. Па паводзінах, па тым, як ён курыраваў гэтую беларускую групу, па ягонай размове я разумела, што гэта быў расеец. Быў цікавы момант. У калёніі камэры на дварэ для прагляду тэрыторыі. І калі ён выходзіў, ён хуценька насоўваў капялюш на галаву, каб ягоны твар ня трапіў у гэтыя камэры. Мяне так зьдзівіла. Ён як бы знаходзіцца ў сьвятая сьвятых гэтай сыстэмы, у эпіцэнтры тэрору, дзе ён мусіць пачувацца абсалютна разьняволеным, і нават там ён шыфруецца. Альбо не давярае, нават знаходзячыся тут, альбо гэта ўжо проста ў яго такая звычка, якую ён аўтаматычна рэалізоўвае.

— А колькі часу занялі здымкі? Што вам даводзілася перагаворваць некалькі разоў?

— Здымкі ішлі вельмі доўга, можна сказаць, амаль палову дня здымалі. Яны здымалі інтэрʼеры, бо мяне зьмясьцілі ў дэкарацыі. Мяне зьмясьцілі ў прыгожыя дэкарацыі, бо там, дзе раней я была, былі жахлівыя ўмовы, там абвалілася плітка, там быў страх і жах проста. А тут ужо прыгожыя дэкарацыі, дзе быў новенькі рамонт, прыгожая падлога, прыгожая плітачка, усё такое прыгожае, новенькае — вось паказаць, як добра, шчасьліва жывуць асуджаныя палітвязьні.

— А вас перад гэтым, ну, магчыма, трошкі інакш кармілі, трошкі далі адпачыць, каб вы лепш выглядалі?

— Не, адзіны бонус ад гэтага інтэрвію, што мяне ў гэты дзень вызвалілі ад прымусовай працы. Я не пайшла, хаця пасьля яны і на фабрыцы сюжэт здымалі. Але ад працы я ў гэты дзень была вызваленая.

— Паколькі вы ня выйшлі пасьля гэтага фільма, праўдападобна, ня ўсё зрабілі, чаго патрабавалі ад вас. Што вы не сказалі падчас тых здымкаў з патрабаванага, што не зрабілі?

— Цяжка сказаць. Я зьяўляюся прадстаўніком «Эўрапейскай Беларусі», рэгіянальным грамадзкім каардынатарам. У пэўны момант падышоў той прадстаўнік ГУБАЗіКу і сказаў: «ну вы ж разумееце, што вы павінны расказаць пра „Эўрапейскую Беларусь“, вось якая яна кепская, які дрэнны Саньнікаў». Гэта яны мяне прымушалі прагаворваць. Яны здымалі вельмі доўга, вельмі шмат, значная частка таго, што яны зьнялі, не ўвайшла ў інтэрвію.

— Як адрозьніваецца гомельская калёнія, якую паказалі ў гэтым фільме, ад той, у якой вы рэальна сядзелі?

— А я амаль што там не была, увесь час трымалі ў будынку, дзе знаходзіліся камэры ШЫЗА і ПКТ... На Антошкіна (гомельская калёнія. — РС) хадзіць было немагчыма, бо там памяшканьне — пяць крокаў, якія ты можаш прайсьці. Месяцамі ты можаш толькі пяць крокаў. Узад, уперад, узад, уперад, і пасьля ты проста ўжо сядзіш, ужо ў цябе псыхалягічны барʼер, ты ня можаш бачыць гэтыя сьцены, ты там вывучыла на іх кожную пляміну, кожную шчылінку, пералічыла ўсіх павукоў, усё павуціньне. Вось, а ў Рэчыцкай калёніі была проста раскоша, можна прайсьці цэлыя дзевяць крокаў...

— Ці вы напішаце кнігу ці нейкім іншым спосабам задакумэнтуеце ўсё, што перажылі, каб гэта магло стаць і падставай для будучага суду?

— Так. Зараз яшчэ цяжка, нейкая псыхалягічная блякада стаіць, каб узгадваць, Думаю, што ўспаміны будуць сыстэматызавацца паступова. Я буду гэта ўсё занатоўваць. Кніжак, вядома, будзе шмат. Тысячы людзей праз гэта прайшлі, тысячы мэмуараў будзе, і гэта ўсё трэба рабіць. Я спадзяюся, што людзі ня будуць баяцца гэта рабіць. Я заклікаю ўсіх пакідаць гэтыя свае ўспаміны, занатоўваць не для таго, каб запалохаць, а для таго, каб гэта не паўтарылася. Бо гэта немажліва і нельга цярпець, і немажліва гэта дараваць.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG