Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала, калі яна плакала ў турме і на волі


Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда. Вільня, 10 лютага 2025 году
Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда. Вільня, 10 лютага 2025 году

«У гэтай бязьмежнай цемры здараюцца хэпі-энды», — сказала сярод іншага 10 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні Паліна Шарэнда-Панасюк, якая выйшла на волю ў лютым пасьля чатырох гадоў за кратамі.

Што расказала Паліна на волі

Больш за 270 дзён Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў ШЫЗА і карцарах. Супраць яе ўжывалі карную псыхіятрыю, яна трымала галадаваньне.

Выйшаўшы на волю, Паліна найперш дзякавала ўсім, хто падтрымліваў яе і іншых палітвязьняў.

«Тое, праз што праходзяць тысячы палітвязьняў у Беларусі, — гэта тэрор, катаваньні і зьдзекі. Зараз палітвязень — гэта ўвесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках».

На пытаньне Свабоды, ці часта плакала Паліна і ці плакала ўвогуле за апошнія гады, Паліна адказала:

«Я ніводнай сьлязы не праліла да траўня 2024 году... Ні разу не заплакала, хоць і лісты ад родных, якія прыходзілі да мяне, на маіх вачах рвалі і казалі, што дзеці пра мяне забылі. Былі сытуацыі, калі я ледзьве стрымлівала сябе.

Але я заплакала толькі тады, калі 17 траўня прыйшла сьледчая і сказала: супраць вас заведзеная новая крымінальная справа... За тры дні да таго, як заканчваўся мой тэрмін, калі я мела спадзевы, што выйду. І быў такі момант, калі я падумала, што магу ня ўбачыць сваіх дзяцей. А я так хацела ўбачыць, і ў мяне сьлёзы паліліся, я крычала».

Паліна зазначыла, што заплакала яна і на волі. Калі пабачыла сваіх дзяцей. Але гэта былі іншыя сьлёзы.

«Але гэта былі ўжо не сьлёзы адчаю, а сьлёзы шчасьця. Безвыходнасьць адышла, і мы нарэшце былі разам».

Пасьля сканчэньня прэс-канфэрэнцыі да Паліны падышоў яе муж, журналісты пачалі рабіць іх супольныя фота. Пад пстрыканьне выбліскаў фотаапаратаў жанчына з залі, якая стаяла побач, гледзячы на сужэнцаў, ціха сказала: «Шчасьце неймавернае».

А Паліна, пачуўшы гэтыя словы, адказала:

«Дзякуй. Сапраўды. У нашых беларускіх умовах, у гэтым бязьмежнай цемры, ствараюцца сапраўдныя хэпі-энды. Гэта фантастыка. Гэта паказвае, што мы можам. Мы можам. Мы ня толькі ахвяры, але і героі».

Як перасьледавалі Паліну

Актывістку руху «Эўрапейская Беларусь», маці двух сыноў Паліну Шарэнду-Панасюк зьмясьцілі за краты 3 студзеня 2021 году. У той дзень сілавікі нібыта для «агляду» ўварваліся ў кватэру жанчыны: яны выбілі дзьверы і затрымалі Паліну, калі тая спрабавала абараніць малодшага сына і патрабавала, каб міліцыянты паказалі твары. У выніку за сарваную з аднаго зь сілавікоў маску Паліну абвінавацілі ў «гвалце».

Празь некалькі месяцаў над ёю пачаўся гучны судовы працэс, падчас якога нават за шклом у клетцы яна працягвала адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Судзьдзя ня раз патрабавала, каб яна выконвала працэсуальныя фармальнасьці і ўставала, калі таго патрабаваў рэглямэнт, але Паліна катэгарычна адмаўлялася.

Паліна сьцьвярджала, што ўсе абвінавачаньні носяць палітычны характар, і сама адкрыта абвінавачвала судзьдзяў і сілавікоў у саўдзеле ў злачынным захопе ўлады, а таксама заявіла, што толькі народ мае права вырашаць лёс краіны.

Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе 8 чэрвеня 2021 года ў Берасьці. Фота: Белсат
Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе 8 чэрвеня 2021 года ў Берасьці. Фота: Белсат

У апошнім слове 8 чэрвеня 2021 году яна сказала, што ўсе прысуды ўжо «загадзя прапісаныя», а пасьля абвяшчэньня выраку ў выглядзе 2 гадоў калёніі, калі сілавікі настойліва прасілі грамадзкасьць пакінуць судовую залю, пракрычала ўсім усьлед «Жыве Беларусь!», прыклаўшы да шкла ліст паперы з словамі «Самазванец, у*бывай».

Як катавалі Паліну

Для многіх паводзіны Паліны сталі яркім прыкладам нязломнасьці. Але яны не засталіся незаўважанымі і для ўладаў.

За кратамі Паліна прайшла празь бясконцыя катаваньні: яе пазбаўлялі неабходных перадач, пасылаючы ад «невядомых» мяшкі бітых яблыкаў ці гнілой морквы ў лік ліміту на перадачы, трымалі ў камэрах у невыносных умовах, адмаўляючы ў належнай мэдычнай дапамозе, безупынна зьмяшчалі ў ПКТ і карцар, тыднямі этапавалі ў «Навінкі» на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, здымалі ў праўладнай перадачы.

Тым часам ішлі сыгналы пра крытычны стан яе фізычнага і псыхічнага здароўя. Раз за разам палітзьняволеную судзілі ў новых крымінальных справах за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі», ператвараючы ейны тэрмін у бясконцы. Аднак муж Паліны, былы палітвязень Андрэй Шарэнда, які ў 2021 годзе ад перасьледу ўладаў Беларусі зьехаў зь дзецьмі ў Вільню, працягваў верыць у хуткую сустрэчу з жонкай і ў інтэрвію заклікаў грамадзтва надаваць яе справе больш увагі, а таксама працягваць ціск на рэжым.

Як вызвалілі Паліну

1 лютага 2024 году на старонцы Андрэя Шарэнды ў Facebook зьявіўся пост:

«Самы лепшы дзень! Паліна на волі!»

Ужо празь некалькі дзён дзякуючы камандзе эвакуацыі BySol Паліну з кветкамі і радаснымі воклічамі на віленскім чыгуначным вакзале сустракалі дзясяткі людзей.

«Усе тыя гады, што я была за кратамі, я вельмі доўга ўяўляла гэты момант. Вялікі вам усім дзякуй, — са сьлязьмі на вачах дзякавала ўсім экс-палітзьняволеная, абдымаючы мужа і сына, якіх яна ня бачыла больш за 4 гады.

«Гэта як уваскрашэньне зь мёртвых. Я думала, што ніколі ня выйду», — дадала Паліна пра сваё вызваленьне. І заявіла, што «барацьба яшчэ ня скончаная».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG