Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць бы Паліна выжыла


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Вельмі важна, каб мы нарэшце суадносілі свае выказваньні пра палітзьняволеных з тым, як гэтыя словы могуць паўплываць на іх і іхных родных.

Мне часам здаецца, што ўсё гэтае пекла з намі назаўжды. Што людзей заўжды будуць саджаць па палітычных справах, што чыйсьці партрэт у навінах заўжды будзе ў лепшым выпадку значыць, што чалавек эвакуаваны зь Беларусі, а ў горшым — што памёр ці памерла ў турме альбо на волі, не дачакаўшыся з турмы родных.

Вось новы тэрмін далі Паліне Шарэндзе-Панасюк. Яшчэ адзін год і адзін дзень зьняволеньня нібыта за злоснае непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі. Ці вытрымае яна новы этап і новы тэрмін? Ці будуць Паліну, калі яна дажыве, судзіць праз год яшчэ раз? А можа, яе ўсё ж выпусьцяць датэрмінова? Ні ў кога з нас няма адказаў на гэтыя пытаньні. І, верагодна, галоўнае, што мы можам зараз зрабіць, — гэта прызнаць рэальнасьць адносна Паліны і называць нарэшце рэчы сваімі імёнамі.

Празь велізарны супраціў яе даўно сталі называць то Жаннай д’Арк, то нязломнай змагаркай, то сымбалем супрацьстаяньня рэпрэсіям. З часам гэтая гераізацыя і рамантызацыя перарасла ў параўнаньне Паліны зь іншымі палітзьняволенымі. Нібыта, раз яна трымаецца і не здаецца, дык і іншыя могуць (і быццам бы павінны). Час ішоў, кантэкст зьмяняўся, здароўе Паліны ўсё пагаршалася, але стаўленьне да яе як да сымбаля і нязломнай змагаркі быццам бы не зьмянялася на больш гуманнае.

Не, я ўсё разумею — вельмі хочацца мець чалавека-сымбаль, захапляцца ім ці ёю і заадно думаць, што ну вось такі лёс — камусьці наканавана ўцякацтва і бясьпека, а камусьці — зьняволеньне і матывацыя іншых сваім павольным паміраньнем. Вось толькі Паліна і праўда павольна памірае, бо жыве з панкрэатытам і без адпаведнага лячэньня. І яна вельмі яскрава паказала, што хоча выжыць і выбрацца, а ня быць для некага сымбалем змаганьня — зьнялася ў прапагандысцкім рэпартажы з калёніі.

Відавочна, што нейкая дамоўленасьць сарвалася, і Паліна ня выйшла на волю, а супраць яе распачалі новую крымінальную справу — як чарговае пацьверджаньне таго, што Лукашэнка з жанчынамі не ваюе. Вядомы грамадзкі актывіст Аляксей Лявончык напісаў тады на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што вось так нібыта выглядае вызваленьне любой цаной.

Не зусім ясна, што менавіта ён меў на ўвазе — папракаў Паліну за яе спробу выбрацца з турмы ці казаў, што і ня трэба спрабаваць, бо рэжым усё адно падмане. У любым выпадку атрымалася, мякка кажучы, непрыгожа. Некаторых пасьля такіх відэа выпускаюць, а некаторыя відэа робяцца і проста не ідуць у этэр. Сцэнараў у рэжыму шмат, і самасьцьвярджацца за кошт палітзьняволеных, калі пазытыўны сцэнар не спрацаваў, — так сабе рашэньне.

Вельмі важна, каб мы нарэшце суадносілі свае выказваньні пра палітзьняволеных з тым, як гэтыя словы могуць паўплываць на іх і іхных родных. Чалавек у па-сапраўднаму страшнай сытуацыі ідзе насуперак сваім прынцыпам і здымаецца ў відэа прапагандыстаў, пры гэтым нікога не падстаўляе, ні на кога не нагаворвае і нават Лукашэнку не нахвальвае, а тут жа хтосьці на волі ацэньвае: наколькі правільна яна сябе ратуе? Калі б трэба было апісаць нешта супрацьлеглае салідарнасьці, дык гэтая сытуацыя — проста ідэальны прыклад.

Па інэрцыі мне хочацца напісаць, што я спадзяюся: Паліна ніколі ня ўбачыць цынічных выказваньняў адносна яе і ейных спробаў уратавацца. Але ж сытуацыя зайшла настолькі далёка, што я спадзяюся: яна выжыве і ўсё прачытае.

Бо няпраўда, што героі не паміраюць. Яны паміраюць, і хоць бы Паліна выжыла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG