Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што можа сустрэцца з Пуціным у Саудаўскай Арабіі


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Трамп адзначыў, што дата сустрэчы пакуль не прызначаная.

Сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі можа прайсьці ў Саудаўскай Арабіі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас прэс-канфэрэнцыі з журналістамі ў Белым доме пасьля тэлефонных размоваў з Пуціным і Зяленскім 12 лютага, піша Настоящее Время.

На пытаньне, ці будзе прысутнічаць на ёй прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Трамп даў зразумець, што не.

«Напэўна, у нас будзе першая сустрэча, а потым паглядзім, што можна зрабіць з другой», — сказаў Трамп.

Пра тое, што прэзыдэнты ЗША і Расеі дамовіліся аб асабістай сустрэчы, Трамп сказаў адразу пасьля тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным. Таксама, паводле яго, яны дамовіліся, што могуць зрабіць узаемныя візыты ў Расею і ЗША.

Акрамя таго, Трамп назваў сяброўства Ўкраіны ў NATO «непрактычным», а вяртаньне да межаў 2014 году, да анэксіі Расеяй Крыму, «малаімаверным» сцэнаром.

The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў Пэкіне і Вашынгтоне сьцьвярджае, што ў апошнія тыдні кітайскія чыноўнікі прапануюць адміністрацыі Трампа правесьці перамовы ЗША і Расеі ў Кітаі без удзелу Ўкраіны.

Як піша выданьне, ЗША і Эўропа ставяцца да гэтай прапановы з сумневам з прычыны «ўсё больш цесных сувязяў» Масквы і Пэкіна.
Адначасова з гэтым эўрапейскія краіны апублікавалі сумесную заяву, у якой сказана, што «Ўкраіна і Эўропа павінны быць часткай любых перамоваў», падкрэсьліўшы, што «агульнай мэтай павінна быць тое, каб Украіна магла размаўляць з пазыцыі сілы».

«Украіне павінны быць дадзены надзейныя гарантыі бясьпекі. Справядлівы і трывалы мір ва Ўкраіне зьяўляецца неабходнай умовай трывалай трансатлянтычнай бясьпекі», — сказана ў заяве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG