На каго абмянялі Марка Фогеля, не ўдакладняецца. Дарадца прэзыдэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткоф пакідае Расею разам з вызваленым амэрыканцам.
У заяве Белага дома ўлады ЗША называюць вызваленьне іх грамадзяніна праявай «добрай волі» з боку Расеі і «добрым знакам» на шляху да завяршэньня вайны ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус пракамэнтаваў вызваленьне Марка Фогеля:
«Гэта выдатная і прыемная навіна! Віншуем Марка Фогеля, ягоную сям’ю і адміністрацыю Трампа з гэтым дасягненьнем».
Раней 11 лютага расейскія СМІ пісалі, што ў Маскве прызямліўся самалёт з Вашынгтону. У Крамлі заявілі, што «няма ніякай інфармацыі» адносна прыезду ў Маскву Ўіткофа. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што кантактаў зь ім не плянуецца.
Абмен адбыўся незадоўга да Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая пройдзе 14-16 лютага і будзе прысьвечаная спыненьню вайны ва Ўкраіне.
Фогель — былы супрацоўнік амбасады ЗША ў Расеі. Улетку 2022 году расейскі суд асудзіў яго да 14 гадоў калёніі па справе аб кантрабандзе наркотыкаў. Амэрыканца затрымалі ў жніўні 2021 году ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева. Пры сабе ў яго знайшлі марыхуану. Фогель на момант арышту быў выкладчыкам маскоўскай англа-амэрыканскай школы ў Маскве і ўжо ня меў дыпляматычнага статусу. Паводле паведамленьня прэс-службы суда, ён цалкам прызнаў віну. Фогель расказваў, што ўжываў марыхуану паводле мэдыцынскіх паказаньняў пасьля апэрацыі на хрыбетніку, гэта пацьвярджаецца запісам у яго мэдыцынскай мапе. Паводле Фогеля, ён ня ведаў пра існую ў Расеі забарону на мэдыцынскую марыхуану.
У жніўні 2024 году Расея, ЗША і іншыя краіны правялі найбуйнейшы абмен вязьнямі з часам заканчэньня халоднай вайны, вызваліўшы 16 чалавек, у тым ліку журналістку Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Алсу Курмашаву.
Форум