Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі павялічыў тарыфы на электраэнэргію для насельніцтва 


Электралічыльнік, ілюстрацыйнае фота
Электралічыльнік, ілюстрацыйнае фота

Аплата паводле новых тарыфаў будзе разьлічаная ўжо за студзень 2025 году, пра гэта было запісана ва ўказе Лукашэнкі за 30 студзеня.

Як паведаміў урад Беларусі, тарыфы на электраэнэргію для насельніцтва з 1 студзеня 2025 году павышаюцца на 11,9%.

Для тыпавой кватэры пры нарматыўным спажываньні электрычнай энергіі гэта складзе 4 рублі 51 капейку.

З 1 студзеня 2024 года тарыфы былі ўстаноўленыя ў памеры 0,1294 рубля за 1 кіляват-гадзіну пры мінімальных загрузках з 23 да 6 гадзін, 0,3881 рубля за 1 кіляват-гадзіну пры максымальных загрузках з 17 да 23 гадзін, астатнія гадзіны 0,1509 рубля.

Паводле ранейшага ўказу Лукашэнкі, з 1 студзеня павысілі тарыфы на ўсе паслугі ЖКГ, акрамя ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі. А з 1 чэрвеня — на цеплавую энэргію з мэтай ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня.

Такім чынам, з разьлікам на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі аплату камунальных паслуг падымуць на 17,05 рубля, з 1 чэрвеня — яшчэ на 3,95 рубля. Агулам 21 рубель.

Летась утрыманьне тыпавой двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі абыходзілася, па падліках рэсурсу telegraf.news у 173,15 рубля, а цяпер складзе 194,15 рубля. Такім чынам, сёлета падвышэньне складзе 12,13%, ці 6,4 даляра.

Як паведамляў у 2023 годзе міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, у 2020–2021 гадах на жыльлёва-камунальныя паслугі зь бюджэту сям’і трацілася ад 4,7 да 4,8% пры дваіх працоўных, якія атрымліваюць сярэднерэспубліканскі заробак і пражываюць у двухпакаёвай кватэры.

Цяпер, як разьлічваюць улады, сярэдняя сям’я, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, будзе траціць на ЖКГ 3,8% сямейнага бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG