Дата дня
11 лютага 1807 году ў Варацэвічах Пінскага павету нарадзіўся Напалеон Орда — беларускі мастак, пісьменьнік, кампазытар і пэдагог. Орда таксама вядомы як паўстанец. Быў адлічаны зь Віленскага ўнівэрсытэту за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве, 15 месяцаў правёў у турме. У часе паўстаньня 1830–31 гадоў камандаваў партызанскім атрадам, атрымаў ордэн Залатога Крыжа і годнасьць капітана паўстанцкай арміі.
Пасьля разгрому паўстаньня Напалеон Орда правёў 24 гады ў Францыі, быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы, але вярнуўся ў родныя Варацэвічы ў 1856-м. Памёр у 1883 годзе. Пахаваны ў фамільным склепе ў Янаве, у цяперашнім Івацэвіцкім раёне.
Дзень у гісторыі
1700 — войскі Рэчы Паспалітае без абвешчаньня вайны ўвайшлі ў Швэдзкія Інфлянты і распачалі аблогу Рыгі, што стала пачаткам Вялікай Паўночнай вайны.
1825 — камісія прыняла Менскі турэмны замак (Пішчалаўскі, «Валадарку»), з гэтага дня пачалася яго гісторыя.
1929 — падпісаньне Лятэранскай дамовы паміж Італіяй і Касьцёлам, у выніку чаго была ўтвораная дзяржава Ватыкан.
1942 — нацысты расстралялі больш за тысячу габрэяў у Бешанковічах.
1959 — у Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага цырку.
1979 — перамога ісламскай рэвалюцыі ў Іране. Пасьля трох дзён вулічных баёў з урадавымі войскамі прыхільнікі аяталы Хамэйні бяруць пад кантроль Тэгеран.
1989 — у Беластоку ўтварыўся Беларускі клюб, які даў пачатак беларускаму палітычнаму руху ў Польшчы.
1990 — пасьля 27-гадовага зьняволеньня на свабоду выйшаў Нэльсан Мандэла.
1999 — утвораная Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
2011 — перамога рэвалюцыі ў Эгіпце: прэзыдэнт Хосьні Мубарак падаў у адстаўку, перадаўшы ўладу Найвышэйшай радзе ўзброеных сілаў.
2015 — у Менску прайшла сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» (лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі) — міжнародная спроба разьвязаць канфлікт на Данбасе дыпляматычнымі сродкамі.
2021 — пачаўся Ўсебеларускі народны сход, на якім Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра правядзеньне напачатку 2022 году рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі.
2019 — у школе № 2 гораду Стоўпцы вучань 10-й клясы Вадзім М. учыніў падвойнае забойства — зарэзаў сваю настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня Сашу Раманава.
У гэты дзень нарадзіліся
1847 — Томас Элва Эдысан, амэрыканскі вынаходнік у галіне электрычнасьці.
1875 — Васіль Качалаў, славуты расейскі актор. Качалаў — гэта псэўданім. Паходзіў артыст зь беларускага роду, нарадзіўся ў Вільні, быў сынам праваслаўнага сьвятара, сапраўднае прозьвішча — Шверубовіч.
1877 — Антон Неканда-Трэпка, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог.
1935 — Мiкола Кусянкоў, пісьменьнік.
1949 — Тацяна Паплаўская, мовазнаўца.
У памяці
1650 - Рэнэ Дэкарт, французскі матэматык і філёзаф.
1952 — Андрэй Цікота, уніяцкі сьвятар, архімандрыт, ахвяра сталінізму (памёр у ГУЛАГу).
1979 — Мікола Гарошка, дзяяч эміграцыі, стваральнік і першы старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Адзін з заснавальнікаў Парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку (БАПЦ). Першы старшыня Фундацыі імя Крэчаўскага.