Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у ААН дэлегацыя Беларусі справаздачылася аб ліквідацыі ўсіх формаў жаночай дыскрымінацыі і што адбываецца ў рэальнасьці


Праваабаронца Наста Базар падчас слуханьняў у Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын.
Праваабаронца Наста Базар падчас слуханьняў у Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын.

6 лютага ў Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, які дзейнічае ў рамках Рады правоў чалавека ААН, беларуская дзяржаўная дэлегацыя выступіла са справаздачай аб выкананьні Рэспублікай Беларусь палажэньняў Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

На гэтую тэму Беларусь апошні раз справаздачылася 9 гадоў таму. Дзяржаўная справаздача ў тэкставым фармаце разьмешчаная на сайце Камітэту. Шостага лютага прайшлі таксама слуханьні па справаздачы. Узначальвала дэлегацыю амбасадарка, пастаянная прадстаўніца Беларусі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Ларыса Бельская. Разам зь іншымі ўдзельніцамі і ўдзельнікамі беларускай дэлегацыі спадарыня Бельская прадставіла даклад, пасьля чаго на працягу пяці гадзін адказвала на пытаньні камісіі.

За некалькі дзён да выступу беларускай дзяржаўнай дэлегацыі ў Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын было прадстаўлена пяць альтэрнатыўных справаздач ад грамадзянскай супольнасьці на гэтую тэму. Адну са справаздач падрыхтавала кааліцыя жаночых арганізацый, якія займаюцца дапамогай жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту. Гэтую кааліцыю ў Жэнэве прадстаўляла праваабаронца і фэміністка Наста Базар, якую праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала «Праваабаронцай 2024 году».

Паводле Насты Базар, сябры Камітэту ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын пагадзіліся з ключавымі высновамі і рэкамэндацыямі ценявога дакладу кааліцыі. Яны задалі беларускай дзяржаўнай дэлегацыі пытаньні на падставе фактаў, выкладзеных у альтэрнатыўнай справаздачы: пра ліквідацыю агульнанацыянальнай «гарачай лініі» для ахвяраў хатняга гвалту, пра павелічэньне тэрміну абароннага прадпісаньня, пра неабходнасьць большага ўдзелу дзяржавы пры завядзеньні крымінальных спраў за хатні гвалт, не чакаючы заявы ад пацярпелай, пра спэцыялізаваны закон супраць хатняга гвалту.

Паводле Насты Базар, якая прысутнічала на слуханьнях, адказы дзяржаўнай дэлегацыі прадэманстравалі супярэчлівасьць і непасьлядоўнасьць дзяржаўнай гендэрнай палітыкі, якая дэкляруе роўныя правы мужчын і жанчын, а па факце штурхае жанчыну вярнуцца ў традыцыйныя стасункі і зьмірыцца зь няроўнай аплатай працы, двайной нагрузкай дома і хатнім гвалтам.

Разам з Настай Базар мы параўналі тэзісы ўладаў і грамадзянскай супольнасьці, а таксама праваабаронца пракамэнтавалі адказы Ларысы Бельскай на пытаньні падчас слуханьняў.

«Традыцыйныя каштоўнасьці, жанчына-касманаўтка, няма рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці». Што прагучала ў афіцыйнай справаздачы

Сябры Камітэту ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын тройчы спыталі ў афіцыйнай прадстаўніцы Беларусі пры ААН пра сытуацыю з палітвязьнямі, у тым ліку палітзьняволенымі жанчынамі. Паводле Насты Базар, ніводнага разу ўцямнага адказу не прагучала.

Ларыса Бельская. Скрыншот з трансьляцыі
Ларыса Бельская. Скрыншот з трансьляцыі

У справаздачы Ларыса Бельская гаварыла пра тое, што ў Беларусі «жанчына-касманаўт зьдзейсьніла палёт»; у краіне «дзьве дзяржаўныя мовы, якія аднолькава даступныя і аднолькава зразумелыя для грамадзян Беларусі»; што паводле вынікаў праведзенага ўладамі дасьледаваньня пра дыскрымінацыю, толькі 0,1% апытаных адчуваюць дыскрымінацыю паводле прыкметы сэксуальнай арыентацыі.

Прадстаўнікі Камітэту ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын запыталі афіцыйную прадстаўніцу Беларусі пра ліквідацыю НДА-сэктару ў Беларусі, на што яна адказала, што ў Беларусі дзейнічае разьвітая сыстэма абароны, ёсьць нацыянальная камісія ў правах дзіцяці, у правах інвалідаў ды іншыя.

На пытаньне пра незалежную праваабарончую супольнасьць у Беларусі Бельская сказала, што «на наш погляд, няма вострай неабходнасьць у стварэньні незалежных праваабарончых таварыстваў».

Адказваючы на пытаньне сяброў Камітэту пра рэпрэсіі ўладаў супраць праваабарончых жаночых арганізацый, Бельская агучыла пазыцыю ўладаў наконт падзеяў 2020 году. Паводле яе, тады «была спроба зьдзяйсьненьня дзяржаўнага перавароту, сілавога захопу ўлады. У тых падзеях бралі ўдзел праваабарончыя арганізацыі. Цэлы шэраг або лідэры гэтых арганізацый панесьлі адказнасьць перад законам... Мы не разглядаем гэтыя працэсы як рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці».

На думку беларускай дэлегацыі, усе жаночыя і іншыя НДА можа замяніць Беларускі саюз жанчын, а прымусова зьліквідаваным НДА Бельская прапанавала вярнуцца ў краіну і прайсьці перарэгістрацыю пад «вядомым лягатыпам».

Праваабаронца Наста Базар у ААН у Жэнэве
Праваабаронца Наста Базар у ААН у Жэнэве

Праваабаронца Базар адзначае, што цяпер рэалізацыяй гендэрнай палітыкі разам зь дзяржавай займаюцца праваслаўныя арганізацыі, якія выступаюць за забарону абортаў і традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці.

Камэнтуючы сытуацыю з хатнім гвалтам у Беларусі, прадстаўніца ўладаў гаварыла пра тое, што «абароннае прадпісаньне прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць». Паводле праваабаронцы Насты Базар, дзейны тэрмін прадпісаньня (30 дзён) недастатковы, таму што большасьць сытуацый немагчыма вырашыць за такі тэрмін, а падоўжыць яго немагчыма.

Пастаянная прадстаўніца Беларусі пры ААН Ларыса Бельская ў справаздачы апісала сярэдні партрэт беларускі: 44 гады, вышэйшая адукацыя, працуе ў сфэры аховы здароўя ці адукацыі.

Замуж цяпер беларускі выходзяць у сярэднім у 27 гадоў і (па словах Бельскай) адразу становяцца маці.

Паводле Насты, «такі партрэт трансьлюе гендэрныя стэрэатыпы, папраўдзе парадыгма гендэрных роляў у грамадзтве паступова мяняецца».

Бельская гаварыла пра тое, што ў Беларусі працадаўца мусіць даваць дэкрэтны водпуск да 14 дзён бацьку.

Праваабаронца Базар зьвяртае ўвагу на тое, што гэта не абавязковы адпачынак, а той, які бацька можа запатрабаваць. Паводле яе, 14 дзён — гэта вельмі мала. Базар успамінае, як пасьля ўвядзеньня адпаведнага закону шмат мужчын пісалі ў Міністэрства працы лісты зь нязгодай, маўляў, чаму такое рашэньне прынялі за іх. Пры тым, што гэты дэкрэтны водпуск неабавязковы, падкрэсьлівае Базар.

Афіцыйная прадстаўніца Беларусі пры ААН у сваёй справаздачы сьцьвярджала, што ў сыстэму адукацыі ў Беларусі ўключана «сямейная і гендэрная адукацыя», у якой тлумачыцца «роля мужчын і жанчын». Паводле Бельскай, «традыцыйныя каштоўнасьці, трывалая сям’я зь дзецьмі — гэта частка нашай этнічнай гістарычнай традыцыі, і мы не павінны ад гэтага адыходзіць ва ўгоду таго, што ў іншай частцы сьвету роля жанчыны ў сямʼі разглядаецца інакш».

Фэміністка Наста Базар сумняваецца, ці будзе хаця б на адным уроку ў школе гучаць слова «гендэр».

Прадстаўнікі Камітэту ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын пацікавіліся таксама ў Бельскай пра спосабы абароны ад сэксуальных дамаганьняў, розьніцу ва ўзросьце выхаду на пэнсію, няроўную аплату працы мужчын і жанчын і прымусовую працу ў ЛПП.

Адказваючы на гэтыя пытаньні, афіцыйная прадстаўніца Беларусі сказала, што ў краіне «праца ацэньваецца заўсёды толькі паводле колькасных і якасных паказчыкаў працы, а не па тым, мужчына гэта ці жанчына», што «жанчыны ў сілу таго, што яны жанчыны, яны маці, больш карыстаюцца правам выбару працы і выбіраюць больш лёгкія ўмовы працы, часьцей карыстаюцца няпоўным рабочым часам, што ўплывае на аплату працы». Бельская падкрэсьліла, што «ў жанчыны ёсьць яшчэ адна функцыя — яна жанчына-маці, і тут прымяняюцца дадатковыя меры абароны».

Што да дамаганьняў на працы, то, паводле Бельскай, у Беларусі дзейнічаюць агульныя нормы: «жанчына можа зьвярнуцца ў прафсаюз ці ў суд і будуць прынятыя неадкладныя меры».

Што было ў альтэрнатыўных справаздачах грамадзянскай супольнасьці

Трэцяга лютага даклады арганізацый грамадзянскай супольнасьці аб становішчы жанчын у Беларусі, Люксэмбургу, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Нэпале былі разгледжаныя ў Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын. Наконт Беларусі было адзначана, што Канстытуцыя краіны «не забясьпечвае эфэктыўнай абароны ад дыскрымінацыі», а «правы жанчын на адукацыю і ахову здароўя абмежаваныя».

Адзначалася, што «доступ жанчын да правасудзьдзя падрываецца няспынным перасьледам жанчын-праваабаронцаў. Дзяржава сыстэматычна ліквідуе розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку многія, якія падтрымліваюць жанчын. Амаль 2000 недзяржаўных арганізацый былі вымушаныя ліквідавацца. Усе жаночыя арганізацыі, якія падрыхтавалі ценявыя даклады для Камітэту ў межах апошняга разгляду, былі зьліквідаваныя. У 2022 годзе ўрад прымусова ліквідаваў усе прафсаюзы. За кратамі застаюцца шэсьць актывістак прафсаюзаў».

Паводле зьвестак аўтарак і аўтараў ценявых справаздач, у Беларусі сама меней 139 жанчын зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі. Яны «ня маюць доступу да мэдыцынскага абслугоўваньня і пастаянна сутыкаюцца з жорсткім абыходжаньнем».

«Калі ў міліцыю паступалі заявы аб хатнім гвалце, яна правярала палітычную дзейнасьць ахвяры, а не аказвала ёй падтрымку. Ахвяр і агрэсараў запрашалі разам на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, што спрыяла беспакаранасьці», — адзначаецца ў дакладзе.

  • Альтэрнатыўныя справаздачы аб Беларусі былі пададзеныя ад Беларускага Хэльсынскага камітэту, праваабарончых арганізацый Human Constanta і «Наш дом», Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Кааліцыі супраць гендэрнага і хатняга гвалту.
  • Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын складаецца зь незалежных экспэртаў, якія ажыцьцяўляюць маніторынг выкананьня Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын. У склад камітэту ўваходзяць 23 экспэрты ў галіне правоў жанчын з розных краін.
  • 29 студзеня ў заяве незалежных экспэртаў у правах чалавека, якія дзейнічаюць у рамках СПЧ ААН, была выказаная «глыбокая занепакоенасьць адсутнасьцю эфэктыўных расьсьледаваньняў па заявах аб гендэрным гвалце і жорсткім абыходжаньні з жанчынамі ў месцах папярэдняга зьняволеньня і папраўчых калёніях Беларусі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG