Пра гэта гаворыцца ў краінавым разьдзеле «Сусьветнага дакладу — 2025», падрыхтаванага праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch (HRW), які цытуе «Позірк».
У дакумэнце канстатуецца, што міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі, а таксама спецдакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі «адзначалі сталае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў 2024 годзе». У сакавіку Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заявіла пра наяўнасьць «разумных падстаў меркаваць, што было зьдзейсьнена злачынства супраць чалавечнасьці ў форме перасьледу» грамадзян службовымі асобамі, адзначылі аўтары дакладу.
Летась, адзначана ў дакумэнце, у Беларусі працягнулася практыка прымяненьня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да палітычных зьняволеных. Зьвяртаецца ўвага, што многіх з 237 вызваленых уладамі зь ліпеня па сьнежань палітвязьняў «пагрозамі прымусілі напісаць прашэньні аб памілаваньні, якія прадугледжваюць прызнаньне віны».
У дакладзе прыводзіцца статыстыка беларускіх праваабарончых арганізацый па колькасьці палітвязьняў, паведамляецца пра абмежаваньне доступу вязьняў да перапіскі, тэлефанаваньняў, пасылак і спатканьняў з адвакатамі і сваякамі; утрыманьне іх у штрафных ізалятарах і памяшканьнях камэрнага тыпу; адвольнае прызначэньне строгага рэжыму ўтрыманьня.
«Дзясяткам палітычных зьняволеных у 2024 годзе былі выстаўленыя новыя надуманыя абвінавачаньні ў „злосным непадпарадкаваньні“ і іншых правапарушэньнях, якія прывялі да дадатковых тэрмінаў пазбаўленьня волі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Падкрэсьлена, што «адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі адмаўлялі палітычным зьняволеным у доступе да своечасовай і неабходнай мэдычнай дапамогі». На думку аўтараў дакладу, Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік і Вадзім Храсько памерлі «праз несвоечасова або няякасна аказаную мэдычную дапамогу».
«На момант складаньня гэтага дакладу беларускія праваабарончыя арганізацыі паведамлялі, што празь цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх месцах пазбаўленьня волі асаблівая рызыка пагражае здароўю больш як 224 палітычных зьняволеных», — заяўляе HRW.
Праваабаронцы нагадалі, што ў сакавіку Камітэт ААН па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын «запатрабаваў ад Беларусі зрабіць забесьпячальныя захады па абароне палітычнай зьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, чый стан здароўя значна пагоршыўся».
Адзначаецца, што «праваахоўныя органы рэгулярна пагрозамі прымушаюць асуджаных па палітычна матываваных справах публічна „каяцца“ ў сваіх „злачынствах“ на камэру і распаўсюджваюць такія відэа ў інтэрнэце» (апошнім часам сілавікі адышлі ад падобнай практыкі і пачалі публікаваць аўдыёзапісы. — Позірк).
Улады Беларусі, канстатуюць аўтары дакладу, «працягваюць перасьледаваць палітычных зьняволеных і пасьля іх выхаду на волю, ладзячы ім рэгулярныя праверкі і ўзбуджаючы ў дачыненьні да іх новыя крымінальныя справы».
У дакумэнце прыводзяцца факты рэпрэсій у дачыненьні да членаў сем’яў палітвязьняў і актывістаў, якія аказваюць ім падтрымку.
У 2024 годзе, паводле дакладу, беларускія ўлады працягнулі адвольна пазбаўляць свабоды праваабаронцаў і журналістаў за іх прафэсійную дзейнасьць: на момант складаньня дакумэнту за кратамі знаходзіліся 6 і 37 прадстаўнікоў гэтых груп адпаведна. Акрамя таго, ня менш за 6 адвакатаў на той момант адбывалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам ад 6 да 10 гадоў паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў.
У дакумэнце заяўлена, што летась улады «працягнулі адвольна блякаваць і прызнаваць „экстрэмісцкімі“ сайты і старонкі ў сацыяльных сетках незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый». Праваабаронцы нагадалі, што ў красавіку Апэратыўна-аналітычны цэнтар атрымаў права «выключаць прызнаныя „экстрэмісцкімі“ сайты з нацыянальнага рэестру дамэнных імёнаў (.by), што дэ-факта азначае спыненьне іх функцыянаваньня».
Праваабаронцы канстатавалі «шматлікія парушэньні міжнародных стандартаў свабодных і сумленных выбараў» на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў, якія адбыліся ў Беларусі 25 лютага 2024 году.
Адзначаюцца факты перасьледу прадстаўнікоў апазыцыі, у прыватнасьці кандыдатаў у члены і ўдзельнікаў Каардынацыйнай рады, а таксама завочнае асуджэньне «20 актывістаў, журналістаў і аналітыкаў за меркаваную сувязь зь лідэрам апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай».
Прыводзяцца факты палітычна матываваных рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў у выгнаньні; паведамляецца пра рэгулярныя праверкі тэлефонаў беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, затрыманьні такіх людзей «за падпіскі на прызнаныя „экстрэмісцкімі“ незалежныя СМІ, фатаграфіі з пратэстаў 2020 году або ахвяраваньні ў фонды, прызнаныя „экстрэмісцкімі“».
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на перасьлед беларусаў «за выказваньне падтрымкі Ўкраіне, перасылку ў незалежныя СМІ фатаграфій зь перамяшчэньнямі расейскіх войскаў або ахвяраваньні на карысьць палку імя Кастуся Каліноўскага — падразьдзяленьня, складзенага з грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны».
У частцы сьмяротнага пакараньня паведамляецца, што ў красавіку 2024 году Камітэт па правах чалавека ААН «прызнаў парушэньні правоў Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, пакараных у 2018 годзе, у тым ліку іх права на справядлівы судовы разбор і права на жыцьцё». Нагадваецца пра вынясеньне сьмяротных выракаў грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру (памілаваны, перададзены на радзіму) і прызнанаму вінаватым у забойстве малалетняга сына Аляксандру Таратуту.
У дакладзе адзначаецца, што
«мігранты, уключаючы дзяцей, як і на працягу апошніх гадоў, працягваюць трапляць у бязвыхаднае становішча на беларускім баку беларуска-польскай мяжы, дзе зазнаюць сур’ёзныя злоўжываньні з боку супрацоўнікаў беларускіх структур». «Праваабарончыя арганізацыі фіксавалі выпадкі сьмерці мігрантаў па абодва бакі мяжы», — гаворыцца ў дакумэнце.
У частцы дакладу, прысьвечанай прыцягненьню рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека, HRW нагадвае, што "ў верасьні Літва зьвярнулася да пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у сувязі з сытуацыяй у Беларусі, пасьля чаго той пачаў працэдуру папярэдняй экспэртызы сытуацыі«.«У тым жа месяцы праваабарончыя арганізацыі накіравалі пракурору МКС новы даклад, які абвінавачвае Беларусь ва ўдзеле ў прымусовым перамяшчэньні і індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей», — заяўляюць аўтары дакладу.
У гэтым жа кантэксьце адзначаецца, што
«ў красавіку Рада па правах чалавека ААН стварыла Групу незалежных экспэртаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі для правядзеньня расьсьледаваньня і падтрымкі дзейнасьці па прыцягненьні беларускіх уладаў, вінаватых у зьдзяйсьненьні міжнародных злачынстваў, да адказнасьці; той жа рэзалюцыяй Рада па правах чалавека падоўжыла мандат свайго спэцдакладчыка па Беларусі».
Форум