У рашэньні Камітэту адзначаецца, што дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрыманьня і жорсткае абыходжаньне парушалі правы заяўніц, піша «Позірк».
Пастаяннае назіраньне мужчын-ахоўнікаў, брак элемэнтарных сродкаў гігіены, мыла, туалетнай паперы і іншыя парушэньні кваліфікуюцца як жорсткае абыходжаньне, якое парушае прыватнае жыцьцё, годнасьць і правы заяўніц, «асуджаных на адміністрацыйны арышт тэрмінам ад 12 да 14 дзён пасьля удзелу ў масавых сходах».
Камітэт адзначыў, што абедзьве ахвяры трымалі ў дрэнных, антысанітарных і прыніжальных для годнасьці ўмовах у абодвух месцах пазбаўленьня волі.
«Іх асаблівыя патрэбнасьці як жанчын, уключаючы фізіялягічныя і мэдычныя, не былі прыняты да ўвагі і станавілі сабой дыскрымінацыю паводле прыкметы полу», — заявіў сябра Камітэту Эльгун Сафараў.
«Адсутнасьць пэўнай зоны, будынку ці камэры, прызначаных для належнага разьмяшчэньня жанчын-зьняволеных, і няздольнасьць дзяржавы-удзельніцы Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын [1979 году] забясьпечыць абарону іхнай годнасьці, недатыкальнасьць прыватнага жыцьця і фізычную і псыхалягічную бясьпеку ў гэтых установах становяць сабой парушэньне Беларусьсю сваіх абавязаньняў у Канвэнцыі», — дадаў экспэрт.
Камітэт нагадаў, што жанчыны ў зьняволеньні павінны знаходзіцца пад наглядам супрацоўніц-жанчын. Ён таксама падкрэсьліў, што ўтрыманьне жанчын ва ўстановах, якія не адпавядаюць іх асаблівым патрэбнасьцям, ёсьць дыскрымінацыяй.
Камітэт заклікаў Беларусь забясьпечыць поўнае пакрыцьцё стратаў, уключаючы адэкватнае кампэнсаваньне, дзьвюм ахвярам, а таксама доступ да належнай мэдычнай дапамогі для ўстараненьня нэгатыўнага ўзьдзеяньня на іх фізычнае і псыхічнае здароўе.