Пасол Украіны ў асаблівых даручэньнях па Беларусі Ігар Кізім мяркуе, што Ўкраіна можа выкарыстаць досьвед Польшчы і Літвы ў пытаньні легалізацыі грамадзян Беларусі, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпартоў.
«Беларусы — гэта найбольшая этнічная група ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. Як толькі яны падпісваюць кантракт з УСУ і далучаюцца да аднаго зь беларускіх фармаваньняў, у Беларусі іх аўтаматычна прызнаюць тэрарыстамі. А калі ў гэтых людзей заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпарта, зь якім яны ўехалі ва Ўкраіну, для яго прадаўжэньня трэба ісьці ў беларускае консульства. Яно тут не працуе, бо няма пасольства», — сказаў Ігар Кізім у інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ».
Пасол Украіны дадаў, што ўлады Беларусі забаранілі абмен пашпартоў за межамі краіны.
«То бок гэты чалавек, які цяпер з зброяй у руках абараняе нас ад расейскай агрэсіі, павінен ехаць у Беларусь, дзе ён аўтаматычна падпадае пад закон аб тэрарызьме і атрымлівае за гэта 15 гадоў. І мы нічога ня можам зрабіць, каб дапамагчы гэтаму чалавеку з пашпартам», — адзначыў дыплямат.
«Я лічу, што гэта наша ганьба. Я шмат кантактую зь беларускімі добраахвотнікамі, якія расказваюць мне пра гэтыя праблемы. Але чамусьці Мінабароны кідае іх у гэтай сытуацыі без дапамогі. У Польшчы, у Літве знаходзяць варыянты і на заканадаўчым узроўні ўхвальваюць парадак прадаўжэньня або прызнаньня дакумэнтаў. А ў нас даходзіць да таго, што калі, напрыклад, беларускі добраахвотнік хоча прыняць украінскае грамадзянства, ён павінен прынесьці даведку з амбасады Беларусі ва Ўкраіне, што стаіць на консульскім уліку. У маім разуменьні, калі людзі ваююць ва Ўзброеных сілах Украіны, наш маральны абавязак — дапамагчы ім вырашыць гэтае пытаньне», — падкрэсьліў Ігар Кізім.
Праблемы легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне існуюць яшчэ з 2014 году, калі да добраахвотніцкіх батальёнаў пад камандаваньнем украінцаў пачалі далучацца беларусы. Для іх не было ніякіх прывілеяў у працэсе атрыманьня ўкраінскага грамадзянства.
Украінскі парлямэнт з 2014 году ўдасканальвае гэтую працэдуру, але, нягледзячы на заявы пра яе спрашчэньне, на практыцы вельмі цяжка скарыстацца магчымасьцямі празь неадпаведнасьць некаторых тэрмінаў у шэрагу зьвязаных законаў, што прыводзіць да рознага трактаваньня нормаў, або праз адсутнасьць ведамасных прававых актаў, распрацаваных у працяг гэтых законаў.
Найперш гэта тычылася беларусаў, якія ваявалі спачатку ў складзе добраахвотніцкіх украінскіх батальёнаў, а цяпер — паводле кантрактаў у розных падразьдзелах Узброеных сіл ці Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
Форум