У загадзе Дональда Трампа гаворыцца, што суд у Гаазе (ICC) «удзельнічаў у нелегітымных і беспадстаўных дзеяньнях, накіраваных супраць Амэрыкі і нашага блізкага хаўрусьніка Ізраіля».
Ва ўказе, падпісаным Трампам 6 лютага, таксама напісана, што гэтыя дзеяньні «ствараюць небясьпечны прэцэдэнт, падвяргаючы прамой небясьпецы цяперашні і былы пэрсанал Злучаных Штатаў», у тым ліку вайскоўцаў ЗША.
Загад адносіцца да ордэру на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу ў сувязі зь ягонымі дзеяньнямі ў дачыненні да палестынцаў у Газе і нядаўнімі дзеяннямі суду, якія ставяць пад пагрозу вайскоўцаў ЗША.
Указ быў падпісаны пасьля таго, як Нэтаньягу наведаў Трампа ў Белым доме 4 лютага. У ім адзначаецца, што ні ЗША, ні Ізраіль не зьяўляюцца сябрамі суду.
Указ Трампа прадугледжвае санкцыі, у тым ліку забарону на ўезд у Злучаныя Штаты службовым асобам, супрацоўнікам і членам сям'і ICC і замарожваньне любых актываў, якія яны трымаюць у юрысдыкцыі ЗША. Санкцыі таксама распаўсюджваюцца на ўсіх, хто, як лічыцца, дапамагаў расьсьледаваньню.
21 лістапада ICC выдаў ордэры на арышт Нэтаньягу, былога міністра абароны Ізраіля Яава Галанта і вайсковага кіраўніка ХАМАС Мухамада Дэйфа, які, паводле Ізраіля, мёртвы. Ордэры выдалі за «злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, учыненыя прынамсі з 8 кастрычніка 2023 году да сама меней 20 траўня 2024 году».
ХАМАС, які прызнаны ЗША і Эўрапейскім зьвязам тэрарыстычнай арганізацыяй, 7 кастрычніка 2023 году напаў на Ізраіль, у выніку загінулі каля 1200 чалавек, у асноўным грамадзяне Ізраілю, і сотні іншых людзей узялі ў закладнікі. Наступны ізраільскі наступ, накіраваны на нэўтралізацыю ХАМАС, прывёў да гібелі дзясяткаў тысяч людзей, у асноўным у сэктары Газа.
Трамп у 2020 годзе падчас сваёй першай адміністрацыі ўвёў фінансавыя санкцыі і забарону на выдачу візаў у дачыненьні тагачаснага пракурора ICC Фату Бэнсуды і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў і супрацоўнікаў. Гэты крок быў зроблены пасьля таго, як Бэнсуда пачаў расьсьледаваньне абвінавачаньняў у ваенных злачынствах супраць амэрыканскіх салдат у Афганістане.
Аднак наступны амэрыканскі прэзыдэнт — Джо Байдэн — скасаваў санкцыі неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду ў 2021 годзе.
Галоўны пракурор МУС Карым Хан пазьней фактычна выключыў ЗША з расьсьледаваньня справы пра Афганістан.
Форум