Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джэймз Бонд — унутры краіны, зьмены адбудуцца ўнутры Беларусі». Як працуе адукацыйны праект «Нацыя лідэраў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адукацыйны праект «Нацыя лідэраў» быў створаны ў 2021 годзе. Свабода пагутарыла як з аўтарамі праекту, так і з выкладчыкамі пра тое, чаму ў цяжкія часы патрэбная адукацыя і чым адукацыя ў «Нацыі лідэраў» адрозьніваецца ад таго, як рыхтуюць чыноўнікаў у Беларусі.

«Зьмены не адбыліся, бо мы былі не гатовыя, ня ведалі, што такое дэмакратыя»


Стварылі адукацыйны хаб «Нацыя лідэраў» беларусы, якія прыйшлі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё ў 2020 годзе. Яны адчулі, што ім і вельмі многім людзям не стае ведаў пра тое, што такое палітыка, грамадзянскія правы ды шмат што яшчэ. Стваральнікі просяць не агучваць іхніх імёнаў дзеля бясьпекі, бо і частка іх саміх, і частка навучэнцаў знаходзяцца ў Беларусі.

Паводле стваральнікаў, за чатыры гады ў рамках праекту «было распрацавана 20 курсаў, праведзены 121 паток, празь які прайшлі больш за 6400 чалавек, прайшлі 200 майстар-клясаў і лекцый, а таксама распачатыя 6 клюбаў па інтарэсах.

Курсы распрацавалі практыкі і экспэрты: псыхолягі, прадпрымальнікі, журналісты, дасьледчыкі і выкладчыкі, такія як рэжысэр Андрэй Саўчанка, гендэрная экспэртка Ірына Сідорская, мэтадоляг Сьвятлана Мацкевіч, палітоляг Павал Вусаў, псыхоляг Васіль Пронь ды іншыя. Як расказаў Свабодзе палітоляг Павал Вусаў, у некаторых групах ягонага курсу «Публічная палітыка для пачаткоўцаў» у «Нацыі лідэраў» удзельнічалі каля сотні чалавек.

Постэр "Нацыі лідэраў"
Постэр "Нацыі лідэраў"

Пра тое, як паўстала ідэя праекту, Свабодзе расказала адна з стваральніц «Нацыі лідэраў» Тацяна (яе сапраўднае імя вядома рэдакцыі, але не называецца дзеля бясьпекі), якая цяпер жыве ў Польшчы.

— Пры канцы 2020 году і на пачатку 2021-га стала зразумела, што зьмены ў нашай краіне не адбыліся, таму што мы не гатовыя. І што найперш нам трэба зьмяняць свае падыходы і адукоўвацца, бо мы ня ведаем, што такое дэмакратыя. Мы ня ведаем, на што мы маем права, а на што ня маем. Таксама на пачатку 2021 году было шмат людзей, траўмаваных усімі гэтымі падзеямі. Пачаліся арышты, іх было вельмі шмат. Такая дэпрэсія пачалася, стала зразумела, што з вулічнай актыўнасьці ўжо нічога ня будзе, і паколькі будзе паўза, трэба займацца сваёй адукацыяй, зьмяняць нашы падыходы. І трэба адукоўвацца разам.

Рэжысэр Саўчанка: «Пасьля 2020 году я адчуваў вялікую дзірку ў сваёй грамадзкай адукацыі, не разумеў, на што магу абапірацца»

Аўтар курсу па публічных выступах і аратарскім майстэрстве ў «Нацыі лідэраў» — тэатральны рэжысэр, пэдагог, актор, дыктар, перакладчык Андрэй Саўчанка. Пасьля вымушаных уцёкаў зь Беларусі асноўная яго праца цяпер — у «Тутэйшым тэатры» ў Польшчы. Саўчанка называе «Нацыю лідэраў» ня толькі адукацыйным хабам ці праграмай, а хутчэй супольнасьцю.

Андрэй Саўчанка
Андрэй Саўчанка

— Калі яшчэ жыў у Менску, мне вельмі не хапала ведаў у галіне грамадзкіх правоў. Асабліва пасьля 2020 году я адчуваў вялікую дзірку ў сваёй грамадзкай адукацыі. Я не разумеў, на што магу абапірацца. Я пачаў шукаць. Мне трэба было знайсьці, на якіх законных падставах я магу патрабаваць свае правы, якія яны ў мяне ёсьць, якім чынам я магу імі карыстацца і якім чынам іх могуць парушаць. Пачаў шукаць. У некаторы момант блізкі мне чалавек даслаў спасылку: «Глядзі, беларусы робяць клясную рэч, табе гэта павінна спадабацца». Я паглядзеў. Там быў курс пра грамадзянскія правы. Я ўчапіўся ў гэты курс, пайшоў і, напэўна, быў самым старанным студэнтам, які як губка ўсмоктваў усё, што казалі, выконваў усе заданьні. І, што самае важнае, адразу ператвараў іх у практыку. Бо я ў той момант змагаўся з сыстэмай у выглядзе сельсавету Нясьвіскага раёну — адстойваў права дамоў ня быць парушанымі і права дарог да гэтых дамоў быць не парушанымі. Гэта быў курс «Нацыі лідэраў», які называецца «Правы грамадзяніна Беларусі», дзе навучаюць людзей, як можна гэтымі правамі карыстацца, як правы прапісаныя ў законе і якія канкрэтныя рэчы можна рабіць дзеля іх абароны.

Далей былі ўцёкі зь Беларусі, адаптацыя ў Польшчы, тэатральныя праекты. Аказалася, што адукацыйны праект стаў часткай жыцьця рэжысэра.

— Я адчуў, што супольнасьць людзей — выкладчыкі, адміністратары і навучэнцы — гэта рэсурс, гэта моц. Я адчуваў падчас навучаньня, што я не адзін. Мы пасябравалі і з навучэнцамі, і з выкладчыкам, тады ж узьнікла думка, што праграме спатрэбіцца і мой досьвед. А гэта ня толькі тэатральная рэжысура і акторства, але і праграмы па публічным выступе, аратарскае майстэрства. Асноўны кірунак — спрабаваць актывізаваць, напоўніць, умацаваць людзей, якія адчуваюць, што лідэрскія якасьці ім не чужыя, што яны хочуць рабіць самі, натхняць іншых людзей, рабіць зьмены, дабівацца справядлівасьці, граматнасьці, жывога руху і краіны, і грамадзянскай супольнасьці. Гэта ўсё адбывалася ў 2020 годзе.

Андрэй Саўчанка кажа, што людзі ў «Нацыі лідэраў» моцна зьнітаваныя зь Беларусьсю.

— Людзі, якая разумеюць, што гэтыя дзіры ў адукацыі трэба нейкім чынам выпраўляць. Гэтыя людзі зьнітаваныя зь бізнэсам і зь іншымі рознымі галінамі. Адукацыйны хаб — гэта такі сеткавы камунікатар. Ёсьць вялікая колькасьць носьбітаў ведаў і людзей, якія маюць патрэбу ў ведах. І гэты камунікатар зьбірае гэтыя веды зь іншых, акумулюе, нават аздабляе, канцэнтруе веды і далей адказвае на патрэбы людзей, якім гэтыя веды патрэбныя.

Пытаюся ў Саўчанкі, чым адукацыя ў «Нацыі лідэраў» адрозьніваецца ад таго, як рыхтуюць чыноўнікаў у Беларусі.

— Сыстэмная адукацыя ў Беларусі рухаецца па адной, зразумелай траекторыі. У гэтай сыстэме адукацыя накіраваная на абслугоўваньне. Я адчуваў гэта асабіста, працуючы выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

«Ёсьць вялікая надзея, што наша нацыя будзе задаваць трэнды разьвіцьця»

Стваральнікі адукацыйнага хабу «Нацыя лідэраў» кажуць, што будуюць кам’юніці вакол сябе з мэтай «навядзеньня мастоў» паміж тымі, хто зьехаў, і тымі, хто ў Беларусі. Паводле іх, адзін з самых цікавых курсаў праекту — гэта «Радавод». Сьпікеры вучаць аднаўляць генэалягічныя дрэвы і знаходзіць продкаў, і гэта цяпер адзін з самых папулярных і запатрабаваных курсаў — вельмі многія актыўна гэтай тэмай зацікавіліся ў апошнія гады.

У студзені-лютым 2025 году «Нацыя лідэраў» запускае патокі курсаў па псыхалягічнай устойлівасьці, мастацтве зносін, публічных выступах, усьвядомленым бацькоўстве, гендэрных пытаньнях, аднаўленьні сямейнай гісторыі і пераадоленьні выгараньня. Для навучэнцаў усе курсы бясплатныя. Яны адбываюцца ў некалькіх фарматах — можна проста праслухаць курс онлайн, а можна зрабіць гэта ў фармаце вэбінару з удзелам выкладчыка і навучэнцаў. Адна з стваральніц праекту Тацяна працягвае:

— Першапачаткова была ідэя, каб стварыць онлайн-плятформу, на якой будуць курсы, якія кожны сам можа праходзіць. Каб кожны сам вучыўся і з гэтымі ведамі рабіў што можа. Але паступова падчас дыскусіі, якая адбывалася, стала зразумела, што мала, каб кожны праходзіў сам. Трэба ўзаемадзейнічаць. І гэты адукацыйны працэс адбываецца тут і цяпер. Ёсьць экспэрт, разам зь якім мы ствараем веды разам, у працэсе. Першапачатковая ідэя трансфармавалася, і акрамя відэакурсаў, якія мы здымалі (больш за 20 курсаў стварылі), мы запусьцілі ў кожным курсе вэбінары і чаты, хатнія заданьні.

Пытаюся ў Тацяны пра геаграфію навучэнцаў. Яна адказвае асьцярожна — з улікам «экстрэмісцкага статусу». У 2024 годзе мэдыярэсурсы «Нацыі лідэраў» улады ўключылі ў пералік арганізацый, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».

— Напачатку нас было каля 80% зь Беларусі, але паступова гэтая лічба зьмяншаецца... Мы і надалей лічым, што Джэймз Бонд унутры краіны і зьмены адбудуцца ўнутры краіны. Гэта пункт зборкі, гэта зямля, і мы падыходзім усё шырэй да панятку беларускай грамадзянскай нацыі. Там, дзе я, там і ёсьць мая Беларусь. Там, дзе ўдвох сабраліся, гэта ўжо супэрсуполка. Беларусь там, дзе мы ёсьць, і там, дзе мы пра яе думаем і клапоцімся. Ідэя віртуальнай беларускай нацыі па-за межамі мне асабіста вельмі важная. Ёсьць вялікая надзея, што наша нацыя будзе задаваць трэнды разьвіцьця і ствараць прэцэдэнты, якіх не было. Нас гэта заводзіць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG