Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я павінна быць гуманітарыем, калі люблю тэхнічныя задачы?». Як праект Women in Tech дапамагае жанчынам увайсьці ў ІТ


Удзельніцы праекту Women in Tech
Удзельніцы праекту Women in Tech

Пагутарылі з мэнэджаркай Women in Tech Ганнай Самарскай пра вынікі першых 9 месяцаў працы праекту. Даведаліся, колькім жанчынам атрымалася дапамагчы, якія былі цяжкасьці, як праект змагаецца са стэрэатыпамі і дае новыя магчымасьці.

«Праект стаў аддушынай, дзе можна аднаўляць сацыяльныя сувязі»

Women in Tech — гэта вялікі інфраструктурны адукацыйны праект, які імкнецца дапамагчы беларускім жанчынам і дзяўчатам пабудаваць кар’еру ў ІТ, а таксама перайсьці на новы ўзровень кар’еры, пераадолець бар’еры. Праект распачаўся летась у верасьні.

«За гэты час у нас паўнавартасна прайшлі два патокі праграмы Login to Tech для тых жанчын і дзяўчат, якія хочуць пачынаць сваю кар’еру ў ІТ. І мы ўжо пасьпелі запусьціць трэці паток. Ажыятаж і колькасьць удзельніц перавысіла ўсе нашыя самыя дзёрзкія чаканьні. Мы думалі, што ў нас будзе каля 600 удзельніц, а цяпер у нас больш за 2600 заявак», — дзеліцца мэнэджарка праекту Ганна Самарская.

Ганна Самарская
Ганна Самарская

Women in Tech удалося правесьці яшчэ два патокі мэнтарскай праграмы для жанчын і дзяўчат, якія ўжо працуюць у ІТ, і ім дапамагаюць прафэсіяналы і прафэсіяналкі з гэтай сфэры ўдасканаліць сваю ІТ-кар’еру.

«У якасьці мэнтараў мы запрашаем як дзяўчат, так і хлопцаў, ІТ-прафэсіяналаў, якія працуюць у індустрыі больш за пяць гадоў і маюць рэсурс дзяліцца ведамі. У якасьці мэнці (тых, каго мэнтараць) запрашаем беларусак, якія ў ІТ працуюць ня менш за два гады і сутыкнуліся зь нейкімі складанасьцямі, напрыклад не разумеюць, як перайсьці на пазыцыю вышэй і гэтак далей».

Women in Tech займаецца публічнымі мерапрыемствамі і дыскусіямі. Агулам актыўная супольнасьць праекту цяпер складае каля 2000 чалавек — удзельніцы праграм, слухачкі, ІТ-прафэсіяналы, якія дапамагаюць ствараць гэтыя праграмы, і прадстаўнікі НДА.

Праект у першую чаргу арыентаваны на беларусак. Але праз эміграцыю і рэлякацыю палова жанчын удзельнічае не зь Беларусі, а зь іншых краін, сярод якіх Літва, Партугалія, ЗША, Турэччына, Польшча і іншыя.

«У сувязі з тым, што многія ўдзельніцы і ўдзельнікі-мэнтары знаходзяцца ў рэлякацыі або эміграцыі, я дакладна магу сёньня казаць, што наш праект вырашае такую нябачную сацыяльную задачу. З аднаго боку, гэта клясная прастора, каб аб’ядноўвацца, нешта рабіць разам, а з другога, гэты праект стаў аддушынай, дзе можна аднаўляць сацыяльныя сувязі. Бо тыя, хто рэлякаваліся, часта пакутуюць ад таго, што страцілі сваё кола зносінаў».

Калі праект распрацоўваўся, плянавался, што ён будзе ствараць моцныя сувязі з ІТ-кампаніямі, якія працуюць або працавалі ў Беларусі, маюць беларускія карані, кажа Ганна.

«І такія дамоўленасьці ў нас былі, але, на жаль, пасьля лютага 2022 году, калі пачалася вайна, многія беларускія ІТ-кампаніі зьмянілі свае піяр- і HR-стратэгіі і падкрэсьлена не супрацоўнічаюць з праектамі, накіраванымі на Беларусь. Гэта ня значыць, што яны дрэнна ставяцца да такога роду праектаў, проста іх стратэгія накіраваная цяпер на глябальны рынак. Гэта, вядома, вельмі сумна, бо такім чынам мы пазбавіліся магчымасьці непасрэдна кантактаваць зь вялікімі кампаніямі. Але ў нас у супольнасьці ёсьць прадстаўнікі гэтых кампаній».

Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech
Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech

Адпаведна гэтаму фактару перабудавалі і адукацыйную праграму.

«Мы думалі, будзе дастаткова лёгка юніёраў адпраўляць на стаж у вялікія кампаніі, але цяпер нам даводзіцца дапамагаць нашым удзельніцам крыху інакш. І шлях іх уваходжаньня ў ІТ цяпер таксама трохі іншы. Мы думалі, што будзем гэта рабіць разам з ІТ-кампаніямі, а аказалася, што мы гэта робім з ІТ-кам’юніці Беларусі».

«Жанчыны з багатым досьведам працы ў нейкіх пэўных індустрыях гатовыя і хочуць рэалізоўвацца ў ІТ»

Ганна Самарская заўважае, што адзін з бар’ераў уваходжаньня або працы ў ІТ у Беларусі і рэгіёне — эйджызм (дыскрымінацыя за ўзрост. — РС). Пры гэтым каля 10% удзельніц праграмаў Women in Tech — жанчыны ва ўзросьце ад 40 да 50 гадоў.

«То бок мы разумеем, што жанчыны з багатым досьведам працы ў нейкіх пэўных індустрыях гатовыя і хочуць рэалізоўвацца ў ІТ, і гэта цалкам нармальна. Калі мы раней прыходзілі і атрымлівалі мэдыцынскія паслугі дзесьці ў паліклініках, то сёньня вялікая колькасьць дыягностык праводзіцца онлайн, так званы мэдтэх. І калі ў праект, які займаецца распрацоўкай мэдыцынскіх паслуг онлайн, прыходзіць чалавек з досьведам працы ў полі, гэта вялікі патэнцыял супрацоўніцтва.

Ганна кажа, што каманда праекту размаўляла з HR-супрацоўнікамі ІТ-кампаній, падымала праблему эйджызму ў СМІ.

«Параўноўваючы глябальны досьвед зь лякальным беларускім, стала зразумела, што такія стэрэатыпы ёсьць бар’ерамі ў самой ІТ-індустрыі, якая не хацела б прымаць на працу людзей ва ўзросьце 40-50+. І нібыта прычына ў тым, што 20-гадовых прасцей навучыць, але, вядома ж, 20-гадовым можна менш плаціць, чым 40-гадовым, і гэтак далей. Я лічу, што гэта неправамоцна, і гэта адна з праблем, якія мы бачым у беларускім ІТ і зь якой мы таксама працуем».

«Важна даваць магчымасьць шырокай аўдыторыі пачуць дасьледчыкаў»

Women in Tech працуе з разбурэньнем стэрэатыпаў у некалькіх кірунках. Адзін зь іх — правядзеньне дасьледаваньняў, кажа Ганна. Сам праект рэалізуецца Цэнтрам гендарных дасьледаваньняў ЭГУ пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.

«Для нас вельмі важна даваць магчымасьць шырокай аўдыторыі пачуць дасьледчыкаў, бо яны часьцей за ўсё глядзяць на некалькі крокаў наперад і могуць бачыць, што будзе адбывацца. Дасьледчыкі могуць агульнаўзроўневую карцінку паказаць, як соцыюм беларускі, у прыватнасьці беларуская ІТ-індустрыя, уладкаваная, якім чынам у ёй рэалізуецца нераўнамернае разьмеркаваньне рэсурсаў і магчымасьцяў паміж мужчынамі і жанчынамі».

Мэнэджэрка праекту Women in Tech Ганна Самарская
Мэнэджэрка праекту Women in Tech Ганна Самарская

Унутры супольнасьці Women in Tech праводзіць мерапрыемствы, дзе дзеляцца досьведам, экспэртнасьцю.

«Для мяне асабіста заўсёды вельмі прыемна пачуць водгукі ад нашых удзельніц, напрыклад гэта былі экспэрткі, якія працуюць у ІТ больш за 10 гадоў, якія зь лёгкім падазрэньнем глядзелі ў бок і сацыялёгіі, і фэмінізму агулам (бо тут таксама ёсьць вялікая колькасьць стэрэатыпаў). Пасьля таго, як яны пагутарылі з дасьледчыцамі і прадстаўніцамі фэміністычнай супольнасьці, яны сказалі: „О, я ніколі ня думала, што гэта пра гэта. Дзякуй, што патлумачылі, паказалі, як насамрэч уладкавана наша ІТ“».

Мэнэджарка праекту дадае, што адзін са стэрэатыпаў, празь які жанчыны баяцца пачынаць кар’еру ў ІТ, ідзе з самага дзяцінства, калі казалі: хлопчыкі — тэхнары, а дзяўчаткі — гуманітарыі.

«Я бачу, што, праводзячы такія дасьледаваньні і расказваючы вынікі супольнасьці і мэдыя, мы прымушаем аўдыторыю задумацца, што дзяўчаты чулі падобныя выразы ў сваім жыцьці. Калі мы пачынаем гаварыць пра гэта ўголас, аказваецца, што ў многіх адгукаецца і шмат хто кажа: „Чаму я павінна быць гуманітарыем, калі я заўсёды любіла і люблю лічыць, будаваць і вырашаць тэхнічныя задачы?“ Мы працуем з разбурэньнем стэрэатыпаў і робім гэта ў некалькіх кірунках».

Існуе і іншы стэрэатып пра саму працу ў ІТ-індустрыі. Ганна кажа, што некаторыя жанчыны пасьля праграмы Login to Tech прымаюць рашэньне не працаваць у ІТ — і гэта таксама дасягненьне праекту.

«Вялікая колькасць жанчын выходзяць з праграмы і кажуць: „Ёсьць нейкі арэол вакол ІТ-сьвету, што гэта вельмі лёгка, пэрспэктыўна, вялікія магчымасьці. Але мы заскочылі да вас і зразумелі, што дакладна мы ня пойдзем працаваць у ІТ“. Я асабіста лічу, што гэта супэрвынік. Калі чалавек выдаткаваў толькі тры месяцы свайго жыцьця, каб зразумець, што не, ня хоча працаваць у ІТ, а хоча далей рэалізоўвацца ў той індустрыі, у якой яна працуе, ці знайсьці іншую, дзе яна рэалізуе свой творчы патэнцыял, гэта ж выдатна».

«Будзем разьбірацца, якім чынам можна было б унутры ІТ-кампаній прасоўваць жаночае лідэрства»

15-16 чэрвеня ў Вільні пройдзе канфэрэнцыя, прысьвечаная акурат пытаньням разбурэньня стэрэатыпаў, зьвязаных з гендарам, матэрыяльнай і нематэрыяльнай працай. Далучыцца можна як офлайн, так і онлайн. А ў канцы ліпеня правядуць летнюю школу «Прасоўваньне жаночага лідэрства ў ІТ».

«Мы плянуем там сабраць экспэртак у ІТ, HR-аў, СЕО, тых, хто працуе зь людзьмі, прадстаўнікоў НДА, якія працуюць з гендарнай і адукацыйнай тэмай. На працягу тыдня мы будзем разьбірацца, якім чынам можна было б унутры ІТ-кампаній прасоўваць жаночае лідэрства, як яно выяўляецца, як можна падтрымліваць гэты працэс. Мы прапануем камандзе падумаць, знайсьці гэтыя рашэньні і стварыць іх у фармаце дапаможніка ў прасоўваньні жаночага лідэрства для беларускіх ІТ-кампаній».

Таксама летам заплянаваны трэці паток мэнтарскай праграмы, набор на якую пачнецца ўжо на наступным тыдні. А ў верасьні адбудзецца канфэрэнцыя, на якой каманда Women in Tech падвядзе гадавыя вынікі праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG